Чэрвень 1941-га. Подзвіг падпалкоўніка

У Заслаўі ёсць вуліца імя Бялова, аднак наўрадці большасць сучасных заслаўчан (асабліва моладзі) ведае, чым праславіўся гэты чалавек. Акрамя гэтага, на ўзгаданай вуліцы ёсць будынак, звязаны з даваеннай савецка-польскай мяжой.
Чэрвень 1941-га. Подзвіг падпалкоўніка
istpravda.ru/bel
Мяжа, якая была побач

У 1920-1930-я гады ў памежным Заслаўі знаходзіўся штаб 15-га Заслаўскага памежнага атрада. На лініі мяжы, у вёсках Слабодка, Чыравічы, Глушаны, Меткава, Новае Поле і Вялікае Сяло знаходзіліся заставы, а ў Манулах і Радашковічах (Пятрышках) былі КПП. У самім Заслаўі, на чыгуначнай станцыі “Беларусь”, таксама знаходзіўся кантрольна-прапускны пункт, які ахоўваў стратэгічныя чыгуначныя шляхі.



Чыгуначны пераезд у Заслаўі. За ім бачна казарма 15-га Заслаўскага памежнага атрада



Чыгуначныя шляхі і былая памежная станцыя "Беларусь" у Заслаўі"

Акрамя гэтага, памежны пост быў у аддзяленні пошты на Паштовай вуліцы і вялікім будынку побач з рынкавай плошчай. 



Вуліца Паштовая ў Заслаўі. Тут было паштовае аддзяленне ў якім знаходзіўся пост сувязістаў-памежнікаў



Уніформа старэйшага палітрука 15-га Заслаўскага атрада памежных войскаў НКУС БССР

Зараз у апошняй з узгаданых пабудоў знаходзіцца Тэрапеўтычнае аддзяленне № 2, а да вайны яно выкарыстоўвалася савецкімі “зялёнымі фуражкамі”.



Будынак на вуліцы Бялова, якім да вайны карысталіся савецкія памежнікі



Унутры будынка



У жніўні 1940 года па загадзе Наркама ўнутраных спраў СССР асабовы склад 15-га атрада быў перададзены ў распараджэнне камандавання 16-га Дзяржынскага памежнага атрада. 







Мясцовы жыхар





У будынках казармаў Заслаўскага атрада з’явілася Міжакружная артылерыйска-зброевая майстэрня №88 памежных войскаў НКУС СССР, а ў будынку манеўранай групы 15-га атрада – вайскова-тэхнічныя склады №11 памежных войскаў НКУС СССР. 









На лініі былой савецка-польскай мяжы, якая ператварылася ў “зону загароды”, знаходзіліся памежныя заставы ў вёсках Манулы, Чыравічы, Глушаны, Меткава, Новае Поле, Вялікае Сяло. Пры гэтым Камендатура №1 знаходзілася ў Радашковічах. 

Вайна на старым кардоне

У сваіх успамінах былы начальнік 16-га памежатрада Аляксандр Аляксееў пісаў: “Хоць 16-ты памежны атрад стаяў на старой мяжы, на лініі зоны памежнай загароды Радашковічы – Заслаўе – Негарэлае – Цімкавічы – Чырвоная Слабада, хоць да новай мяжы было больш за 400 кіламетраў, вайна пачалася для нас таксама 22 чэрвеня. Стагнала і дыбілася зямля ад выбухаў авіябомбаў. [...] 



Ужо на наступны дзень пасля той “чорнай” нядзелі пачаліся сутычкі нашых памежнікаў з варожымі шныпарамі і дыверсантамі, якія былі пераапранутыя ў форму чырвонаармейцаў і камандзіраў Чырвонай Арміі, часамі ў міліцэйскую форму, якія ездзілі на матацыклах і легкавых машынах, былі добра ўзброеныя. 



А 24 і 25 чэрвеня баі з гітлераўцамі ішлі ва ўсю. Асабліва гераічна змагаліся жаўнеры заставы лейтынанта Трыгубава недалёка ад мястэчка Радашковічы. Немцы кінулі супраць заставы батальён пяхоты і роту танкаў. Памежнікі трымалі жорсткую абарону”. 




Але не меньш кровапралітныя баі адбываліся і ў Заслаўі, дзе абарону трымала 64-я стралковая дывізія Чырвонай Арміі. Так, 25 чэрвеня 1941 года ў горадзе Ізяслава з’явіліся дыверсанты, якія здзейснілі спробу захапіць аддзяленне пошты. Аднак узвод сувязі лейтынанта Несцерава аказаў супраціў нападаючым і абараніў стратэгічны аб’ект. 



26 чэрвеня 1941 года немцам удалося выбіць чырвонаармейцаў і памежнікаў з іх пазіцый на подступах да горада Ізяслава і заняць прадмесце і цэнтр. Камандзір 159-га стралковага палка Аляксей Іванавіч Бялоў прыняў рашэнне выбіць ворага з горада. Сіл не хапала і камандзір 64-й дывізіі накіраваў на дапамогу абаронцам Заслаўя батальён пяхоты. 

Подзвіг

Пяхота вермахта пачала канцэнтравацца ля Рынкавай плошчы. У гэты момант з крыкам “Ура” немцаў атакавалі чырвонаармейцы і памежнікі. Вораг вымушаны быў адступіць у бок касцёла і заняў там абарону. Здарылася сітуацыя, якая вельмі нагадвала тую, якая мела месца ў чэрвені 1941 года ў Берасцейскай крэпасці. Там немцы таксама ў атачэнні вымушаны былі абараняцца ў былым афіцэрскім клубе, які за польскім часам быў гарнізонным касцёлам. 





Касцёл у Заслаўі

Жаўнеры вермахта ўзмацніліся ля Касцёла нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі і занялі там кругавую абарону. Як вядома, гэта адна з пануючых вышынь у Заслаўі і выбіць ворага адтуль было вельмі цяжка. 



Памятаеце выраз: “Зараз не 1941-шы каб палкоўнікі жаўнераў у атаку вадзілі”. Дык вось у 41-м ад мужнасці і гераізма камандзіра асабліва залежыў лёс падраздзялення, якім ён камандаваў. Разумеючы гэта, а таксама тое, што калі не выбіць немцаў з касцёла, то іх кулямёты выкасяць савецкую пяхоту, падпалкоўнік Бялоў прыняў рашэнне падняць чырвонаармейцаў у атаку. З крыкам “Ура” яны ўварваліся на касцёльны двор і ў штыкавой атацы знішчылі ворага. Аднак у тым баі Аляксей Бялоў быў забіты. 

Памяць

Апошняя лінія савецкай абароны ў Заслаўі праходзіла па старых гарадскіх могілках. Там і па сёння ёсць надмагіллі, на якіх бачныя сляды баёў чэрвеня 1941-га. Пазней чырвонаармейцаў і памежнікаў, якія загінулі пры абароне горада Ізяслава, пахавалі на тых жа могілках. Сярод іншых там спачывае і прах падпалкоўніка Бялова. 



Адзін з помнікаў на старых заслаўскіх могілках, пабіты кулямі ў чэрвені 1941 года



Вуліца Бялова ў Заслаўі

Пасля вайны адна з вуліц Заслаўя атрымала імя мужнага афіцэра, а на будынку, які да вайны выкарыстоўвалі памежнікі, прымацавана памятная шыльда ў гонар героя баёў 1941 года.



Шыльда ў гонар Аляксея Бялова. Дарэчы на беларускай мове



Брацкая магіла чырвонаармейцаў і памежнікаў, якія загінулі ў чэрвені 1941 года пры абароне Заслаўя



Тут, сярод іншых пахаваны і падпалкоўнік Аляксей Бялоў



Дарэчы, падчас нацысцкай акупацыі горада ў былым савецкім штабным будынку была нямецкая вайсковая камендатура. У 1990-я гады цікавы даваенны архітэктурны артэфакт “засвяціўся” ў кіно. У 1995 годзе у сённяшнім Тэрапеўтычным аддзяленні № 2 Мікалай Яроменка-малодшы здымаў некаторыя сцэны свайго фільма “Сын за бацьку”. 
Ігар Мельнікаў, “Гістарычная праўда” 
21:41 07/05/2018
загружаются комментарии