Чэрчыль. Лекцыя гісторыі

Такія фільмы, як “Цёмныя часы”, трэба глядзець беларусам і жыхарам постсавецкай прасторы, проста таму, каб даведацца пра гістарычныя факты, пра якія ў нас не любілі ўзгадваць.
“Цёмныя часы” – гэта не проста касцюміраваная драма, якімі славяцца брытанскі і амерыканскі кінематограф. Гэта фільм не толькі пра славутую асобу, якім, безумоўна, быў прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі сэр Уінстан Чэрчыль, але і пра найбольш цяжкі перыяд у гісторыі Вялікабрытаніі, звязаны з пачаткам Другой сусветнай вайны.



“Цёмныя часы” – другая (пасля фільма “Дзюнкерк”) кінакарціна, якая распавядае гледачам пра самы пачатак Другой сусветнай вайны. У цэнтры сюжэта карціны - прапалітычны крызіс у брытанскім урадзе, які адбываецца на фоне катастрофы заходніх хаўруснікаў у Кампаніі 1940 года супраць нацысцкай Германіі. Гэта не першая драматычная праца для рэжысёра Джо Райта, які ў 2004 годзе атрымаў прэстыжную прэмію “BAFTA” за серыял “Апошні кароль”, а праз 2 гады за серыял “Гонар і прадузятасць” быў узнагароджаны прэміяй імя Карла Формана. Сярод яго апошніх прац варта адзначыць і стужку “Ганна Карэніна”, якую рэжысёр зняў у 2012 годзе (у галоўнай ролі актрыса Кірай Найтлі). 



Аўтарам фільма хапае смеласці адкрыта заявіць пра тое, што да трагедыі ў Еўропе прывяла, у тым ліку і недальнабачная палітыка брытанскага прэм’ера Нэвіла Чэмберлена. “Немагчыма дамовіцца з тыграм, калі вашая галава ў яго пашчы”, - крычыць Чэрчыль (у выкананні брытаца Гэры Олдмэна) на сваіх апанентаў, якія прапануюць пайсці на мір з Гітлерам. Ігра гэтага акцёра проста ўражвае. Сыграць фантастычнага злодзея ў “Пятым элеменце”, “кепскага” паліцэйскага ў “Лявоне” ці вампіра “Дракулу” гэта адно, а вось пераўвасобіцца ў ключавую постаць сваёй краіны, ды яшчэ так, што ў пэўныя моманты глядач ловіць сябе на думцы, што перад ім не мастацкае кіно, а дакментальная хроніка – гэта, паверце ўражанню гісторыка і аматара вайсковага кіно, дарагога каштуе.

Дарэчы, такой цяжкай праўды пра падзеі якія папярэднічалі Другой сусветнай вайне вельмі баяцца сучасныя расійскія кінематаграфісты. Між тым, калі ў 1940 годзе вермахт дабіваў французскае і брытанскае войска ў Францыі, Савецкі Саюз быў фактычным хаўруснікам нацысцкай Германіі, і меньш чым за год да гэтага разам з немцамі раздзяліў Другую Рэчы Паспалітую, а потым уласнаручна атакаваў Фінляндыю і рыхтаваўся далучыць да сябе краіны Балтыі. У адной са сцэнаў фільма “Цёмныя часы” Чэрчыць сядзіць на фоне даваеннай мапы Польшчы. Здаецца, гэты кадр зроблены наўмысна, каб яшчэ раз падкрэсліць момант таго, што менавіта пралікі ў палітыцы “прымірэння” з Гітлерам прывялі да катастрофы 1939 і 1940 гадоў. 



Але наперадзе Аперацыя “Дынама” па ратаванні брытанскіх войскаў з Дзюнкерку, Бітва за Брытанію, у якой сярод пілотаў польскіх эскадрылляў Брытанскіх каралеўскіх ВПС з нацыстамі будуць змагацца і ўраджэнцы Беларусі. Усё гэта яшчэ будзе. Фільм “Цёмныя часы” выглядае своеасаблівым прыквэлам да карціны “Дзюнкерк” брытанскага и амерыканскага кінарэжысёра Крыстафера Нолана. Наўрадці творцы гэтых фільмам задумваліся над тым, што робяць своеасаблівы серыял пра падзеі Другой сусветнай вайны ў самым яе пачатку. 

Для беларускага гледача фільм “Цёмныя часы” вельмі карысны, па першае таму, што распавядае пра тое, што адбывалася на заходнееўрапейскім тэатры вайсковых дзеянняў тады, калі паміж Сталінам і Гітлерам яшчэ працягваўся “мядовы месяц”. На жаль, пра ролю Чэрчыля ў барацьбе з нацызмам, пра яго жорсткасць і мудрасць у айчынных падручніках па гісторыі і гістарычных манаграфіях надаецца вельмі мала ўвагі (калі ўвогуле гэта робіцца). А між тым Другая сусветная прыйшла ў Беларусь не 22 чэрвеня 1941 года, а на працягу двух гадоў (з верасня 1939-га) у Еўропе адбываліся важныя для лёсу кантынента падзеі. 



"Усе дзеці выглядаюць так, як я", - адна з фраз Уінстана Чэрчыля, агучаных у фільме "Цёмныя часы"

Добра, што беларусы наведваюць такія фільмы і знаёмяцца з еўрапейскім поглядам на тую вайну. Гэта дапаможа не толькі пашырыць кругагляд, але і даведацца пра тое, пра што доўгі час маўчалі і не ўзгадвалі. 



15:08 21/01/2018
загружаются комментарии