“Wschód Polski” пра Беларусь

Прапануем чытачам “Гістарычнай праўды” аналіз таго, як аспекты гісторыі Беларусі разглядалі аўтары аднаго з уплывовых перыядычных выданняў міжваеннай Польшчы.
“Wschód Polski” пра Беларусь
istpravda.ru/bel
Пачатак XX стагоддзя адзначыўся лесавызначальнымі падзеямі ў жыцці шматлікіх  дзяржаў Усходняй Еўропы. Не абмінулі гэтыя працэсы і Польшчу, якая сумела вызваліцца з-пад расійскага “ярма” і абараніла сваю незалежнасць у кровапралітнай вайне з бальшавікамі. Кіруючыя колы ІІ Рэчы Паспалітай імкнуліся адцягнуць межы сваёй дзяржавы як мага далей на Усход. У выніку Рыжскай мірнай дамовы польска-бальшавіцкая мяжа прайшла пад Мінскам.

Такім чынам, у распараджэнні ІІ Рэчы Паспалітай аказаліся значныя тэрытарыяльныя, эканамічныя і людскія рэсурсы часткі былога Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі. Вельмі важным для маладой і яшчэ эканамічна слабой Польшчы было, як мага хутчэй уключыць зноўку атрыманыя тэрыторыі ў арбіту сваей эканомікі. У вялікай меры менавіта гэтым тлумачыцца цікавасць польскіх гісторыкаў і публіцыстаў да сацыяльна-эканамічнай гісторыі Заходняй Беларусі [1 – 33-35].

Адным з найбольш уплывовых выданняў Польшчы ў 1920-я гады быў часопіс «Wschód Polski». Палякам неабходна было ацаніць эканамічны стан беларускіх зямель і выпрацаваць стратэгію эканамічнага развіцця гэтага рэгіену. У дадзеным артыкуле будуць разгледзены  матэрыялы, якія былі надрукаваны ў часопісе з 1919 па 1924 гады.



Сям'я беларусаў, пачатак ХХ ст. 

Значным дасягненнем аўтараў гэтага перыядычнага выдання, было тое, што ў сваіх матэрыялах яны імкнуліся выкарыстоўваць значную колькасць статыстычных матэрыялаў. Так, у артыкуле Э. Малішэўскага “Ze statystyki Litwy i Białorusi” аўтарам  зроблены падрабязны аналіз нацыянальнага складу насельніцтва беларускіх тэрыторый з канца XVIII ст. да 1914 года [ 2 – 41-43]. Развіццё беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі і “краёвага” руху сярод дваранства даследчык звязваў з працэсамі «дэпаланізацыі» Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі, якія адбываліся пасля паўстанняў 1830-1831  і 1863-1864 гг. на тэрыторыі Беларусі. У прыведзенай аўтарам табліцы 3 (насельніцтва Літвы ў 1858 г.) зазначана, што  колькасць беларусаў і расіян у акрэслены перыяд складала 48,6%, а палякаў толькі 15,4% [2 – 44].

У табліцы 5  Э. Малішэўскі правеў аналіз колькасці польскага насельніцтва  ў Мінскай губерніі з 1800 па 1897 гг..  Калі ў 1800 годзе, колькасць палякаў складала 254,597 чалавек (30,3% ад усей колькасці насельніцтва), то ў 1875 годзе іх лічба зменьшылася да 155,501 чалавекі (11,8%), а ў 1897 г. да 64,617 чалавек (3% ад усей лічбы насельніцва Мінскай губерні) [2 – 45]. Аўтар адзначаў, што эканоміка, Беларусі насіла аграрны характар. У сферы вялікай зямельнай уласнасці  бясспрэчнымі лідэрамі да 70-х гадоў XIX ст. заставаліся палякі. Так, у Мінскай губерні ў 1864 г. яны валодалі 3 322 маенткамі з 3. 064 391 дзесяцінамі зямлі. У перадваенны перыяд (маецца на увазе перыяд перад Першай Сусветнай вайной), колькасць «польскіх»  зямельных уладанняў скарацілася, аднак сладала ўсе ў той жа Мінскай губерніі 1. 452 000 дзесяцін зямлі. Э. Малішэўскі адзначаў, што пасля паўстання 1863-1864 гг.  было канфіскавана 350 маёнткаў, якія належалі «польскім» уладальнікам і яшчэ 578 было прымусова прадана ў «расійскія» рукі.

Тэму ліквідацыі польскага зямельнага ўладання ў беларускіх землях працягваў у сваім артыкуле “Wysiedlenie szlachty na Litwie і Rusi” Х.  Масціцкі. Аўтар адзначаў, што працэс  высялення шляхты з беларуска-літоўскіх губерняў распачаўся адразу пасля уключэння гэтых тэрыторый у склад Расійскай імперыі. У часы Мікалая I некалькі разоў (1826, 1828, 1830 гг.) праводзілася сціслая рэвізія шляхецкіх спісаў.



Мапа Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі

Падчас паўстання 1863-1864 гг. справамі г.зв. «дэпаланізацыі» займаўся Віленскі генерал-губернатар М. Мураўёў. Пад  яго кіраўніцтвам у 1863 г. было ліквідавана шмат шляхецкіх фальваркаў у Гродзенскай губерніі, а іх жыхары былі высланы ў Сібір. У верасні і кастрычніку 1863 г. рускія войскі знішчылі шмат вёсак і шляхецкіх фальваркаў у Беластоцкім павеце, усе іх жыхары былі высланы ва ўнутраныя губерніі Расіі [3 – 51-55]. Па меркаванню  М. Мураўёва, фінансавыя страты на перасяленне павінны былі быць пакрыты за кошт кантрыбуцый узятых з прадстаўнікоў дваранства заходняга краю. Х. Масціцкі адзначаў, што за час двухлетняга панавання М. Мураўёва на гістарычнай Літве было выселена каля 800 сямей (4096 асоб) [3 – 56].

Шмат з надрукаваных у часопісе “Wschód Polski” артыкулаў было прысвечана аналізу пытанняў эканамічнага развіцця беларускіх зямель у адзначаны перыяд. Яскравым прыкладам з’яўляецца артыкул У. Студніцкага «Stan gospodarczy ziem wschodnich, jako wynik warunkow historycznych i bogactw naturalnych tych ziem». Аўтар адзначае, што з усіх частак І Рэчы Паспалітай, менавіта ўсходнія крэсы  былі самымі адсталымі ў эканамічным сэнсе. Яскравым прыкладам тут з’яўляецца адмена прыгону (у Галіцыі, сяляне атрымалі свабоду ў 1815 г. а ў Прусіі прыгон адмянілі ў перыяд з 1811 па 1822 гг.).  У. Студніцкі адзначаў, што адмена прыгону паспрыяла натуральнаму прыросту насельніцтва. Напрыклад, Мінскай губерніі за перыяд з 1858 па 1878  гг. колькасць насельніцтва павялічалася на 34% [ 4 -111].

Галоўнай высновай У. Студніцкага, з’яўлялася думка пра тое, што адмоўную ролю ў развіцці сельскай гаспадаркі рэгіёна адыгрывала расійская палітыка. Так, пасля адмены прыгону, цыркулярам М. Мураўёва было ўстаноўлена права сялян на сервітуты, што,  у сваю чаргу, было напраўлена на аслабленне эканамічнай моцы буйных землеўладальнікаў. З 1865 да 1905 г. “асобам польскага паходжання” было забаронена набываць зямельную маёмасць у Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі. Таксама, адной з галоўных перашкод на шляху развіцця капіталістычных пераўтварэнняў у эканоміцы гэтых тэрыторый, была адсутнасць іпатэкі (працэдура атрымання сельскагаспадарчага крэдыту была вельмі складанай) [4 – 116-117].



Беларусы, пачатак ХХ ст.

У іншым артыкуле “Kolonizacja i rozwoj gospodarczy  naszego Wschodu” У. Студніцкі аналізуе стан сельскагаспадарчай прамысловасці Беларусі на пачатку XX стагоддзя. Аўтар адзначае, што адной з галоўных праблем эканоміцы беларуска-літоўскіх губерняў было тое, што значная колькасць зямельных надзелаў  заставалася неапрацаванымі і не выкарыстоўваліся, як звычайнымі сялянамі, так і шляхцічамі. (Ад адмены прыгоннага права да 1887 г., калі расійскі ўрад  правеў перапіс зямельных надзелаў, колькасць неўжыванай зямлі не паменьшылася) [ 5 – 273-275]. Галоўным фактарам, які спрыяў развіццю капіталістычных пераўтварэнняў, па меркаванню  У. Студніцкага, была эканамічная актыўнасць дробнай шляхта беларускага і польскага паходжання.

Разгляд сітуацыі вакол сельскай гаспадаркі Беларусі ў другой палове XIX – пачатку XX ст. працягваў у сваім артыкуле «Wytyczne reformy agrarnej na Białej Rusi” З. Людкевіч. Так, аўтар зрабіў аналіз аграрнай структуры беларуска-літоўскіх губерняў, іх клімату і глеб.  Польскі даследчык адзначаў, што вялікая колькасць «ворнай» зямлі ў Беларусі  заставалася неапрацаванай. Што датычылася прадуктыўнасці гаспадаркі, то будучы сельскагаспадарчым краем, Беларусь у пачатку XX ст. вырабляла збожжа меньш, чым спажывала [6 – 47-49]. 

Галоўнай высновай аўтара, з’яўлялася тое, што капіталістычныя рэформы царскага ўраду мелі незавершаны характар, што, у сваю чаргу, аказала кепскі ўплыў на сельскую гаспадарку Беларусі [7 -78-79].

Да праблемы неапрацаванай зямлі вяртаўся ў сваім артыкуле  К. Кульвец. Даследчык зазначаў што шматлікія  гідра- і зямельныя рэсурсы Палесся не былі выкарыстаны царскім урадам, што ў сваю чаргу паспрыяла на  эканамічную дэградацыю гэтага рэгіёну [8 – 19-24].



Мінск. Гандлёвы банк

Польскі публіцыст С. Лоза разглядаў тэму транспартных сувязяў. У адной са сваіх публікацый гэты аўтар робіць падрабязны аналіз развіцця чыгуначнай сеткі ў заходніх губерніях Расійскай імперыі. С. Лоза адзначае, што Паўночна-Заходні край быў лепей забяспечаны чыгуначнымі шляхамі, чым тэрыторыя Каралеўства Польскага. Галоўнай высновай  аўтара было тое, што існаванне разгалінаванай чыгуначнай сеткі  значна спрыяла  развіццю эканамічных сувязяў заходніх  ускраін Расійскай Імперыі з  Еўропай. Чыгуначныя шляхі, якія пралягалі праз Беларусь спрыялі хуткаму тавараабмену і развіццю гандлю [9 – 53-69].  

Варта адзначыць, што аўтары часопісу «Wschód Polski» даволі падрабязна разглядалі розныя аспекты этнасацыяльнага і эканамічнага развіцця Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. Нягледзячы на некаторую палітызаванасць шэрагу публікацый, яны ўтрымліваюць цікавыя і малавядомыя факты па  эканамічнай гісторыю Беларусі.

Літаратура:

1. Kamieniecki W. Białoruś Wschodnia // Wschód Polski, № 6-7, 1920.

2. Maliszewski E. Ze statystyki Litwy i Białorusi // Wschód Polski, № 4 i 5, 1919.

3. Mościcki H. Wysiedlanie szlachty na  Litwie i Rusi przez rząd rosyjski // Wschód Polski, №1-3, 1921.

4. Studnicki W. Stan gospodarczy ziem wschodnich, jako wynik warunkow historycznych i bogactw  naturalnych tych ziem // Wschód Polski, №4-6, 1921.

5. Studnicki W. Kolonizacja i rozwój gospodarczy naszego wschodu // Wschód Polski, №6-7, 1924.

6. Ludkiewicz Z. Wytyczne reformy agrarnej na Białej Rusi // Wschód Polski, № 10, 1920

7. Ludkiewicz S. W sprawie reformy rolnej na polskiej Litwie i Białej Rusi // Wschód Polski, № 8-9,1922.

8. Kulwieć K. Polesie // Wschód Polski, №4, 1920.

9. Loza S. Drogi żelazne ziem wschodnich Rzeczypospolitej w dobie porozbiorowej // Wschód Polski, №3-4, 1921.

10. Bittner W. Polska wobec zagadnien gospodarczych na kresach wschodnich // Wschód Polski, №   4-5, 1921.
00:30 21/12/2017
Автор Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук
загружаются комментарии