Артэфакты “уз’яднання”

У 1940 годзе ў Мінску працавала выстава ўнікальных вайсковых трафеяў, захопленых Чырвонай Арміяй у выніку далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года.
Артэфакты “уз’яднання”
istpravda.ru/bel
Хуткая і паспяховая аперацыя савецкіх войскаў па далучэнні Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі да Савецкага Саюза выклікала ўздым эмоцый не толькі ў Крамлі, але і ў сталіцах саюзных Украіны і Беларусі. У Кіеве нават выставілі трафейную польскую вайсковую тэхніку, а ў Мінску, у Музеі рэвалюцыі, вырашылі зрабіць выставу, прысвечаную падзеям верасня 1939 года. 



У 1940 годзе БССР рыхтавалася святкаваць уз'яднанне. У сталічных кінатэатрах тады паказвалі адпаведнае кіно 

Вось, што пра гэта пісала газета “Звязда”: “Выставу “Вызваленне Заходняй Беларусі”, арганізаваную Музеем Рэвалюцыі БССР на культбазе парка імя Горкага ў Мінску наведала ўжо 10 тысяч чалавек. Да 17 верасня  - гадавіны вызвалення Заходняй Беларусі ад польскіх паноў выстава будзе дапоўнена экспанатамі. 

У адзеле “Рэвалюцыйная барацьба рабочых і сялян у панскай Польшчы” будзе змешчаны шэраг матэрыялаў, у тым ліку 4 фотаздымкі разгону першамайскай дэманстрацыі ў Горадні ў 1938 годзе. 



Мундзір падпарутчыка польскага Корпуса аховы памежжа з калекцыі аўтара. Магчыма такі ж быў выстаўлены і ў Мінску ў 1940 годзе

У адзеле “Вызваленчы паход Чырвонай Арміі” будзе змешчыны шэраг трафейных рэліквій – афіцэрскі і паліцэйскі мундзір, медалі і г.д. Значна папоўніцца аддзел “Па новаму зажыў вызвалены народ”. Для яго мастак-ардэнаносец Манасзон заканчвае карціну “Народны сход Заходняй Беларусі”. 



Польскія даваенныя ўзнагароды з калекцыі аўтара. Напэўна такія ж былі прадстаўлены на выставе ў Музее Рэвалюцыі ў Мінску

Якія артэфакты былі прадстаўлены на выставе? Каму належылі мундзіры і ўзнагароды, выстаўленыя ў Мінску? На жаль на гэтыя пытанні адказаў няма. Але самае галоўнае, што стала з трафеямі “польскага пахода”, выстаўленымі ў 1940 годзе ў Мінску? 



Польскія даваенныя ўзнагароды з калекцыі аўтара

Музей Рэвалюцыі БССР у 1940 годзе знаходзіўся ў будынку Акадэміі Навук. У той час яго планавалі перавесці ў будынак абкама кампартыі, які знаходіўся на рагу мінскіх вуліц Леніна і Кірава, але відавочна з-за нападу Германіі на СССР пераезд так і не адбыўся. 



Аскепкі шыльды з польскага памежнага слупа з калекцыі аўтара. Магчыма, на выставе ў Мінску быў паказаны і цэлы памежны знак/слуп

У чэрвені 1941 года бальшавіцкія ўлады не паспелі эвакуіраваць маёмасць Акадэміі Навук БССР, а значыць, хутчэй за ўсё, польскія трафеі, захопленыя чырвонаармейцамі ў Заходняй Беларусі, перайшлі ў спадчыну немцам. Пасля Другой сусветнай вайны Музей рэвалюцыі БССР не аднавілі, а польскія артэфакты бясследна зніклі.  
Ігар Мельнікаў, “Гістарычная праўда”
20:13 19/02/2018
загружаются комментарии