Таямнічая справа Аляксюка

У 1920-я гады ён быў найбольш вядомым беларускім дзеячом прапольскай арыентацыі. У нацыянальным руху Павал Аляксюк ўдзельнічаў ад пачатку Першай сусветнай вайны, уваходзіў у кіраўніцтва некалькіх арганізацый, быў на 1-м Усебеларускім з’ездзе 1917 года.
Таямнічая справа Аляксюка
istpravda.ru/bel
У 1919-1920 гг. кіраваў створанай з дазволу польскіх улад Беларускай вайсковай камісіяй. Восенню 1920 года браў актыўны ўдзел у палескім паходзе Станіслава Булак-Балаховіча. Аляксюк быў кіраўніком Беларускага палітычнага камітэта, а пасля і створанага ў Мазыры “беларускага ўрада” (праіснаваў ён лічаныя дні, паколькі балахоўцы пачалі адступаць на захад). 

У пачатку 1920-х Павал Аляксюк актыўна дзейнічаў у беларускім прапольскім асяродку ў Вільні, узначальваў арганізацыю “Беларуская краёвая сувязь”. Але пасля паступова адыйшоў ад “вялікай палітыкі”, уладкаваўся ў Навагрудку, працаваў адвакатам. Звычайна, у яго біяграмах пішуць “далейшы лёс невядомы”.

Як пісала віленская газэта “Беларускі звон”, “Аляксюк зрабіў на “полёнафільстве” добры інтэрас і разжыўся. У прыватнасці ён пабудаваў сябе ў Наваградку дом, завёў багатыя мэблі і г. д.” [1]. Дом знаходзіўся ў Агародным завулку. Аднак восенню 1931 года выбухнуў скандал. А 2-й гадзіне ночы 22 верасня ў доме Аляксюка пачаўся пажар. Агонь пашкодзіў сцены, столь, хатнюю маёмасць. 

Узгаранне патушыла пажарная ахова. Аднак 23 верасня а 10-й раніцы дом... зноў загарэўся! На гэты раз цалкам згарэў дах, частка столі. Пажарныя патушылі і гэтае ўзгаранне. Справай занялася дзяржаўная паліцыя. Высветлілася, што дом Паўла Аляксюка быў застрахаваны на 40 тысяч злотых, а мэбля ў ім — на больш чым 50 тысяч. З-за рамонту, які праходзіў перад пажарам, рэчы былі перанесены ў адну частку дома. 



Павал Аляксюк

Якраз у дзень здарэння паміж рабочымі, якія займаліся рамонтам, і Аляксюком узніклі непаразуменні. “Няма сумненняў, што дом быў падпалены. Але хто яго падпаліў?”, — задавалася пытаннем мясцовая газэта [2].

Справа пажару ў доме адваката Аляксюка атрымалася гучнай, пра яе гаварылі мясцовыя жыхары, пісалі віленскія беларускія і польскія газеты. А “Кurjer Nowogródzki” называў яе “сенсацыйнай”. Першы разгляд у судзе планаваўся на 14 кастрычніка 1931 года [3]. Следства схілялася да таго, што ўласнік дома сам яго падпаліў, каб атрымаць страхоўку. Каб Аляксюк не ўцёк, яго вырашылі пасадзіць пад арышт [4]. За кратамі беларус прабыў тыдзень-два. 

За гэты час адвакацкая арганізацыя ў Навагрудку паспела заявіць, што “Павал Аляксюк адвакатам не з’яўляецца, да адвакацкай карпарацыі не належыць і ніколі не належыў” [5]. Відаць, і сапраўды ён не належыў да “карпарацыі”, але тое, што адвакатам (“судовым абаронцам”) працаваў — гэта факт. 

Суддзя акруговага суду Жатнеркевіч разгледзеў справу Паўла Аляксюка, атрыманую ад пракурора, і пастанавіў выпусціць яго з турмы [6]. Газета “Беларускі звон” праз некалькі тыдняў з энтузіязмам паведамляла, што Аляксюк сядзіць “у вастрозе за самую звычайную ўгалоўшчыну” [7]. А ён ужо даўно быў на волі. Дзесьці праз два тыдні акруговы суд “завесіў” Аляксюка — пазбавіў яго права займацца адвакацкай практыкай, паколькі ў яго адносінах расследавалася крымінальная справа [8].



Вытрымка з тагачаснай польскай газеты

Само расследаваньне ішло марудна. У сярэдзіне снежня 1931 года паведамлялася, што ў падпале па-ранейшаму падазраецца Аляксюк і што расследаванне ўжо набліжаецца да канца [9]. Нарэшце 9 студзеня 1932 года на паседжанні акруговага суду была агучана пастанова, паводле якой з Паўла Аляксюка былі зняты ўсе падазрэнні ў падпале, яго аднавілі ў правах, як адваката [10].  

Такім чынам, Аляксюк быў цалкам апраўданы, журналісты, прысутныя на працэсе — расчараваныя. Відаць, такое рашэнне суду шмат для каго стала нечаканасцю. Толькі не для Паўла Аляксюка. Магчыма, ён здолеў заручыцца падтрымкай нейкіх уплывовых асобаў, якія памяталі пра ягоныя заслугі перад польскай дзяржавай. 

40-гадовы Аляксюк вярнуўся да свайго ранейшага жыцця. Ужо ў канцы студзеня 1932-га ён удзельнічаў у паседжанні гарадской рады ў Навагрудку[11] (у яе ён уваходзіў з 1920-х гадоў). Гэта апошняя згадка пра гэтага беларускага дзеяча, якую нам удалося адшукаць. 

[1] А за ім — Аляксюк! // Беларускі звон, 1931, № 21, 5 кастрычніка.

[2] Zagadkowy pożar na zaulku Ogrodowym // Кurjer Nowogródzki, 1931, № 6, 24 верасня.

[3] Sprawa mec. Aleksiuka // Кurjer Nowogródzki, 1931. № 13, 2 кастрычніка.

[4] Ol. P. Aleksiuk zwolniony z więzienia // Кurjer Nowogródzki, 1931, № 22, 12 кастрычніка.

[5] P. Aleksiuk nie jest adwokatem // Кurjer Nowogródzki, № 15, 4 кастрычніка.

[6] Кurjer Nowogródzki, 1931, № 22, 12 кастрычніка.

[7] Аб т. зв. “полёнофільстве” і беларуска-польскіх адносінах // Беларускі звон, 1931, № 22, 30 кастрычніка.

[8] Ol. Zawieszenie w czynnościach // Кurjer Nowogródzki, 1931, № 37, 30 кастрычніка.

[9] Sprawa podpalenia domu p. Aleksiuka // Кurjer Nowogródzki, 1931, № 75, 15 снежня. 

[10] Ol. Zakończenie sprawy p. Pawła Aleksiuka // Кurjer Nowogródzki, 1932, № 11, 15 студзеня.

[11] Z czwartkowego posiedzenia Rady Miejskiej // Кurjer Nowogródzki, 1932, № 24(110), 30 студзеня. На гэтым нумары памылкова стаіць № 23.

Сяргей Ёрш, спецыяльна для “Гістарычнай праўды”

00:56 18/05/2017
загружаются комментарии