“Канец” БНР. Як бальшавікі знішчылі бацькоў-заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасці

Напярэдадні святкавання 100-годдзя БНР у Беларусі пачала распаўсюджвацца думка пра тое, што ў 1925 годзе дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі быццам бы добраахвотна склалі свае паўнамоцтвы на карысць БССР і з радасцю вярнуліся на Радзіму. Аднак аналіз архіўных дакументаў дае падставу казаць пра тое, што “ліквідацыя” БНР была старанна спланаванай аперацыяй бальшавікоў, а большасць прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, якія паверылі ў тое, што савецкі Менск стане падмуркам беларуска дзяржаўнасці, чакаў жудасны лёс.
“Канец” БНР. Як бальшавікі знішчылі бацькоў-заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасці
istpravda.ru/bel
Вывесці з гульні палітычных апанентаў

У сакавіку 1921 года закончылася кровапралітная польска-бальшавіцкая вайна, у выніку якой Беларусь была падзелена паміж Савецкай Расіяй і Другой Рэччу Паспалітай. Не гледзячы на тое, што большасць “буржуазных” суседзяў махнулі рукой на лёс БНР, беларуская палітычная эміграцыя, яшчэ верыла ў магчымасць стварэння не савецкай беларускай дзяржавы. 

На змяненне гэтай канцэпцыі не паўплывала нават “амністыя” 1923 года, калі бальшавікі дазволілі вярнуцца ў савецкую Беларусь тым, хто не змагаўся супраць іх са зброяй у руках.  Беларускія палітыкі за мяжой працягвалі актыўна кантактаваць з урадамі краін Балтыі, Польшчы, удзельнічалі ў сустрэчах з прадстаўнікамі Лігі Нацый.



Агітацыйны малюнак з газеты "Савецкая Беларусь", 1930-я гады

Усё гэта непакоіла ўладу Саветаў. У рэшце рэшт, было вырашана згуляць на супярэчнасцях, якія існавалі паміж лідарамі БНР. Яшчэ ў студзені 1925 года на нарадзе Бюро ЦК кампартыі Беларусі было прынята рашэнне аб “ліквідацыі “беларускага народнага ўраду”. Адказваў за рэалізацыю гэтага плану малады бальшавік Аляксандр Ульянаў (тады яму было ўсяго 24 гады – І.М.). У красавіку таго ж года кіраўніцтва БССР прыняло рашэнне накіраваць аднафамільца правадыра сусветнай рэвалюцыі на адказную працу у Польшчу. 

У пастанове аб гэтым, у прыватнасці, адзначалася: “Паскорыць адпраўку па справах Беларусі, наладзіўшчы ад яго атрымку падрабязнай інфармацыі аб настроях і перспектывах сярод палітычных груповак у Заходняй Беларусі, выявіўшы і праверыўшы па гэтых дадзеных ступень спачування асобных груп і асоб да нашай палітыкі. Дамагчыся прысваення т. Ульянаву праў не аташэ, а праў дарадцы. 



"Вялікі правакатар" Аляксандр Ульянаў

З прычыны неабходнасці зрабіць пралом у сцяне, якой Польшча стараецца абмежаваць Заходнюю Беларусь ад БССР, лічыць неабходным аказваць садзейнічанне жывому абмену думак паміж навуковымі і грамадскімі арганізацыямі БССР і Заходняй Беларусі, дапускаючы як прыезд з Польшчы прадстаўнікоў у БССР, так і паездкі ад нас у Польшчу, пры гэтым пытанні, звязаныя з дадзенымі перспектывамі і рэалізацыя іх строга каардынаваць ва ўсіх дэталях з Народным камісарыятам замежных спраў. [...] Даручыць т. Ульянаву выявіць значэнне і сілу ўплыву праваслаўнага духавенства ў Заходняй Беларусі і магчымасць выкарыстання гэтага плыву на нашую карысць”. 

З 1924 года бальшавікі адмовіліся ад так званай “актыўнай выведкі” на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая праяўлялася ў партызанскай дзейнасці падрыхтаваных і добраўзброеных бальшавіцкіх дыверсантаў і перайшлі да іншых метадаў барацьбы супраць “варожага капіталістычнага атачэння”. 

Знаходзячыся на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай, Аляксандр Ульянаў актыўна ўключыўся ў “вывучэнне” беларускай палітэміграцыі. Малады бальшавіцкі чыноўнік, які знаходзіўся ў прамым кантакце з ДПУ БССР, пачаў “рыхтаваць” членаў ураду БНР у эміграцыі да гучнай акцыі, звязанай з прызнаннем бальшавіцкага Менску, як галоўнага цэнтра кансалідацыі беларусаў. 



Аляксандр Цвікевіч. Здымак са следчай справы НКУС

“З мэтай вяртання да дому у БССР я пачаў перамовы з савецкім прадстаўніком ужо ў 1924 годзе, калі паўпрадам быў т. Лоранц. Больш рэальна гэтыя перамовы пачаліся пасля прыезда ў Коўна летам 1925 года т. А. Ульянава і прызначэння новага паўпрада, здаецца, Кажэўнікава. Тады ж было вырашана склікаць Берлінскую канферэнцыю для ліквідацыі БНР. На неабходнасці фармальнай, поўнай ліквідацыі ўраду БНР настойваў я, а таксама, наколькі памятаю, - таварыш Ульянаў”, - адзначаў ў паказаннях, дадзеных у ліпені 1930 года на допыце ў ДПУ, былы прэм’ер-міністр БНР Аляксандр Цвікевіч. 

Дарэчы за некалькі гадоў да пераезду ў Менск гэты чалавек так характарызаваў БССР: “Сёньня, 25 сакавіка 1922 г., перад намі ляжыць яшчэ адна нераскрытая страніца. Загаловак яе: “Савецкая Беларусь”. Гісторыю стварэння гэтай храміны мы добра ведаем. Створана яна чужымі, не беларускімі рукамі, і таму на ей ляжыць спэцыфічная пячатка штучнасці, няшчырасці і фарысейства. Прымірыць яе з усім папярэднім беларускім рухам, думаць, што ёй заканчваюцца імкненні нашага рэнесансу — па меншай меры наіўнасць. Створана яна не беларускімі рукамі і менш за ўсё служыць інтэрасам беларускага народу. У аснове сваёй невыразная храміна “Савецкай Беларусі” абапіраецца на той самы грунт, на якім стаяла земска-гарадзкая група. У аснове яе ляжыць усё тая ж беларуска-расійская федэрацыя, якая ставіла мэту ўсіх расійска-эсэраўскіх груп на Беларусі. [...] 



Пашпарт грамадзяніна Беларускай Народнай Рэспублікі

Пакідаючы ў баку далейшыя разважанні аб сучаснай істоце гэтай храміны, мы хочам зазначыць у адносінах да яе толькі два палажэння. Першае, што жывіцельны акт 25 сакавіка з’явіўся адным з галоўнейшых фактараў з’яўлення на свет гэтай храміны, і другое, што гэтая храміна раней ці пазней, але ўступіць свае месца жывому жыццю. [...] Шлях, які быў адкрыты ў жыцці Беларусі 25 сакавіка 1918 году, ёсць адзіны шлях, які магчымы”. 

Пазней, праўда, прэм’ер стаў больш лаяльна ставіцца да “чырвонага” Менску. Гэта адчуў Ульянаў і вырашыў “працаваць” у дадзеным накірунку. У жніўні 1925 года ЦК КП(б)Б прыняла пастанову, у якой, у прыватнасці, адзначалася: 

1. Прызнаць мэтазгодным скліканне групай Цвікевіча ў Берліне беларускай канферэнцыі пры 7-мі абавязковых ўмовах: 

а. Папярэдняе прызнанне Менска, як адзінага культурнага і палітычнага цэнтра, на які павінен арыентавацца беларускі рух Польшчы, Літвы і Латвіі. Унесці ў дэкларацыю гэтае прызнанне. Барацьба супраць спроб замежных дзяржаў узяць беларускі рух у свае рукі; 

б. Адмова ад арыентацыі на Лігу Нацый; 

в. Папярэдняя, да канферэнцыі, перадача паўнамоцтваў БНР Ураду БССР у форме дэкларацыі, у крайнім выпадку з умовай апублікаваць яе тады, калі гэта не перашкодзіць скліканню канферэнцыі (улічваючы небяспеку высылак і г.д.); 

г. Падтрымка сусветнага з’езда беларусістаў у Менску, недапушчэнне якога бы тое не было супрацьпастаўлення яму Берлінскай канферэнцыі; 

д. Прызнанне мэтазгодным стварэнне новага цэнтра беларускага руху за мяжой, у крайнім выпадку згода на стварэнне цэнтра на тэрыторыі БССР з савецкай арыентацыяй; 

е. Згода гэтай групы дзейнічаць у поўным кантакце з Працоўна-сялянскай грамадой пры польскім сейме;

ж. Адмова ад канферэнцыі групы Цвікевіча, калі большасць канферэнцыі не прыме ўмовы, пералічаныя у пунктах “а-д”.

2. Пры прыняцці ўмоў фінансаваць групу Цвікевіча.”. 



Публікацыя дакументаў, звязаных з "ліквідацыяй Ураду БНР" у газеце "Савецкая Беларусь"

У выніку, Берлінская канферэнцыя адбылася 12-16 кастрычніка 1925 года. Аднак 10 кастрычніка 1925 года кіраўнік Рады БНР Пятро Крэчэўскі прыняў адстаўку прадстаўнікоў беларускага эмігранцкага ўраду Захаркі, Пракулевіча і Зайца, таму ў Берліне гэтыя палітыкі прадстаўлялі саміх сябе, а не Беларускую Народную Рэспубліку. 

“Берлінская канферэнцыя была склікана восенню 1925 года. На ёй былі я, Заяц (былы дзяржаўны кантралёр БНР – І.М.), Галавінскі (былы прадстаўнік Ураду БНР у Кіеве – І.М.), Пракулевіч (адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну, дзяржаўны сакратар ва Урадзе БНР), Захарка (намеснік старшыні Рады БНР Пятра Крэчэўскага), Мамонька (член урада БНР, адзін са стваральнікаў партыі беларускіх эсэраў), Езавітаў (былы народны сакратар вайсковых спраў у першым Урадзе БНР), дэлегат з Рыгі, Вяршынін (з 1918 г. консул БНР у Чэхаславакіі) і прадстаўнік студэнцтва ў Празе, Бароўскі (амбасадар БНР у Германіі) з Берліна. У Берлін у сувязі з гэтым выязжалі таварышы Славінскі (прадстаўнік КПЗБ пры ЦК КП(б)Б і Ігнатоўскі (наркам асветы БССР). Але яны прыехалі раней і з’ехалі назад. З Вільні не было нікога. Ад беларускіх паслоў у Варшаўскім сейме таксама ніхто не прыехаў”, - адзначаў у пратаколе допыту, складзеным у ліпені 1930 года ў ДПУ, Аляксандр Цвікевіч. 

На канферэнцыі, якую арганізавалі бальшавікі, была прынята рэзалюцыя ў падтрымку савецкай Беларусі, як адзінага цэнтра “беларускай справы”. Варта адзначыць, што на гэтае рашэнне ўплывала не толькі “праца” Ульянава, але і аб’ектыўныя фактары. На момант склікання берлінскай нарады на тэрыторыі  БССР буйна квітнеў НЭП, эканоміка развівалася, жыхары рэспублікі ўпершыню за доўгі час ваенных выпрабаванняў пачалі атрымліваць асалоду ад мірнага жыцця. Да таго ж у сакавіку 1924 года Масква дала дазвол на перадачу ў межы савецкай Беларусі часткі тэрыторыі РСФСР. У выніку першага ўзбуйнення БССР тэрыторыя рэспублікі павялічылася да 110 584 км², а насельніцтва — да 4,2 млн чалавек. Нарэшце, у Беларусі адбываўся працэс беларусізацыі, што выклікала ў тых, хто стаяў ля пачаткаў БНР, надзею на рэалізацыю беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ў рамках бальшавіцкай сістэмы. 



"Савецкая Беларусь" пра "ліквідацыю Ураду БНР"

Праз месяц пасля Берлінскай канферэнцыі ў газеце “Савецкая Беларусь” быў надрукаваны пратакол паседжання Рады Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі ад 15 кастрычніка 1925 года, а таксама пастанова да яго. Працытуем апошнюю частку дакумента: “У свядомасці таго, што ўлада сялян і працоўных, замацаваная ў Менску – сталіцы савецкай Беларусі, сапраўды імкнецца адрадзіць Беларускі народ культурна, эканамічна і дзяржаўна, што савецкая Беларусь ёсць адзіная рэальная сіла, якая можа вызваліць Заходнюю Беларусь ад польскага іга, у поўным паразуменні з краёвымі арганізацыямі пастанавілі: спыніць існаванне Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі і прызнаць Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі”. 

Трэба разумець, што фармальна рашэнне прымалі людзі, якія падалі ў адстаўку. Кіраўнік Рады БНР Пятро Крэчэўскі, які знаходзіўся ў Празе, берлінскую “пастанову” не прызнаў. У яго працягвала захоўвацца дзяржаўная пячатка і архіў. Аднак бальшавікоў гэта мала цікавіла. Гучная “ліквідацыя Ураду БНР” адбылася і поспех трэба было замацаваць. 


Беларуская рэклама ўзору 1930-х гадоў

22 кастрычніка 1925 года у Менску была прынята пастанова ЦК КП(б)Б у якой, сярод іншага, адзначалася: 

“1. т. Ульянаў цалкам выканаў дырэктывы Бюро ЦК КП(б)Б у справе правядзення канферэнцыі. 

2. Прыняць да ведама паведамленне т. Ульянава аб тым, што ў сувязі з забаронай Галавінскаму ўезда ў Літву часова на чале Беларускага нацыянальнага камітэта ў Коўна пакінуты Якавюк, Гузней і Вальковіч. [...]

3. Прызнаць мэтазгодным апублікаванне рэзалюцый, прынятых на канферэнцыі ў Берліне, як у нашай (вышэй працытаваная публікацыя з “Савецкай Беларусі” дэманструе, што заданне было выканана – І.М.), так і ў замежнай прэсе.

4. Прызнаць мэтазгодным даць інфармацыю аб Берлінскай канферэнцыі і яе рэзалюцыях з адпаведным асвятленнем ў выступах таварышаў Адамовіча і Чарвякова на паседжаннях Віцебскага горсавета.

5. Дазволіць уезд у БССР Галавінскаму, Цвікевічу, Пракулевічу і Зайцу. Аказаць падтрымку Галавінскаму і Цвікевічу па 400 долараў. 

6. Даручыць т. Ульянаву усе рашэнні узгадніць з Народным Камісарыятам Знешніх Спраў”. 

Як бачым, дабіцца “папяровай капітуляцыі” дзеячаў БНР для бальшавікоў было мала. Менск даў зразумець эмігрантам, што ён не “злуецца” і гатовы прыняць былых “палітворагаў” у сябе. Беларускіх палітыкаў і інтэлігенцыю адмыслова заваблівалі ў пастку і тым самым рыхтаваліся “знішчыць усіх і адразу”. Былы прэм’ер-міністр БНР Аляксандр Цвікевіч прыехаў з сям’ей у Менск у лістападзе 1925 года. Ён працаваў на розных пасадах: быў кансультантам у Народным камісарыяце фінансаў БССР, пазней сакратаром у Інбелкульце, супрацоўнічаў з Чырвоным Крыжом, выконваў абавязкі навуковага спецыяліста ў Акадэміі Навук БССР. 



Менск, вул. Савецкая, 1930-я гады

Варта адзначыць, што супраць “ліквідацыі Ураду БНР” выступаў іншы прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі, бацька беларускай гістарыяграфіі, Вацлаў Ластоўскі. “Пытанне аб ліквідацыі БНР з’явілася ў Віленскай групе пасля стварэння Беларускага пасольскага клуба ў польскім сейме. На паседжанні ля Данцыга ў Аліве, дзе прысутнічаў я, Цвікевіч, Тарашкевіч, Ярэміч, Станкевіч і іншыя, была прадстаўлена прапанова аб ліквідацыі Ураду БНР. Я выступаў супраць ліквідацыі, таму, што мне здавалася, што з ліквідацыяй Ураду БНР не будзе за мяжой голаса на карысць беларускага нацыянальнага руху. Ініцыятарам вяртання ў БССР быў А. Цвікевіч. І яго падтрымалі грамадоўцы. [...] Тарашкевіч казаў, што рана, ці позна мы ўсе павінны апынуцца у Менску і калі я хачу паехаць, то ён мне можа дапамагчы”, - адзначаў Вацлаў Ластоўскі ў ліпені 1930 года падчас допыту ў ДПУ. 



Вацлаў Ластоўскі

У 1926 годзе Вацлаў Юстынавіч наведаў навуковую канферэнцыю ў Менску дзе старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў прапанаваў яму пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў савецкую Беларусь і праз год гісторык гэта зрабіў. У БССР Ластоўскі працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі ў Інбелкульце. У 1928 годзе ён стаў акадэмікам Акадэміі Навук БССР. Падчас адной з этнаграфічных экспедыцый Ластоўскі знайшоў…Крыж Ефрасінні Полацкай. 



Старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў



Ліст В. Ластоўскага да У. Ігнатоўскага

Разам з лідарамі Ураду БНР на Радзіму вярнулася шмат беларускіх эмігранцкіх палітыкаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Усе яны паверылі бальшавікам, за што ўжо вельмі хутка дорага заплацілі. 

На прыцэле беларуская інтэлігенцыя

Узгаданы вышэй дыпламат-чэкіст Аляксандр Ульянаў займаўся не толькі “БНРаўскай тэматыкай”. Падчас працы ў Польшчы ён актыўна садзейнічаў стварэнню Беларускай сялянска-працоўнай грамады. Пры гэтым ён адсочваў непажаданыя для бальшавікоў антысавецкія кадры і настроі і накіроўваў дзейнасць грамадоўцаў і іншых “левых” у патрэбным для Масквы накірунку. 

Аднак у 1928 годзе “на версе” прынялі рашэнне вярнуць Ульянава на Радзіму. “На мяне легла задача інфармаваць ЦК аб настроях так званай “беларускай інтэлігенцыі”. Па гэтай працы, як і па ўсёй маёй працы, я быў цесна звязаны з Пілярам (кіраўнік ДПУ БССР у 1925-1929 гадах – І.М.). Усе мае сустрэчы і ўсе мае размовы і назіранні сярод гэтай публікі паведамляліся яму і ў ЦК. З Пілярам мы часта абмяркоўвалі мае ўражанні і давалі ім адпаведную адзнаку. Уся гэтая публіка да майго прыезду знешне дзялілася на асобныя групы. 



"Minsk". Улётка для замежных турыстаў, якія наведвалі БССР. Канец 1930-х гадоў

Былі старыя махрыстыя нацыяналісты тыпу Лёсіка [...], былі, і як зараз бачна, па-майстэрску замаскаваныя пад адданых савецкіх работнікаў людзі, якім усе давяралі – Гарэцкі, Некрашэвіч, якія ўваходзілі ў ЦВК і паўсюль падкрэслівалі не толькі сваю лаяльнасць, але і сваю поўную салідарнасць з лініяй партыі. [...] 



Рэклама аднаго з выданняў, якое выходзіла ў БССР

БНРаўцы стаялі адасоблена ад усёй гэтай публікі. Яны напісалі такую кучу прасавецкіх, ура-патрыятычных заяў і пакаянняў, што да іх адкрыта выказвалася нелюбоў з боку махровых нацыяналістаў, якія казалі пра іх “прадажнасць” і г.д. Вагі яны не мелі і цікавілі нас толькі як матэрыял для знешніх выступаў, артыкулаў антыпольскага характара і г.д. Акрамя гэтага, усе яны пайшлі працаваць у савецкія ўстановы на тэхнічную працу і не круціліся вакол Інбелкульту, дзе была ўся гэтая публіка. Адзін А. Цвікевіч спрабаваў граць ролю “палітыка”, але гэта ў яго не атрымалася  ”, - адзначаў у адной са справаздач Ульянаў.   

У 1928-1931 гадах былы паўпрад у Варшаве выконваў абавязкі ўпаўнаважанага Наркамату замежных спраў пры СНК БССР у Менску. У гэты час Ульянаў пільна адсочваў паводзіны прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі і паведамляў аб гэтым ДПУ БССР. Ён інфармаваў чэкістаў пра тое, што “беларускія незалежнікі вядуць манапольную працу ў сферы мовы, тэатра, у вобласці духоўнай культуры, праводзячы ў іх свае погляды”. 



Магілёў, 1930-я гады

Асаблівую ўвагу “саксуп” звяртаў на крытыку, якую выказвала беларуская інтэлігенцыя ў адносінах да кампартыі і савецкай улады ў сувязі з барацьбой апошніх супраць беларусізацыі і правядзення русіфікацыйных захадаў. “Вялікай і арганізаванай групай беларускіх работнікаў (Жылуновіч, Адамовіч, Аніхоўскі, Марук, Мамчыц, Зарэцкі, Александровіч, Кунцэвіч, Вольны, Дудар, Цвікевіч, Ільючонак, Пашковіч, Кахановіч, Мароз) вядзецца акрэсленая дыскрэдытацыя ЦК КП(б)Б, ДПУ и асобных таварышаў – ворагаў нацыянал-дэмакратаў”, - адзначаў у сакрэтнай справаздачы Ульянаў. 

Вялікую ўвагу “сачкома” (так у міжваенным Менску называлі сакрэтных инфарматараў ДПУ – І.М.) выклікала рэакцыя беларускіх інтэлігентаў на справу “Хаўрусу вызвалення Украіны”, які, па іх меркаванні, быў сфабрыкаваны, а таксама на працэс раскулачвання, які ўспрымаўся “нацдэмамі”, як знішчэнне гаспадара на вёсцы. Акрамя гэтага, Ульянаў “зліваў” чэкістам рэакцыю беларусаў на прызначэнне кіраўнікоў з Масквы. “Пасля прызначэння т. Гея (у студзені 1930 года Канстанцін Гей быў прызначаны 1-м сакратаром КП(б)Б – І.М.) Марук гаварыў: “Мы жа (Беларусь) свайго роду Індыя. Ці індус можа быць прызначаны ў Індыі?”, - пазначаў у справаздачы для ДПУ Ульянаў . 



Янка Купала

“На пісьмовым стале ў Янкі стаяла фота гэтага Ульянава, і Янка паказваючы на яго, сказаў: “Вялікі правакатар”. На маё здзіўленае нямое запытанне дадаў:

- Ну а як жа? Перш дапамог Тарашкевічу стварыць Працоўна-сялянскую Грамаду, а пасля дапамог разграміць яе і пасадзіць Тарашкевіча за краты.

- Дык чаму ты трымаеш на сваім стале яго фота?

- Уладка не дазваляе зняць – ён яшчэ вялікі начальнік, улада!”, - так апісвала адну з размоў з Янкам Купалай беларуская актрыса Паўліна Мядзёлка. 



Паўліна Мядзёлка

27 чэрвеня 1929 года на Бюро ЦК КП(б)Б былі выказаныя абвінавачанні ў “нацыянал-дэмакратычных скрыўленнях” загадчыку Галоўмастацтва і намесніку наркама асветы БССР Зміцеру Жылуновічу, Прэзідэнту Акадэміі Навук БССР Усеваладу Ігнатоўскаму, наркаму асветы Баліцкаму, наркаму земляробства Прышчэпаву і іншым прадстаўнікам беларускіх культурна-палітычных эліт. У не малой ступені на гэта паўплывалі і паведамленні Аляксандра Ульянава.

Гэта быў толькі пачатак “крывавага шоў”. Па ўкраінскім узоры, дзе адбыўся працэс па сфабрыкаванай справе “Хаўрус вызвалення Украіны”, у БССР, у чэрвені 1930 года, адбыліся арышты па справе “Хаўруса вызвалення Беларусі”. Усяго “блакітныя фуражкі” тады “узялі” 108 чалавек. Арыштаваных абвінавацілі ў тым, што яны, быццам бы “ажыццяўлялі арганізаванае шкодніцтва на культурным, ідэалагічным і іншых участках сацыялістычнага будаўніцтва, праводзілі антысавецкую, нацыяналістычную агітацыю, накіраваную на запавольванне тэмпаў развіцця Беларусі па сацыялістычным шляху, ставячы канчатковай мэтай адарванне Беларусі ў этнаграфічных межах ад Савецкага Саюза і стварэнне так званай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)”. 



Усевалад Ігнатоўскі

Адкрытага судовага працэсу, па ўзору таго, што адбыўся ў сакавіку-красавіку 1930 года ў Харкаве, у Менску не праводзілі. Відаць з-за таго, што з ліку арыштаваных у Беларусі поўную віну прызнала толькі 25 чалавек, а больш за 40 арыштантаў цвёрда стаялі на сваёй невінаватасці. У красавіку 1931 года за прыналежнасць да контррэвалюцыйнай арганізацыі было асуджана 86 чалавек. 



Зміцер Прышчэпаў

Так, бацька ідэі “Беларусь – чырвоная Данія”, наркам Прышчэпаў атрымаў 10 гадоў катаргі ў папраўча-працоўным лагеры. Столькі ж савецкія ўлады адмералі і былому намесніку Наркамасветы Пятру Ільючонку. Іншыя атрымалі па 5 і 3 года ў лагеры, а таксама па 5 гадоў высылкі ў аддаленыя раёны Савецкага Саюза. 




Уласнаручна напісаныя паказанні Вацлава Ластоўскага падчас следства ДПУ у 1930 годзе



Паведамленне ў газеце "Известия" пра арышт "нацдэмаў-эмігрантаў у БССР у 1930 годзе 

Тады ж у турме ДПУ аказаліся прэм’еры Беларускай Народнай Рэспублікі Аляксандр Цвікевіч і Вацлаў Ластоўскі.  Апошняга з узгаданых арыштавалі ў ліпені 1930 года ў Томску, дзе навуковец знаходзіўся ў камандзіроўцы. Напярэдадні арышту супрацоўнікі ДПУ арганізавалі ператрус у кватэры беларускага навукоўца, якая знаходзілася у доме № 15 на Плошча Свабоды. Паводле справы “СВБ” Ластоўскі быў высланы на 5 гадоў у Саратаў, а Цвікевіч наступныя 5 год павінен быў правесці ў Пярмі. 



Менск, Плошча свабоды, канец 1920-х гадоў



Паказанні А. Цвікевіча падчас следства 1930 года

Падчас допытаў на следстве ў 1930 годзе былыя прэм’еры БНР прызнавалі “памылкі”, якія “дапусцілі” падчас сваёй дзейнасці на эміграцыі і крытыкавалі дзейнасць “буржуазнай” Беларускай Народнай Рэспублікі. Тлумачылася гэта, перш за ўсё тым, што бацькі-заснавальнікі беларускай дзяржаўнасці ўзору 1918 года спрабавалі палегшыць свой лёс і лёс сваякоў, над якімі лунала таўро “сям’і ворага народа”. Падчас следства “нацдэмаў” чакалі цяжкія выпрабаванні. Аднак амаль усе засталіся жыць. Амаль…Сярод гучных трагедый таго часу варта ўзгадаць самагубства Прэзідэнта Акадэміі Навук БССР Усевалада Ігнатоўскага, якое адбылося ў студзені 1931 года, а таксама спроба самагубства пісьменніка і паэта Янкі Купалы ў лістападзе 1930-га. 



Магіла Усевалада Ігнатоўскага на Вайсковых могілках у Мінску

Апошні акт трагедыі

НКУС узгадаў пра бацькоў-заснавальнікаў БНР ўжо ў канцы 1930-х гадоў, калі ў СССР пачаліся сталінскія чысткі. 20 жніўня 1937 года ў Саратаве быў арыштаваны загадчык аддзела рэдкіх рукапісаў дзяржбібліятэкі Вацлаў Ластоўскі. У не малай ступені на гэта паўплывалі паказанні…Аляксандра Ульянава, якога “блакітныя фуражкі” арыштавалі ў траўні 1937 года. 

На допыце, які адбываўся ў чэрвені таго ж года, былы бальшавіцкі чыноўнік і “сачком” адзначаў: “Падчас наступных сустрэч ён (супрацоўнік польскай выведкі Ваявудскі) расказаў мне пра тых, якія былі завербаваныя ім непасрэдна ў Беларусі. Ён, у прыватнасці, распавёў мне аб тым, што ў 1920 годзе ім былі завербаваныя для антысавецкай працы, акрамя Ігнатоўскага, таксама яшчэ Чарот, Смоліч, Лёсік, Ластоўскі”. Хутка пратакол допыту Ульянава трапіў у Саратаўскае НКУС, а там ужо было справай тэхнікі выкрыць “махрыстага” ворага, старога БНРаўца, Ластоўскага. 



Фуражка супрацоўніка НКУС. Адзін з сімвалаў сталінскіх рэпрэсій

Падчас следства навукоўца дапытвалі толькі адзін раз, у кастрычніку 1937 года. На пытанне “Ці прызнае абвінавачаны сваю віну ў супрацы з польскай выведкай?” Ластоўскі адказаў: “Я прызнаю сябе вінаватым у тым, што на працягу шэрагу гадоў пад кіраўніцтвам польскіх выведвальных органаў праводзіў актыўную працу, накіраваную супраць Савецкай дзяржавы, і, у прыватнасці, супраць Савецкай Беларусі. Але мая шпіёнская праца насіла некалькі своеасаблівы характар, у адрозненні ад звычайнага разумення слова “шпіён””. Адказваючы на пытанні следчага, былы прэм’ер БНР прызнаваў сваю “контррэвалюцыйную дзейнасць”, называў прозвішчы сваіх паплечнікаў. Чытаючы пратакол допыта становіцца зразумелым, што паказанні даваў загнаны ў вугал, стаміўшыся ад жыцця чалавек, які, безумоўна, разумеў, які лёс яго чакаў. 



Вацлаў Ластоўскі. Здымак са следчай справы НКУС

Пры гэтым, варта браць пад ўвагу, што супрацоўнікі НКУС маглі маніпуляваць атрыманымі падчас допыту дадзенымі. Падчас судовага паседжання Вайсковай калегіі Вярхоўнага суда СССР Вацлаў Ластоўскі цалкам прызнаў сваю віну, быў абвінавачаны ў супрацы з Другім аддзелам Генштабу Войска Польскага (выведкай) і 23 студзеня 1938 года прыгавораны да вышэйшай меры сацыяльнай абароны – растрэла. Прысуд быў выкананы ў той жа дзень. 

Падобны лёс чакаў і іншага прэм’ера БНР – Аляксандра Цвікевіча. НКУС арыштаваў яго 17 снежня 1937 года, а ўжо 30 снежня смяротны прысуд у адносінах да гэтага чалавека быў прыведзены ў выкананне. Падчас працэсу “СВБ” 1930 года, характаразуючы Берлінскую канферэнцыю ў уласнаручна напісаных паказаннях, Цвікевіч адзначыў: “Я асабіста і пасля гэтай канферэнцыі застаўся беларускім нацыяналістам. З той толькі розніцай, што свой нацыянальны настрой імкнуўся рэалізаваць і задаволіць не ў старых формах “народнай” Беларусі, а ў новых формах Беларусі савецкай”. 



Сымон Рак-Міхайлоўскі

Лёс іншых БНРаўцаў, якія так, ці інакш апынуліся ў 1920-1930-я гады ў БССР, быў таксама трагічным. Член Рады БНР Сымон Рак-Міхайлоўскі пераехаў у Менск у кастрычніку 1930-га. Працаваў  дырэктарам Беларускага дзяржаўнага сацыяльна-гістарычнага музея. У жніўні 1933 года супрацоўнікі ДПУ арыштавалі гэтага чалавека ў 2-м доме Саветаў, які па сёння знаходзіцца на мінскай вуліцы Карла Маркса. БНРаўца абвінавацілі ў удзеле ў так званым “Беларускім нацыянальным цэнтры”. Рак-Міхайлоўскага прыгаварылі да растрэла, але потым замянілі прысуд 10-гадовай катаргай у Салавецкіх лагерах. У верасні 1937 года палітыка вярнулі ў Менск. Новае следства працягвалася год. У лістападзе 1938 года “тройка” абвінаваціла беларуса ў супрацы з польскай выведкай і прысудзіла яго да растрэла. Прысуд быў выкананы ў сталіцы БССР. 



2-гі Дом Саветаў у Мінску. Тут арыштавалі Сымона Рак-Міхайлоўскага

Дзяржаўны кантралёр Ураду БНР і падпісант берлінскай дэкларацыі 1925 года Леанард Заяц у 1935 годзе памёр ад сухотаў у турме НКУС у Уфе.

Адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну і дзяржаўны сакратар Ураду БНР Уладзімір Пракулевіч быў арыштаваны ў 1930 годзе, а праз 8 гадоў прысуджаны да вышэйшай меры сацыяльнай абароны – растрэлу. 



Супрацоўнікі НКУС БССР на занятках па стральбе, 1930-я гады

Сакратар апекі ў Народным сакратарыяце БНР Палута Бадунова ў 1925 годзе пераехала ў БССР з Чэхаславакіі. У лістападзе 1937 года яе прысудзілі да 10 гадоў катаргі, аднак, праз год растралялі ў Менску. 

“Махрысты нацыяналіст”, член Рады БНР Язэп Лёсік быў арыштаваны ў 1930 годзе і прысуджаны да 5 гадоў ссылкі. У сакавіку 1940 года прысуджаны за антысавецкую агітацыю да 5 гадоў лагераў. Памёр у турме ў Саратаве. 

Удзельнік абвяшчэння БНР у сакавіку 1918 года, географ Аркадзь Смоліч быў арыштаваны ДПУ ў чэрвені 1930 года і прысуджаны да 5 гадоў ссылкі. У чэрвені 1937 года паўторна арыштаваны і праз год растраляны ў Омску. 

Жонка члена Рады БНР Тамаша Грыба, таленавітая беларуская артыстка і настаўніца Паўліна Мядзёлка пераехала ў савецкую Беларусь у 1925 годзе, а ў ліпені 1930 года была арыштавана ў Маскве па справе “СВБ”. Вытрымала цяжкія пакуты ў маскоўскіх Бутырках і мінскай “Амерыканцы” і выжыла. Пакінула ўспаміны “Сцежкамі жыцця”, у якіх дэталёва апісвала свае выпрабаванні пад час знаходжання пад следства ў ДПУ. 

Жудасна скончылі і прадстаўнікі беларускага савецкага актыву. Былы наркам земляробства Зміцер Прышчэпаў, пасля атрымання прысуду ў 1931 годзе адбываў пакаранне на будаўніцтве Беламора-Балтыйскага канала. У чэрвені 1937 года быў вызвалены, аднак праз паўтара месяцы беларуса ізноў арыштавалі.  Летам 1939 года Вайсковы трыбунал Беларускай асаблівай акругі прысудзіў былога наркама да растрэлу. 

Былы наркам асветы БССР Антон Баліцкі ў 1931 годзе атрымаў 10 гадоў лагернай працы, аднак, у кастрычніку 1937 года яго растралялі ў Менску. Старшыня ЦВК БССР у 1920-1937 гадах Аляксандр Чарвякоў (дарэчы, прозвішча гэтага чалавека часта сустракалася ў справаздачах для ДПУ, якія пісаў Аляксандр Ульянаў – І.М.) застраліўся ў чэрвені 1937 года. 



Шыльда ў памяць Аляксандра Чарвякова на 2-м Доме Саветаў на вуліцы Карла Маркса ў Мінску



Зміцер Жылуновіч з роднымі

Аўтар маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, старшыня Часовага ўрада савецкай Беларусі ў студзені-лютым 1919 года, акадэмік Акадэміі Навук БССР Зміцер Жылуновіч быў артыштаваны ў 1936 годзе і ўвесну 1937 года пераведзены ў Магілёўскі псіхіятрычны шпіталь дзе неўзабаве і памёр. 

Бальшавіцкая сістэма знішчала не толькі сваіх ворагаў, але і…памагатых. На допытах у НКУС “Вялікі правакатар” Аляксандр Ульянаў, акрамя таго, што “здаў” значную частку вядомых яму па працы ў Беларусі людзей, дык яшчэ прызнаўся ў усіх, магчымых злачынствах супраць савецкай дзяржавы. 26 лістапада 1937 года Вайсковая калегія Вярхоўнага суда СССР абвінаваціла былога дыпламата ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам 58, частка 1 Угалоўнага кодэкса РСФСР і прысудзіла яго да вышэйшай меры сацыяльнай абароны. Прысуд быў прыведзены ў выкананне ў Маскве. 

З канца 1950-х гадоў пачалася рэабілітацыя людзей, бязвінна асуджаных падчас сталінскіх рэпрэсій. Адзінкі з ахвяр, як Паўліна Мядзёлка, дабіваліся яе пры жыцці. Але большасць атрымала яе пасмяротна. 

Так скончылі тыя, хто верыў у незалежную Беларусь і рабіў усё магчымае, каб нашая краіна стала часткай еўрапейскай сям’і вольных народаў. Сярод іх былі рамантыкі, якія паверылі ў бальшавіцкія абяцанкі, але справа “СВБ” і чысткі 1937-1938 гадоў усё расставілі на свае месцы. Сёння варта памятаць тых, хто ў сакавіку 1918 года зрабіў першы крок да таго, каб Беларусь стала незалежнай. 



У дадзены момант аўтар артыкула збірае сродкі на выданне кнігі “Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны 1918, 1919-1920 гадах”, прысвечанай баявым дзеянням жаўнераў Першага польскага корпуса ў 1918 г. і частак Войска Польскага ў 1919-1920 гг. супраць бальшавікоў на тэрыторыі Беларусі. Дадзенае выданне Ігар Мельнікаў прысвяціў 100-годдзю БНР і гораду Бабруйску. Кніга “Забыты корпус” - гэта больш за 200 старонак унікальных фактаў беларускай вайсковай гісторыі, а таксама больш за 300 архіўных і сучасных фотаздымкаў. Засталіся апошнія дні збора сродкаў на выданне кнігі на сайце Talaka.org. Гісторык Ігар Мельнікаў звяртаецца з просьбай да ўсіх аматараў беларускай гісторыі дапамагчы яму выдаць гэту ўнікальную кнігу. Падтрымаць праект можна тут.

Ігар Мельнікаў, "Гістарычная праўда"
19:28 04/04/2018
загружаются комментарии