Шляхецкая дэмакратыя і улада «цара-бацюхны»

Шляхта мае сваю доўгую і славутую гісторыю. Гэта саслоўе адыгрывала вялікую ролю ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў XIV-XVI стагодзях і потым да канца XVIII ст. у федэратыўнай Рэчы Паспалітай.
Шляхецкая дэмакратыя і улада «цара-бацюхны»
istpravda.ru
Адным з дасягненяў шляхецкай палітычнай культуры, што адбілася на далейшых падзеях, было замацаванне на стагодзі ў законах права шляхты на самакіраванне, на свабодныя выбары дэпутатаў (паслоў) на павятовыя соймікі і агульнадзяржаўныя сеймы, у суды ўсіх узроўняў да Галоўнага трыбунала. У Рэчы Паспалітай шляхта магла выбіраць караля. У выбарчым сейме, на якім пажыццёва выбіраўся кароль, меў права ўдзельнічаць кожны шляхціч. 

Уся шляхта ў Рэчы Паспалітай была роўнай у правах. Нават самы бедны шляхціч, які часам не меў зямлі і сваіх сялянаў, тэарэтычна мог быць абраны каралём. Усё гэта сведчыла пра шырокую шляхецкую дэмакратыю.

Шляхціч паводле Статута Вялікага Княства Літоўскагане мог быць арыштаваны і няслушна пакараны без рэчавых доказаў віны, а судзіць яго маглі толькі роўныя яму, гэта значыць – шляхта. Нездарма ў Рэчы Паспалітай існавала выслоўе: “Шляхціч на загродзе роўны ваяводзе”. Пачуццё годнасці выхоўвалася і на вайне. Валоданне тэхнікай блізкага бою, фехтаванню і тактыкай коннага і пешага бою з маладых гадоў загартоўвала шляхціча, выхоўвала пачуцці мужнасці, адказнасці, патрыятызму. Шляхецкі гонар быў натуральны, неад’емны.

Калі трэба было вырашыць пытанні карпаратыўных інтарэсаў, у Рэчы Паспалітай права дазваляла шляхце аб’ядноўвацца ў канфедэрацыі (узброенныя звязы з палітычнымі і сацыяльнымі мэтамі) і дабівацца свай мэты ўзброенным шляхам. (Тут можна ўзгадаць з’яўленне канфедэратаў падчас швецкага “Патопа”). 

Іншае становішча было ў суседняй Маскоўскай дзяржаве, што паўстала на руінах Залатой Арды. Там панавалі князі, улада якіх не абмяжоўвалася аніякімі прадстаўнічымі органамі, царквой, законам ці правам. На гэтых тэрыторыях жылі не грамадзяне, а падданыя. 

Міхаіл Раманаў падзяліў уладу ў краіне з Земскім Саборам, што спрыяла легітымізацыі і ўзмацаванню пазіцыяў новай дынастыі. Але ўжо яго сын Аляксей, бацька Пятра I, аднавіў абсалютызм царскай улады. Велізарную краіну яднала аднаасобная ўлада цара. Яго паўнамоцтвы пераўзыходзілі не толькі магчымасці выбарнага польска-ліцвінскага караля, але і магчымасці спадчынных манархаў Еўропы. З улікам таго, што цар быў і свецкім і духоўным кіраўніком дзяржавы, нават найдрабнейшая крытыка ў яго бок лічылася здрадай. 

Акрамя таго, лічылася, што толькі цар мог ажыццяўляць правасудзе і што аніводны падданы не меў права адмовіцца выконваць царскую волю, бо гэта супярэчыла і закону, і традыцыям. Традыцыі і закон накладалі пэўныя абмежаванні і на саміх цароў, але некаторыя манархі, у прыватнасці, Іван IV І Пётр I, іх абыходзілі.

Чын баярына ў расійскай дзяржаве надаваўся толькі найвыбітнейшым царскім падданым, але прыарытэт надаваўся паходжанню, а роля асабістых заслугаў зводзілася да мінімуму. 

У адрозненне ад польска-ліцвінскай шляхты, расійскія феадалы не толькі не намагаліся дасягнуць нават падабенства агульнастанавай роўнасці, не кажучы ўжо пра братэрскасць. 

Дар’я Гродзенская, спецыяльна для “Гістарычнай праўды”
00:15 17/05/2017
загружаются комментарии