1937 год. Габрэйскі пагром у Берасці

Гісторыя аднаго гучнага здарэння, якое адбылося ў горадзе на Бугу ў канцы 1930-х.
1937 год. Габрэйскі пагром у Берасці
istpravda.ru/bel
Раніцай 13 мая 1937 года, атрымаўшы сігнал аб нелегальным убое цяляціны на малым рынку горада (плошча сучаснага аўтавакзала), старэйшы пастарунковы Стэфан Кендзёра разам са сваім калегай Уладзіславам Францкавякам адправіўся на праверку. У халадзільніку рынку яны выявілі 10 кавалкаў задняй частцы нелегальна забітых цялятаў. Вартавыя парадку прынялі рашэнне аб канфіскацыі тавару.

У момант пагрузкі мяса, якое збіраліся перавезці на гарадскую бойню, старэйшы пастарунковы атрымаў удар штылетам ззаду ў бок. Каля дрожак, у якія грузілі мяса, знаходзіўся яго гаспадар Айзік Шчарбоўскі, а з другога боку дрожак стаяў паліцэйскі Францкавяк. Пасля ўдару штылетам Кендзёра стрэліў з пісталета, параніўшы ў нагу Айзіка Щчарбоўскага. Вось што адзначалася ў паліцэйскім пратаколе: “Падчас стрымлівання габрэяў Францкавяк заўважыў, што Айзек Шчарбоўскі нешта шапнуў свайму сыну Вевелю і паказаў галавой на Кендзёру. Вевель Шчарбоўскі абышоў каня там, дзе сабралася натоўп кліентаў, у асноўным жанчын-сялянак, якія прыйшлі на рынак за пакупкамі. Зайшоў з боку дарожкі, дзе стаў за дрэвамі, бліжэй да Францкавяка і Кендзёру. Праз две хвіліны ён выскачыў з-за дрэва і ўдарыў Кендзёру мясніцкім нажом у правы бок, калі той нахіліўся і падаваў мяса. Ён прабіў яму лёгкае і зачапіў вену. Кендзёра закрычаў, аднак Францкавяк у агульным шуме не пачуў, ён сам крычаў, каб ад яго адышлі габрэі-рэзнікі. Толькі тады, калі Кендзёра пачаў крычаць: “Разысціся”, Францкавяк звярнуў на гэта ўвагу і пачаў звяртацца да Кендзёры, пытаючыся “Што ты робіш?”.  



Даваенны план Берасця-на-Бугу

Па знешнім выглядзе Кендзёры ён не зразумеў, што той паранены. Адразу ж пасля гэтага паранены Кендзёра пабег праз вуліцу за Вевелем Шчарбоўскім, па якім стрэліў два разы. А калі той, пасля другога стрэлу ўпаў, Кендзёра стрэліў у яго яшчэ раз з пісталета, пасля чаго пабег на сярэдзіну вуліцы да Айзека Шчарбоўскага, які хаваўся сярод жанчын і стрэліў у яго тры разы, параніўшы яго лёгка ў лоб. І толькі пасля гэтага на пытанне Францкавяка: “Што ты робіш? Што здарылася?”. Кендзёра адказаў – “Далі мне нажом” (Шчарбоўскі ударыў паліцыянта не нажом, а мусатам – прыспасобай для завострывання нажоў – “Гістарычная праўда”)”.

Параненых у тэрміновым парадку на павозках даставілі ў гарадскі шпіталь, дзе праз паўгадзіны Кендзёра сканаў ад унутранага крывацёку. 

Забойца супрацоўніка польскай Дзяржаўнай паліцыі быў габрэем і гэтым фактам скарысталіся падбухторшчыкі, якія справакавалі габрэйскія пагромы. “У сувязі з забойствам Кендзёры на малым рынку быў разбіты адзін габрэйскі ларок, а таксама выбіта шкло яшчэ ў некалькіх. Адначасова пачаў збірацца натоўп. На месца быў высланы паліцэйскі атрад у складзе 11 чалавек пад камандаваннем начальніка камісарыята Сабкоўскага. Атрад разагнаў натоўп” – адзначалася ў паліцэйскай справаздачы. Аднак, гэта было толькі пачаткам.



Пахаванне паліцыянта Кендзёры

Павятовы камендант паліцыі В. Праўдзіц-Шчавінскі ў сваім дакладзе на імя кіраўніка МУС пісаў наступнае: “У 10 гадзін адбыліся першыя выпадкі збіцця габрэяў, біцця вокнаў і вітрын габрэйскіх крамаў на малым рынку невялікай групай жанчын. Пасля гэтага зафіксаваныя выпадкі разгрому крам і збіванні габрэяў беспрацоўнымі, моладдзю і жанчынамі. Самыя сур’ёзныя акцыі па разгрому крам мелі месца на вул. 3 траўня (сучасная Пушкінская) і Дамброўскага (сучасная Куйбышава), дзе цэлы шэраг вялікіх складоў і магазінаў ... былі знішчаныя практычна цалкам ... антыяўрэйскія інцыдэнты ахапілі ўсе раёны горада ... Увечары прышлы элемент з вёскі, роўна як і злачынны свет, пачалі рабаванні крам”.

З паліцэйскіх справаздач зыходзіць, што галоўнымі пагромшчыкамі былі маладыя хлопцы 20-35 гадоў, добра апранутыя, якія рухаліся па Берасцю на роварах. Яны заклікалі людзей на вуліцах больш актыўна ўдзельнічаць у пагроме. Хутка, на некаторых крамах з’явіліся надпісы “Хрысціяне”, пры гэтым у вітрынах былі ўстаноўлены іконы. Так гаспадары ратаваліся ад раптоўных нападаў. 



Адна з ахвяраў габрэйскага пагрому ў Берасці

Імкнучыся не дапусціць разрастання канфлікту, улады горада мабілізавалі на гарадскія вуліцы каля 60 паліцэйскіх. З Галандзінава быў выкліканы добраўзброены атрад рэзерва Дзяржаўнай паліцыі. Коштам велізарных высілкаў хваляванні ўдалося пагасіць на працягу двух дзён. У выніку пагромаў з 1450 габрэйскіх крам, якія знаходзіліся ў Берасці, было знішчана 1150, з ліку якіх 215 – цалкам разрабавана. Фінансавыя статы габрэі-уласнікі ацанілі ў 2 мільёны даваенных польскіх злотых. У ходзе беспарадкаў былі параненыя 2 хрысціяніна і 2 яўрэя, арыштавана 128 чалавек, з іх 60 - за рабаванні. 

У чэрвені 1937 годзе ў Акружным судзе Берасця-на-Бугу адбыўся судовы працэс над пагромшчыкамі, якіх паліцыя затрымала падчас рабавання габрэйскі’ крам. На лаве асуджаных знаходзілася 10 чалавек. 15 чэрвеня таго ж года адбыўся суд над Айзікам Шчарбоўскім. На жаль, вынікі гэтых судовых працэсаў нам не вядомыя. За забойства паліцыянта Вевель Шчарбоўскі бы прысуджаны да смяротнага пакарання праз павешанне. 

Як адзначалася ў тагачасных польскіх перыядычных выданнях, “большасць габрэйскіх крам было хутка адрэмантавана, аднак хрысціяне туды не заходзілі”. Разам з тым, значная частка жыхароў Берасця ахвяравалі грошы на аднаўленне габрэйскай маёмасці і лячэнне параненых. 



Падчас судовага працэсу над Вевелем Шчарбоўскім

15 траўня 1937 года загінулы паліцэйскі Стэфан Кендзёра быў пахаваны на берасцейскіх каталіцкіх могілках, якія знаходзяцца на сучаснай вуліцы Пушкінскай.
"Гістарычная праўда"
18:43 30/11/2017
загружаются комментарии