1941 год. Мінск. Трагедыя горада

Памятаеце, як у савецкім фільме “Гарачы снег” герой Мікалая Яроменкі-малодшага раздражнёна казаў, што немцы ўвайшлі ў Мінск на пяты дзень з пачатку вайны. Насамрэч часткі вермахта занялі сталіцу БССР 28 чэрвеня 1941 года, то бок на шосты дзень з моманту нападу Германіі на Савецкі Саюз. Паспрабуем узнавіць тыя жудасныя дні, калі Мінск аказаўся ў цэнтры ваеннага хаоса.
1941 год. Мінск. Трагедыя горада
istpravda.ru
Ля “рыжскай” мяжы

У міжваеннае дваццацігоддзе Мінск пераўтварыўся са звычайнага мястэчка ў сапраўдную сталіцу. У 1941 годзе яго насельніцтва складала 250 тысяч чалавек. Па разліках тагачасных дэмографаў колькасць мінчукоў на працягу наступных 15 гадоў павінна была павялічыцца да 500 тысяч. Паводле генеральнага плану, распрацаванага перад вайной, у Мінску планавалася пабудаваць 14 новых прамысловых прадпрыемстваў, пашырыць жыллёвы фонд (узвесці больш за чатырох мільёнаў квадратных метраў), стварыць новыя будынкі драматычнага тэатра на 1000 месц, цырка, трох кінатэатраў, 12 сярэдніх школ, 26 дзіцячых садоў і ясляў, дзвух гатэляў. Асобна распрацоўваліся планы забудовы плошчы ля Дома ўрада і Плошчы Свабоды.Як вядома, да верасня 1939 года, дзяржаўная мяжа знаходзілася ў 30 кіламетрах ад Мінска  і гэта аказвала ўплыў на жыццё горада на Свіслачы. З пачатку 1930-х гадоў на мяжы з Польшчай савецкае вайсковае камандаванне пачынае будаўніцтва Мінскага ўмацаванага раёна, доўгатэрміновых абарончых кропак, артылерыйскіх паўкапаніраў і назіральных пунктаў, якія, у выпадку вайны павінны былі прыкрыць сталіцу савецкай Беларусі і не даць варожым войскам адразу ўварвацца ў Мінск. 



Мінск, вуліца Карла Маркса, 1930-я гады



Агульны від Мінска

1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу, а праз 6 дзён Крэмль распачаў падрыхтоўку да “кідку на Захад”. Дзеля гэтага 7 верасня 1939 года пачалася мабілізацыя войскаў Беларускай асаблівай вайсковай акругі. Цікавым фактам з’яўляецца тое, што штаб Беларускага фронту, у які ператварылася вайсковая акруга, знаходзіўся ў будынку педагагічнага інстытуту БДУ (сёння гэта галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта на Плошчы Незалежнасці). Мінскі ўмацаваны раён быў пераведзены на ўзмоцнены рэжым нясення службы. Кулямётныя роты 13-й стралковай дывізіі былі разгорнутыя ў батальёны па штаце ваеннага часу. 



Будынак Педагагічнага інстытута ў Мінску. Зараз Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт

Для кожнага савецкага бункера на “рыжскай” мяжы былі нарыхтаваны: стралковая картка, схема сувязі з указаннем пазыўных каменданта ротнага раёна, суседніх ДАКаў, карта раёна, рабочая картка па прывядзенню агнявой кропкі да баявой гатоўнасці.  Аднак, 17 верасня 1939 года РСЧА, замест абароны, перайшла ў наступленне. Сярод іншых у баявых дзеяннях супраць частак Войска Польскага прымала ўдзел і 100-я “крэпасная” стралковая дывізія Чырвонай Арміі, асабісты склад якой першапачаткова меркавалася выкарыстоўваць для камплектацыі гарнізонаў ДАКаў Мінскага ўмацаванага раёна. У дзень пачатку “вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь” у Мінску адбыўся масавы мітынг працоўных, а ў тэлеграме сталічных камсамольцаў жаўнерам і камандзірам Чырвонай Арміі, у прыватнасці, адзначалася: “Уся моладзь Мінска, як і ўвесь савецкі народ, яшчэ цясней згуртаваўшы свае рады вакол свайго авангарда, сваёй партыі, пакажа новыя вытворчыя поспехі ў любых умовах і любых абставінах. Калі ж будзе патрэбна, то мы разам з вамі пойдзем у бой”. 



Мінск, вуліца Савецкая, 1930-я гады



Помнік Леніна ля Дома ўрада ў Мінску

Пасля завяршэння “польскага паходу” будаўніцтва новых аб’ектаў на Мінскім умацаваным раёне было спынена, а будпляцоўкі разабраны. Інструкцыя 1940 года прадпісвала захоўваць знятае з ДАКаў узбраення і абсталяванне на складах кулямётных батальёнаў. Пры гэтым боепрыпасы павінны былі знаходзіцца на цэнтральных складах УРа. У новы 1941 год МіУР увайшоў з 9-ю “трехдзюймоўкамі”, 46 кулямётамі Дзегцярова і 352 кулямётамі Максім. Не ва ўсіх агнявых кропках былі перыскопы і прыборы назірання. Не хапала радыёстанцый і вентылятараў. Пры гэтым на складах знаходзілася дастатковая колькасць артылерыйскіх снарадаў і вінтовачных патронаў. На момант нападу Германіі на СССР ў ДАКах Мінскага ўмацаванага раёна службу нёс толькі адзін кулямётны батальён. Яго жаўнеры нават не здагадваліся, што зусім хутка ім давядзецца сысціся ў смяротнай сутычцы з моцным і бязлітасным ворагам.

Заўтра была вайна

У ліпені 1940 года Беларуская асаблівая вайсковая акруга была перайменавана ў Заходнюю асаблівую вайсковую акругу, штаб якой знаходзіўся ў сталіцы БССР. У раёне Мінска ў гэты час, не гледзячы на тое, што дзяржаўная мяжа перамясцілася на Буг, размяшчалася значная колькасць савецкіх вайсковых частак. Аднак, як сведчаць архіўныя дакументы, на момант нападу Германіі на СССР большасць з іх не была адмабілізавана. Непасрэдна перад пачаткам вайны савецкае камандаванне рабіла спробы разгарнуць войскі, размешчаныя на тэрыторыі савецкай Беларусі і прывесці іх у баяздольны стан, аднак да чэрвеня 1941 года гэтая праца так і не была завершана.  



Будаўніцтва савецкага вайсковага аэрадрома пад Мінскам



Пропуск у Штаб Заходняй асаблівай вайсковай акругі РСЧА ў Мінску, выпісаны ў студзені 1941 года

Ужо ў першыя гадзіны нападу Германіі на СССР паветраная абарона Мінска атрымала паведамленне аб масавых парушэннях мяжы “нямецкімі паветраплавальнымі аб’ектамі”. Як вядома, на маскоўскім накірунку наступала нямецкая група армій “Цэнтр”. На працягу некалькіх дзён часткі вермахта атачылі дзве савецкія арміі ў “Беластокскім выступе” у выніку чаго вялікая колькасць падраздзяленняў РСЧА была знішчана ці трапіла ў нямецкі палон. У гэты ж час германская танкавая група пад камандаваннем генерала Германа Гота наступала на сталіцу БССР. “Улічваючы наяўнасць умацаваных пазіцый на поўнач ад Мінска, камандуючы вырашыў зняць 39-ты танкавы корпус з участку на поўнач ад возера Нарач і накіраваць яго ў раён на поўнач ад Мінска. Аднак, камандаванне групы армій “Цэнтр” настаяла на тым, каб разгарнуць 39-ты корпус на лініі Вільня - Маладзечна фронтам у бок Мінска. Па добрай шашэйнай дарозе Вільня -Маладзечна 39-ты корпус сваёй 7-й танкавай дывізіяй, якая рухалася ў галаве, хутка прасунуўся наперад, свабодна прайшоў праз ня заняты праціўнікам участак лініі ўмацаванняў і амаль без бою 26 чэрвеня выйшаў да аўтастрады на паўночны ўсход ад Мінска. Але 20-я танкавая дывізія 27 чэрвеня з цяжкімі баямі была вымушана прарывацца праз лінію ўмацаванняў на шашэйнай дарозе”,  - адзначаў у успамінах Герман Гот. 



Нямецкія танкі на падыходзе да Заслаўя, чэрвень 1941 года



На шляху да Мінску. Здымак з альбома танкіста вермахта. На здымку бачныя знішчаныя савецкія танкі Т-26

26 чэрвеня часткі вермахта захапілі Маладзечна, Валожын, Радашковічы і вышлі на лінію былой савецка-польскай мяжы. Першымі нацыстаў, якія наступалі на Мінск, сустрэлі… савецкія памежнікі. “Хоць 16-ты (Дзяржынскі) памежны атрад стаяў на старой мяжы, на лініі зоны памежнай загароды Радашковічы-Заслаўе-Негарэлае-Цімкавічы-Чырвоная Слабада, хоць да новай мяжы было больш за 400 кіламетраў, вайна пачалася для нас таксама 22 чэрвеня. Ужо на наступны дзень пасля той “чорнай” нядзелі пачаліся сутычкі памежнікаў з варожымі дыверсантамі, якія былі пераапранутыя ў форму чырвонаармейцаў і камандзіраў Чырвонай Арміі, а часамі ў міліцэйскую форму. А 24-25 чэрвеня баі з гітлераўцамі ішлі на ўсю моц. Асабліва гераічна змагаліся воіны заставы лейтэнанта Трыгубава недалёка ад мястэчка Радашковічы. Немцы кінулі супраць заставы батальён пяхоты і роту танкаў. Многія памежнікі загінулі. Іншыя заставы 16-га памежатрада таксама гераічна змагаліся”, - пазначаў у успамінах былы камандзір Дзяржынскага памежнага атрада, генерал Аляксандр Аляксееў. 



Памежнікі 16-га Дзяржынскага атрада памежных войскаў НКУС БССР ля Заслаўя, пачатак 1941 года

Сапраўды, 5-я савецкая памежная застава, якая знаходзілася ў вёске Меткава, аказала мужны супрацыў пераўзыходзячым часткам вермахта. Яе камандзір, лейтэнант Міхаіл Трыгубаў арганізаваў кругавую абарону заставы, а калі немцы ўсё ж здолелі акружыць памежнікаў, тыя адкрылі вальеры са службовымі сабакамі і выпусцілі іх на ворагаў. Чацвераногія ахоўнікі мяжы загінулі, але дзякуючы гэтай атаке “зялёным фуражкам” удалося вырвацца з атачэння і прабіцца ў Заслаўе, дзе яны працягвалі змагацца з немцамі. Дарэчы, у абароне горада Ізяслава ў чэрвені 1941 года ўдзельнічала больш за 80 памежнікаў, якія адышлі з “заны загароды”. Шмат іх, у тым ліку і камандзір 5-й заставы лейтэнант Трыгубаў, загінула ў кровапралітных баях. 



Знакаміты памежны пераход на былой савецка-польскай мяжы ў Коласава і брама, пабудаваная там бальшавікамі  ў чэрвені 1941 года прыцягвала ўвагу жаўнераў і афіцэраў вермахта



Нямецкія машыны пад Мінскам

Але Мінск абаранялі і гарнізоны ДАКаў Мінскага ўмацаванага раёну. У яго паласе змагаўся 44-ты стралковы корпус камдзіва Васіля Юшкевіча. Вось як баі на лініі савецкіх бункераў характарызалі афіцэры 12-й танкавай дывізіі вермахта: “Супраціў ворага мацней, чым у папярэднія дні баёў, асабліва ў раёне ўмацаванняў на былой руска-польскай мяжы на паўночны ўсход ад Ракава. Агнявыя атакі з лясных масіваў і населеных пунктаў”. 30 чэрвеня 1941 г. штаб 12-й нямецкай танкавай дывізіі дакладваў камандаванню, што танкісты вермахта вядуць баі з часткамі Чырвонай Арміі на лініі памежных умацаванняў на Захад ад Заслаўя і 27 – 28 чэрвеня 1941 года знішчылі там 26 савецкіх ДАКаў. Ацэньваючы супраціў абаронцаў Мінскага ўмацаванага раёну адзін з нямецкіх камандзіраў пісаў: “Дзеянні праціўніка верагодна залежалі ад канкрэтных камандзіраў. Частка гарнізонаў бункераў абаранялася да апошняга чалавека. Іншыя зачынялі амбразуры пры першым жа франтальным агні і добраахвотна выходзілі ў атаку. Некаторыя пакідалі бункеры і займалі палявыя ўмацавання ў прадполлі, дзе абараняліся выключна ўпарта. Рэкамендуецца ўсе без выключэння бункеры знішчыць, нават калі з іх не раздаваліся стрэлы. Такія “уваскрэслыя” бункеры ўвечары 27 чэрвеня значна замарудзілі ў некаторых месцах прасоўванне дывізіі”. 



Знішчаны немцамі савецкі ДАК ля Заслаўя, чэрвень 1941 года

Жорсткія баі адбываліся на розных участках абароны Мінскага ўмацаванага раёна, у тым ліку ля населеных пунктаў Мацкі, Крылава, Шубнікі. Асаблівы гераізм праявілі чырвонаармейцы, якія змагаліся ў ДАКах ля вёскі Хмелеўка. Гутарка ідзе пра бункеры № 107, 106, 105. Для іх знішчэння немцы вымушаны былі прымяніць мінамёты “Nebelwerfer”. 



Знішчаны немцамі ў баях савецкі ДАК пад Мінскам, чэрвень 1941-га

Паводле аповяду мясцовых жыхароў, побач з дарогай на Радашковічы (Пятрышкі) было брацкае пахаванне чырвонаармейцаў. Відавочна там знайшлі свой апошні прытулак абаронцы ДАКаў, якія да апошняга спрабавалі не пусціць ворага ў беларускую сталіцу. Увогуле, у чэрвені 1941 года, Мінск абаранялі чатыры савецкія стралковыя дывізіі, сярод якіх найбольш баяздольнай была 100-я пад камандаваннем генерала Івана Русіянава. 

Мінск рыхтуецца да абароны

А што ж у гэты час адбывалася ў сталіцы БССР? Вось як апісвала дзень нападу Германіі на СССР адна з тагачасных жыхароў горада на Свіслачы: “У нядзелю было выдатнае надвор’е. Падзеяй  гэтага дня быў дзённы спектакль Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра “Школа ліхаслоўя” з удзелам выбітных акцёраў – Андроўскай, Яншына, Кторава, Масальскага. Да Дому Чырвонай Арміі, дзе ў нядаўна пабудаваным будынку быў адзін з лепшых у горадзе тэатральных залаў, накіроўваліся мінскія тэатралы. Мала хто з гараджан звяртаў увагу на аддаленыя гукі выбухаў – усе ўжо прызвычаіліся да вайсковых вучэнняў і вучэбных трывог. [...] А вайна ўжо ішла на ўскраінах і вялікае, ні з чым ні параўнальнае гора насоўвалася на горад”. Кіраўніцтва савецкай Беларусі даведалася пра напад Германіі на СССР ужо ў 5 гадзін раніцы 22 чэрвеня. Праз некаторы час у штабе округу, які знаходзіўся ў будынку Педінстытуту (зараз будынак Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта  імя М. Танка – І.М.) адбылася нарада. Хутка быў адданы загад авіяцыі РСЧА ажыццявіць прыкрыццё Мінска, паводле якога савецкія знішчальнікі былі перакінуты з Усходу на аэрадром у Лошыцы. 



Жыхары Мінска не здагадваліся якая жудасная бяда хутка прыйдзе ў іх дамы

Супрацтпаветраная абарона сталіцы БССР пакідала жадаць лепшага. Горад на Свіслачы прыкрывала 7-я брыгада супрацьпаветранай абароны, але гэтых сіл не хапіла, каб абараніць горад ад самалётаў люфтваффэ. Не гледзячы на неаднаразовыя спробы будаўніцтва бомбасховішчаў да пачатку вайны яны ў належнай колькасці так і не з’явіліся. Пра тое, што пачалася вайна, мінчукі даведаліся з выступлення наркама Вячаслава Молатава па радыё ў 12 гадзін. Пакуль немцы метадычна дабівалі савецкія часткі ў памежных баях, у сталіцы БССР праводзіліся партыйныя канферэнцыі і антываенныя мітынгі. Тлумачылася гэта тым, што людзі проста не ўсведамлялі маштаб трагедыі, якая абрынулася на іх краіну. У памяці мінчукоў быў “пераможны і бязкроўны” “вызвольны паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь”. Памяталі жыхары Мінску і “Зімовую вайну”, якая хоць і была цяжкай, але скончылася “перамогай” над “белафінамі”. 



БДУ



Студэнцкі білет БДУ



Людзі верылі, што баі ідуць ужо пад Варшавай і Кракавам, што РСЧА не абараняецца, а наступае. Дзеці ўвогуле радаваліся, што пачалася вайна, якая “абавязкова будзе для СССР пераможнай”. Вось як узгадваў тыя дні адзін з тагачасных жыхароў сталіцы савецкай Беларусі: “На вуліцы сабраўся тлум. Усе слухалі выступленне Молатава. Дарослыя былі сур’езным, а мы, дзятва весяліліся. Ніхто ж нават думкі не дапускаў, што немцы на шосты дзень у Мінск увойдуць. Мінчукі верылі ў непераможную Чырвоную Армію, якая будзе біць ворага “малай крывёю, магутным ударам”.  

Хутка стала зразумела, што вайна ідзе на Усход. Спачатку ў горадзе на Свіслачы з’явіліся бежанцы. За імі ішлі вайскоўцы Чырвонай Арміі (часта без зброі), супрацоўнікі рабоча-сялянскай міліцыі, якія адыходзілі з Заходняй Беларусі. На другі дзень вайны ў Мінску актыўна пачаліся мабілізацыйныя мерапрыемствы. З часткі мабілізаваных стваралі так званыя “знішчальныя” атрады па ахове парадку ў горадзе. Адзін з байцоў такога падраздзялення так узгадваў тыя падзеі: “Першы ўзвод дзейнічаў у раёне вуліцы Чкалава да аэрапорта, ад цагельнага завода да дарогі, якая ішла на Дзяржынск. Другі ўзвод узяў пад кантроль раён на вуліцы Разінскай і Грушаўскі пасёлак. Трэці ўзвод нёс патрульную службу на вуліцы Апанскага”. 23 чэрвеня 1941 года сталі з’яўляцца першыя дадзеныя пра нямецкія дэсанты, скінутыя ў прадмесцях сталіцы. Нямецкія парашуцісты былі заўважаны ў Ждановічах і Уруччы. “У Чырвоным урочышчы сабралося 600-700 чалавек. Гэта былі добраахвотнікі – мінчукі, жыхары навакольных вёсак і частка байцоў 85-га стралковага палка 100-й дывізіі. Абставіны былі вельмі складанымі. [...] Праціўнік пачаў высаджваць дэсант. Я арганізаваў ліквідацыю дэсанта.  Група парашуцістаў была знішчана ў вёсках Паперня, Калодзішчы, Уручча. [...] Мой атрад уступіў у бой. Байцы былі ўзброены вінтоўкамі, трыма танкамі і дзвума гарматамі. Жаўнеры і апаўчэнцы Мінска змагаліся мужна”, - апісваў тыя чэрвеньскія дні ўдзельнік абароны беларускай сталіцы І. Андрэеў. 



Важную ролю ў захаванні парадку ў прыфрантавым Мінску адыгрывалі супрацоўнікі міліціі. У горадзе на Свіслачы былі створаны спецыяльныя групы рабоча-сялянскай міліцыі якія па начах патрулявалі вуліцы сталіцы БССР. Дзякуючы іх працы на працягу некалькіх дзён удалося затрымаць 10 нямецкіх дыверсантаў, якія з дапамогай ракетніц наводзілі на стратэгічныя аб’екты нямецкую авіяцыю. Дарэчы, сталічным міліцыянерам дапамагалі і іх калегі з Баранавічаў на чале з начальнікам упраўлення НКУС П. Гарачавым. Ахову парадку ў Мінску ажыццяўлялі і байцы 42-й асобнай канвойнай брыгады войск НКУС, асабовы склад якой быў папоўнены на кошт адыходзячых з заходніх абласцей БССР падраздзяленняў канвойных войск і частак наркамату ўнутраных спраў. Менавіта нкусаўцы ахоўвалі галоўныя будынкі Мінску: ЦК КП(б) Беларусі, пошту, тэлеграф. Кожны дзень на ахову ўрадавых будынкаў выдзялялася 190 жаўнераў унутраных войскаў. У гэты ж час у Мінску з разбітых падраздзяленняў НКУС быў сфарміраваны 251-шы полк канвойных войскаў. Яго камандзірам прызначылі капітана А. Касціцына, які раней камандаваў 132-м канвойным батальёнам. Тым самым, што ахоўваў турму Брыгіткі ў Берасцейскай крэпасці. Перад самай вайной афіцэра камандзіравалі ў Маскву, што ўратавала яго ад гібелі ў першыя гадзіны нападу Германіі на СССР. 



Нямецкія войскі рухаюцца праз Радашковічы

23 чэрвеня над Мінскам з’явіліся першыя бамбавікі з крыжамі на крылах, якія скінулі бомбы на станцыю Мінск Таварны і на аэрадром у Лошыцы. У апошнім выпадку была знішчана большая частка савецкіх вайсковых самалётаў. Вось як тыя падзеі апісваў камандзір 43-й знішчальна-авіяцыйнай дывізіі генерал-маёр Г. Захараў: “Нізка над Мінскам хадзілі вялікія двухматорныя машыны. Я бачыў іх, калі падлятаў да горада, але мне ў галаву не магло прыйсці, што гэта Ю-88.  Яны ішлі на малых вышынях і прыцэльна скідалі бомбы на асобныя будынкі. Варожых знішчальнікаў у небе не было. Цэлы дзень яны бамбілі горад і ператварылі аэрадром у жароўню. Увечары яны адчувалі сябе ў поўнай бяспецы. Я знаходзіўся вышэй, над самым цэнтрам горада, калі ўбачыў аднаго над дахам штабу акругі. Спікіраваў, прыстроіўся яму ў хвост і страляў ва ўпор доўгімі чэргамі. Ю-88 не запаліўся, але раптам нахіліўся і ўпаў у раёне опернага тэатру.  Над ускраінай я атакаваў другога і запаліў яго. Ён адыходзіў пакідаючы дымны след. Я мяркую, што ён не выцягнуў, так як у яго, як і ў першага быў малы запас вышыні”.  



Знішчаны савецкі танк БТ-7 пад Мінскам

Пасля першых бамбардзіровак горада было прынята рашэнне пачаць эвакуацыю з Мінска актываў Дзяржбанку. Грошы і каштоўнасці са сталіцы БССР былі эвакуіраваны 25 чэрвеня і накіраваліся ў Тамбоў. Пры гэтым, як адзначае беларуская даследчыца І.Варанкова, эвакуіраваць грошы з ашчадных кас Мінска у поўным аб’ёме не ўдалося. Што ж тычыцца заводаў і фабрык, то ніводнага з 332 мінскіх прамысловых прадпрыемстваў вывезці не паспелі. Станкабудаўнічы завод імя С. Кірава, кандытарская фабрыка “Камунарка” і некалькі іншых прадпрыемстваў былі знішчаны падчас бамбардіровак гораду. Радыёзавод імя Молатава, які быў свораны на базе “трафейнага” польскага заводу “Электрыт”, амаль цалкам быў захоплены немцамі і пад час акупацыі выкарыстоўваўся імі ў вайсковых мэтах. Немцам “пакінулі” і Дзяржаўную карцінную галерэю БССР.  На вуліцах валяліся кнігі з Бібліятэкі Акадэміі Навук. Пры гэтым здараліся выпадкі, калі ініцыятыва аднаго чалавека ратавала кінутыя ворагу каштоўнасці. Супрацоўнік мінскага НДІ будматэрыялаў Тэвель Лайзераў вывез з Мінска плаціну і здаў яе ў адзяленне Дзяржбанку.



Знішчаная савецкая вайсковая тэхніка

 “Рыхтаваліся да эвакуацыі інстытуту, але машын не было. Калі я сустрэў у калідоры дырэктара Ратнэра, то сказаў яму, што плаціну нельга пакідаць ворагу. Вырабы з плаціны, галоўным чынам ціглі і кубкі былі ў шафе. Ключ быў ў Рыскіна, які жыў дзесці на Ляхаўке. Горад бамбілі і марудзіць было нельга. Паклікалі інстытуцкага цесляра, адчынілі шафу і канфіскавалі ўсю плаціну. Узважылі і выявілі, што ўсяго 1550 гр. Усё гэта мне перадалі на захоўванне. [...] На наступную раніцу, за дзень да прыходу немцаў, працоўныя інстытуту пайшлі па Магілёўскай шашы пешшу. [...] У Магілёве цягніка не было. Мы чакалі яго. Не памятаю дзе мы перайшлі ў вагон. Даехалі да Мічурынска ўтраіх. У прысутнасці дзвух супрацоўнікаў інстытута я здаў плаціну у Мічурынскі Дзяржбанк”.

Жудасны дзень

Раніцай 24 чэрвеня 1941 года самалёты Люфтваффэ ажыццявілі маштабную бамбардзіроўку горада на Свіслачы, якая працягвалася цэлы дзень. Тады быў знішчаны амаль увесь цэнтр Мінска. Вось як апісваў тыя падзеі адзін з відавочцаў: “Аўторак не толькі паламаў надзеі жыхароў на абарону, але аказаўся зруйнавальным для горада. Раніца пачалася, як і напярэдадні з закліку па радыё: “Грамадзяне, паветраная трывога! Да гораду набліжаюцца варожыя бамбавікі”. Грамадзянам было не зразумела, што рабіць. Але трамваі хадзілі і працоўныя дысцыплінавана накіроўваліся на працу. Астатнія абыватэлі, не забываючы пра паветраную трывогу, пыталіся займацца паўсядзённымі справамі. Няпэўнасць прайшла даволі хутка – на горад абрынуўся шквал бомбавых удараў. Самалёты ляцелі нізка над безабаронным горадам. Жыхары мітусіліся. Здавалася, схавацца не было дзе, самалёты ляталі над усімі вуліцамі адразу. Арганізаваных дзеянняў па абароне, самаабароне і эвакуацыі не было. Відаць паніка ахапіла і гарадское кіраўніцтва”. Немцы бамбілі Мінск метадычна, карыстаючыся дадзенымі выведкі. Да таго ж, па ўспамінах тагачасных жыхароў горада, перад вайной ў Мінску з’явілася шмат “невядомых асоб”, якія насамрэч з’яўляліся агентамі Абвэра. Безумоўна, іх інфармацыяй нацысты карысталіся падчас нападу на СССР увогуле і захопу Мінска ў прыватнасці. 



Разбураны нямецкімі бомбамі Мінск



Чэрвень 1941-га. Мінск. У далечыні бачны моцна пашкоджаны будынак гатэлю "Беларусь"



Пілоты Люфтваффэ разумелі, што іх удар канчаткова дэмаралізуе як мінчукоў, так і абаронцаў горада. Вялікая трагедыя звязана з так званым “3-м Домам Саветаў”, які быў пабудаваны ў 1936 годзе па праекту архітэктараў А. Дзянісава і У. Вараксіна. Тут жылі сем’і камандавання РСЧА. Гэты будынак быў пабудаваны з улікам нестабільнай міжнароднай палітычнай сітуацыі і мяжы, якая была побач, таму ў ім было бомбасховішча. 



3-ці Дом Саветаў. Здымак 2016 года







Ахвяры нямецкай бамбёжкі Мінска. Чэрвень 1941 года





Зіма 1942-га. Разбураны нямецкай авіяцыяй Мінск



У чэрвені 1941 года там хаваліся жонкі і дзеці савецкіх камандзіраў. Падчас нямецкай бамбардзіроўкі Мінска адным з выбухаў быў завалены ўваход памяшкання, дзе хаваліся жыхары дома, у выніку чаго загінула больш за 100 чалавек. “Мы глядзелі ў неба, дзе плылі і плылі фашысцкія сцярвятнікі ў бок Мінска. А ўдалечыні, за гарызонтам, уздымалася чорнае воблака дыму. Было зразумела, што Мінск гарэў. Ноччу, у тым баку было бачна вялікае зарыва, якое слалася як па гарызонце, так і ў вышыню. Балюча было глядзець, на безперашкодную бамбардзіроўку любімага горада. Яшчэ больш балюча было назіраць, як фашысцкія самалёты, лётаючы на нізкай вышыні, беспакарана растрэльвалі са сваіх кулямётаў тлумы бежанцаў”, - узгадваў тыя дні адзін з жыхароў Дзяржынску. У выніку налёту авіацыі Люфтваффэ найбольш пацярпелі дамы на вуліцах Савецкай (сёння Праспект Незалежнасці), Валадарскага (Гарадскі вал), Урыцкага (Раманаўская Слабада), Правіянцкая (Захарава) і шэрагу іншых вуліц сталіцы БССР. У горадзе не было святла і вады, спынілася праца хлебазаводаў і крам. 

Уцёкі чыноўнікаў і трагедыя звычайных гараджан

Пасля гэтай жудаснай бамбёжкі ўсім стала зразумела, што Мінск не ўтрымаюць. 25 чэрвеня 1941 года кіраўніцтва БССР выехала ў Магілёў. У гэты ж дзень часткі 42-й брыгады канвойных войскаў НКУС былі выведзены ў раён Прылук. Пры гэтым у горадзе пакінулі паўтары роты “васільковых фуражак”. Гэтыя падраздзяленні ўжо не маглі кантраляваць сітуацыю. Жыхары горада на Свіслачы спрабавалі ўласнаручна выехаць з ахопленай агнём сталіцы. Вось як тыя дні ўзгадваў начальнік адзела кадраў Мінскага паравознага дэпо А. Коцікаў: “25 чэрвеня, не памятаю хто, але сказаў, што адыходзіць апошні эшалон, і калі ты не з’едзеш, то застанешся тут у Мінску. Даехалі да станцыі Седча. У гэтым цягніку ехалі Міронаў, Карасёў (начальнік паравознага адзела), Басманаў. Начальнік палітадзела і ўсе кіруючыя таварышчы, якіх я назваў, адчэпліваюць паравоз, увесь эшалон з чыгуначнікамі і жыхарамі Мінска кідаюць, а самі з адным вагонам збягаюць. Мы дайшлі да станцыі Рудзенск дзе нас затрымаў кардон. Палкоўнік сабраў нас 26 чэрвеня і сказаў, што нас вярнуць у Мінск, таму што горад немцам не здадуць”. Значная колькасць мінчукоў вымушана была сама эвакуіравацца з Мінска. “Ратаваліся, як маглі. Кідалі жытло і маёмасць, часта проста з месца працы гараджане ішлі куды вочы глядзяць. Хутка вызначыўся агульны накірунак уцёкаў ад бамбардзіровак, на ускраіну, да лесу. Там сабраўся вялікі, бязладны натоўп. Яго добра бачылі нямецкія пілоты і растрэльвалі людзей з кулямётаў”, - узгадвала адна з відавочцаў тых жудасных падзей. Большая частка жыхароў Мінска ратавалася, сыходзячы з гораду па Магілёўскай і Маскоўскай шашы на Усход. Аднак і гэтыя шляхі былі небяспечнымі, бо дзе нідзе, людзі траплялі на савецкія заслоны, і чырвонаармейцы прымушалі жыхароў сталіцы БССР вяртацца назад. Іншым людзям шлях на Усход пераразалі нямецкія войскі. Трэція імкнуліся застацца ў населеных пунктах, да якіх на той момант дайшлі. Кінутыя ў Мінску кватэры сталі ахвярамі марадзёраў, якія карысталіся безуладзем у горадзе. 



Нямецкія войскі ўваходзяць у Мінск. Чэрвень 1941 года



Будынак Дома ўрада. Здымак зроблены жаўнерам вермахту





Пра тое, што план эвакуацыі Мінска савецкім чыноўніцтвам не быў распрацаваны сведчыць той факт, што з гораду на Свіслачы не паспелі вывезці… Архіў Саўнаркама БССР, пра што пазней П. Панамарэнка дакладаў І.Сталіну. Гутарка ішла пра дакументы, якія тычыліся дзяржаўнага ўпраўлення БССР, спісы членаў урада і іх сямей, кіраўніцтва камсамолу і ўся дакументацыя, якая мела дачыненне да мабілізацыйных мерапрыемстваў. Пазней рабіліся спробы накіраваць у акупіраваны немцамі горад спецгрупу НКУС, якая павінна была знішчыць дакументы, але чэкісты не прабіліся. Трагічнасць сітуацыі, звязанай з эвакуацыяй, падкрэсліваў у лісце да І. Сталіна загадчык сектару Мінскага абкама КП (б) Беларусі Міхаіл Сарокін: “Пачалася моцная бамбардзіроўка горада. Насельніцтва ў паніцы ўцякала ў лясы, адступала ў гарады Барысаў, Оршу і Магілёў, пад абстрэлам варожых самалётаў, дыверсантаў-парашуцістаў. Але гэтага можна было не дапусціць, калі б сакратары абкама ганебна не беглі з горада, а кіравалі б эвакуацыяй”.

Немцы ў горадзе

Нагадаем, што ў той момант, калі савецкае кіраўніцтва “эвакуіравалася” у Магілёў, чырвонаармейцы ў бункерах і акопах ля Заслаўя гераічна змагаліся з пераўзыходзячымі сіламі немцаў. Пры гэтым у самім Мінску пачынаючы з 26 чэрвеня ўжо амаль не было арганізаванай улады. У гэты ж дзень у раёне Плошчы Свабоды была заўважана група нямецкіх матацыклістаў. Супраць іх была кінута рота танкаў Т-26, якая знішчыла ворага. Аднак 28 чэрвеня 1941 года нямецкія танкі 20-й дывізіі ўсё ж увайшлі ў ахоплены пажарамі горад на Свіслачы. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Процька, які на момант пачатку вайны жыў у вёске Драчкава ля Смалявічаў узгадваў наступнае: “Чуткі станавіліся ўсё больш трывожнымі. Немцы ўзялі Брэст, падыйшлі да Гродна, пад Барысавам высадзіўся нямецкі дэсант. Ноччу над Мінскам былі бачныя сполахі. Горад бамбілі. 27 чэрвеня на плошчы ля крамы пачуліся крыкі. Крычаў, апрануты ў чырвонаармейскую форму, сярэдніх гадоў мужчына. “Ратуйцеся, хто можа. Немцы захапілі Мінск”, - галасіў незнаёмы. Кучка бежанцаў захвалявалася, заплакала і подбегам кінулася на дарогу. А мужчына ўсё крычаў пра жахі, якія твораць немцы з бежанцамі. Праз нейкі час двое чырвонаармейцаў – і адкуль толькі ўзяліся – схапілі мужчыну за шкіркі, і, адвёўшы да могілак, застрэлілі. Людзям патлумачылі “нямецкі лазутчык, спецыяльна сеяў паніку”! Узялі па бохану хлеба, цукру, пячэння і зніклі – гэтак жа непрыкметна, як і з’явіліся. Назаўтра ўжо ўся вёска казала, што Мінск пад немцамі. На наступны дзень, было гэта 30 чэрвеня, механізаваная калонна немцаў заехала ў Драчкава з боку Пятровічаў, і не спыняючыся, павярнула на Смалявічы”. 



Нямецкі жаўнер пазіруе ля знішчанага помніка Леніну ля Дома ўрада

Дзякуючы таму, што жаўнеры вермахту любілі рабіць фотаздымкі, у нас ёсць выдатная магчымасць убачыць Мінск чэрвеня 1941 года. Найбольш папулярным аб’ектам, які любілі фатаграфаваць нямецкія салдаты быў Дом ураду ці “Leninhaus”, як яго называлі акупанты. Акрамя гэтага, захавалася шмат здымкаў знішчанай савецкай вайсковай тэхнікі. Дарэчы, шмат увагі немцы надавалі і савецкім ДАКам Мінскага ўмацаванага раёну, якія ім прыйлося штурмаваць ля Заслаўя і ў іншых населеных пунктах. Вось, як апісваў захоплены немцамі горад адзін палонны чырвонаармеец: “У сярэдзіне ліпеня 1941 года пасля шэрагу прыгод і жыцця ў лесе я падышоў да Мінску. Горад увесь дыміўся ад папялішчаў. Мяне ніхто не спыніў і я пайшоў па паўразбураным вуліцам. Дзесці выглядвалі жанчыны і дзеці, на маставой валяліся забітыя коні, тэлеграфны і трамвайны дрот. З аднаго дому выбегла старая жанчына і працягнула мне хлеб і кавалак мяса. Запытала: куды я іду? [...] Я адказаў, што хутчэй за ўсё мяне забяруць у палон. Жанчына ўмольвала бегчы ў лес. Я аддзячыў ёй і пайшоў далей. [...] Міма мяне праязджалі і праходзілі нямецкія вайсковыя часткі, але на мяне ніхто не звяртаў ўвагу. Наадварот, некаторыя жаўнеры махалі рукамі і крычалі “Сталін капут”. Ля вялікага будынку тэатру я спыніўся і замер. Вялікі помнік Сталіну быў разбураны. На маставой валяліся яго галава ў фуражцы, побач кавалкі камення. Мяне аклікнуў нямецкі жаўнер. “Armee oder Zivil?”. На сякунду я задумаўся, але вырашыў казаць усю праўду: “Armee”. У гэты час праходзіў патруль, які вёў некалькі дзесяткаў чырвонаармейцаў. Жаўнер здаў мяне і я пайшоў з гэтай партыяй палонных. Ішлі мы больш за гадзіну. Нарэшце, выйшлі за горад і перад нашымі вачамі адкрылася жудаснае відовішча: уздоўж ракі Свіслач варушылася хмара народу”. 



Немцы ля Опернага тэатра ў Мінску




Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. Здымак 2016 года







Акупацыя Мінска нямецкімі войскамі працягвалася тры гады. Гэта быў час цяжкіх выпрабаванняў для горада і яго насельніцтва. 3 ліпеня 1944 года сталіца БССР была вызвалена з-пад нямецкай акупацыі. Пазней была адбудова і развіццё. 
Ігар Мельнікаў, "Гістарычная праўда", здымкі з калекцыі аўтара
01:00 05/04/2018
загружаются комментарии