У 1937-м мы ўсе маглі б апынуцца ў курапацкіх магілах…

Пра жудасныя часы сталінскіх рэпрэсій знятыя дзесяткі фільмаў, напісаны сотні кніг, але, на жаль, шматлікія беларусы да сённяшняга дня не прадстаўляюць маштаб трагедыі, якая адбылася ў Беларусі ў 1930-1940-я гады і тое, якія наступствы сталінскія рэпрэсіі пакінулі ў Беларусі.
Бальшавіцкі ўгалоўны кодэкс

Пасля заканчэння вайны з Другой Рэччу Паспалітай на тэрыторыі савецкай Беларусі дзейнічаў угалоўны кодэкс РСФСР. У верасні 1928 года 3-я сесія ЦВК БССР VIII склікання ўхваліла новую рэдакцыю дакумента, які ўступіў у дзеянне ў лістападзе таго ж года. Да сярэдзіны 1930-х гадоў у беларускі УК уносіліся змяненні, аднак Канстытуцыя СССР 1936 года прадугледжвала, што хаўрусны Угалоўны кодэкс павінен быў стаць асноўным на ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза. Менавіта таму ў рэспубліках забаранялася ўводзіць дапаўненні і рабіць змяненні ў гэтым дакументце. 



Савецкія грамадзяне пад канвоем НКУС, 1930-я гады

У  маіх руках Угалоўны кодэкс БССР, выданы ў 1940 годзе. Другі раздзел гэтага дакумента называўся “Контррэвалюцыйныя злачынствы”. Што ж за яны? Пад імі меліся на ўвазе злачынствы, накіраваныя на звяржэнне, падрыў, ці аслабленне ўлады працоўна-сялянскіх Саветаў і абраных імі, на аснове Канстытуцыі Саюза ССР і Канстытуцый саюзных рэспублік урадаў. Галоўным контррэвалюцыйным злачынствам была здрада Радзіме, пад чым разумеўся шпіянаж, выдача вайсковай і дзяржаўнай таямніцы, пераход на бок ворага, уцёкі ці пералёт за мяжу. 

Паводле Артыкулу 63А ў выніку ўцёку за мяжу вайскоўца ўсе паўналетнія члены яго сям’і за тое, што не данеслі пра падрыхтоўку да сыходу за мяжу, караліся пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў, а іншыя члены сям’і “здрадніка” пазбаўляліся выбарчых правоў і высылаліся ў аддаленыя раёны Сібіры. 

Размаўляў з замежнікам – куля ў патыліцу

У сваю чаргу Артыкул 65 УК БССР прадугледжваў растрэл за…зносіны ў контррэвалюцыйных мэтах з замежнай дзяржавай, ці асобнымі яе прадстаўнікамі. Пад гэтае абвінавачанне мог трапіць любы грамадзянін савецкай Беларусі, сваякі якога, напрыклад, жылі ў Заходняй Беларусі. Так, бацька Ядвігі Пятровіч з Койданаўскага раёна ў 1934 годзе атрымаў ад родных з Польшчы ліст. Хутка пра гэта даведаліся савецкія спецыяльныя органы. Усю сям’ю арыштавалі і накіравалі спачатку ў Дзяржынск, а потым у турму ў Мінск. “За супрацу з замежнай выведкай” бацьку жанчыны растралялі, а яе саму прысудзілі да 10 гадоў катаржных прац. 



Афіцэр унутраных войскаў НКУС. Рэканструкцыя

Развітацца з жыццём можна было і за тое, што ты сустрэўся ў Мінску, ці ў іншым беларускім горадзе з прадстаўніком польскага консульства ў БССР. Калі ў чалавека былі, як казалі тады, “праблемы з анкетай”, то ён мог быць абвінавачанны ў супрацоўніцтве з замежнай выведкай ужо тады, калі выпадкова аказваўся там, куды ездзілі польскія дыпламаты. 



Растрэл "ворагаў народа"

Ахвярай такой справы стаў Васіль Антановіч з Бабруйска, якога НКУС абвінаваціла ў супрацы з польскім консулам і перадачы апошняму сакрэтных выведвальны дадзеных. Звычайна нкусаўцам хапала ўскосных доказаў для таго, каб “раскруціць” справу па поўнай. Калі грамадзянін савецкай Беларусі трапляў у “Амерыканку” па Артыкулах 66-68 (шпіянаж ці аказанне якім бы то не было спосабам дапамогі міжнароднай буржуазіі і г.д. – І.М.) то на добры зыход сваёй справы яму спадзявацца не прыходзілася. 

Пад ударам “былыя”

Не меньш жорстка караліся злачынствы, звязаныя з “падрывам дзяржаўнай прамысловасці, гандлю, грашовага абарачэння, ці крэдытнай сістэмы, якія былі здзейснены ў контррэвалюцыйных мэтах” (Артыкул 69). Да такіх злачынцаў ўжывалася, як тады казалі, “вышэйшая мера сацыяльнай абароны” – растрэл. У сваю чаргу 74 артыкул быў накіраваны супраць людзей з катэгорыі “былых”, а менавіта тых, хто “бароўся супраць працоўнага класа і рэвалюцыйнага руху пры царскім строі, ці падтрымліваў контррэвалюцыйныя урады падчас Грамадзянскай вайны”. Такім чынам, усе, хто нейкім бокам меў дачыненне да стварэння БНР, барацьбы, хаця б і ўскоснай, супраць Чырвонай Арміі ў 1918-1921 гг. (напрыклад, на Слутчыне) не мелі шансаў перажыць сталінскія чысткі. 



Курапаты. Нашыя дні

Пры гэтым, варта разумець, што за забойства ў БССР у канцы 1930-х гадоў “давалі” да 10 гадоў турэмнага зняволення, за каррупцыйныя злачынствы – да года, за выраб самагона – два гады, за крадзеж маёмасці – ад 6 месяцаў да 2 гадоў папраўчай працы. 

Памятаць, каб не паўтарылася…

Гісторыя, безумоўна, не ведае ўмоўнага ладу, але я прапаную сучасным беларусам прадставіць, што было б калі б яны жылі ў даваеннай савецкай Беларусі. То паехалі! У цябе брат-сястра жыве пад Маладзечнам, Пінскам, ці ў Горадне? Ну дык ты патэнцыяльны агент замежнай выведкі. А калі яшчэ твой сваяк вырашыў табе ліст даслаць, то ўсё, як казалі ў адным савецкім фільме – “амба”. У 1918-1920 гг. удзельнічаў у стварэнні і дзейнасці Беларускай народнай рэспубліцы - пойдзеш да сценкі, як буржуазны нацыяналіст. А калі яшчэ і са зброяй пад Слуцкам увосень 1920-га быў, дык тут усё ясна для савецкага пракурора. Нарэшце, ездзіў за мяжу па службе, ці ў сталіцы БССР выпадкова прайшоў па адной вуліцы з супрацоўнікам  польскага консульства, канец табе і тваім родным. 



Арышт у Менску. 1930-я гады. Рэканструкцыя

Атрымліваецца, што тады, у жудасныя 1930-я, амаль кожны з нас, сучасных жыхароў незалежнай Беларусі, мог бы лёгка трапіць пад абвінавачанні ў “контррэвалюцыйных злачынствах” і знайсці свой апошні прытулак у Курапацкім лесе, Парку Чалюскінцаў ці іншых месцах масавых растрэлаў НКУС. 



Таму сёння так важна зразумець маштаб трагедыі, якая адбылася ў Беларусі ў 1930-1940 гадах. Дзеля гэтага кожны з нас павінен вывучыць гісторыю сталінскіх злачынстваў, наведаць Курапаты і пакласці кветкі да брацкіх магіл тых, каго знішчыла безчалавечная бальшавіцкая ўлада. Трэба, нарэшце, разлічыцца з тым жудасным мінулым, за якое мы не нясем адказнасць, але пра якое павінны памятаць заўсёды.  
00:19 06/03/2017
загружаются комментарии