Не трэба шукаць вінаватых. Трэба ведаць гісторыю

Адной з найбольш гучных тэм зараз з’яўляюцца выказванні нашага нобелеўскага лаўрэата, спадарыні Святланы Алексіевіч наконт палякаў і халакоста.
Халакост - адна з найбольш жудасных старонак гісторыі Другой сусветнай вайны і ў ім запэцкаліся прадстаўнікі шматлікіх краін Усходняй Еўропы. Падчас сваіх гістарычных даследаванняў сустракаў мноства ўспамінаў пра ўдзел беларускіх паліцаяў у “акцыях” супраць мірнага насельніцтва і жыхароў гетта. Людзі распавядалі, як гэтыя вырадкі сапагамі крашылі голавы габрэйскіх дзяцей, каб с’эканоміць патроны. Але ж былі і сотні беларусаў, якія ратавалі габрэяў. Тое ж самае і ў Польшчы. Безумоўна, да вайны там быў бытавы антысемітызм. 17 верасня 1939 года шматлікія габрэі помсцілі палякам за крыўны, выдавалі із бальшавікам, арыштоўвалі вайскоўцаў, паліцэйскіх. Але гэта ж рабілі і беларусы. І ўсё гэта, аднак, не перашкодзіла сотням палякаў ратаваць габрэйскіх дзяцей падчас акупацыі іх краіны нацыстамі.

І яшчэ пра Хатынь. Гэтую тэму зараз актыўна выкарыстоўвае расійская прапаганда, якая любяць “распавядаць”, як “бандэраўцы” спалілі беларускую вёску. Але батальён, які паліў вёску, у асноўным складаўся з былых афіцэраў РСЧА, якія трапілі ў нямецкі палон і маючы выбар паміж галоднай смерцю і службай ворагу - выбралі другое. І Рыгор Васюра, які камандаваў знішчэннем людзей у Хатыні, быў старшым лейтэнантам Чырвонай Арміі. Вось вытрымка з дапросу гэтага ката на працэсе ў Мінску: “Пытанне пракурора: “Мяркуючы па анкетах, большасць вашых падначаленых да гэтага служылі ў Чырвонай Арміі, прайшлі праз нямецкі палон, іх няма патрэбы вадзіць за ручку?”.

Васюра: “Так, служылі. Але гэта была шайка бандытаў, для якіх галоўнае - рабаваць і п’янстваваць. Вазьміце камузвода Мялешку - кадравы савецкі афіцэр і форменны садыст, літаральна шалеў ад паху крыві. Кухар Мышак рваўся на ўсе аперацыі, каб пазверстваваць і парабаваць, нічым не грэбавалі камандзір аддзялення Лакуста і пісар Філіпаў, перакладчык Луковіч катаваў людзей на допытах, гвалтаваў жанчын: “Усе яны былі мярзотнікі з мярзотнікаў”. Дарэчы, гэтыя факты былі пацверджаны і на працэсе камандзіра ўзвода 118-га паліцэйскага батальёна былога лейтэнанта РСЧА Васіля Мялешкі ў 1975 г. Падсудны даў літаральна ідэнтычныя паказанні. Дык пра якіх “бандэраўцаў” мы кажам?!

Трэба разбірацца ў гісторыі Беларусі і не спяшацца рабіць высновы. Асабліва ўважліва трэба падыходзіць да аспектаў Другой сусветнай вайны. І самае галоўнае, забыць савецкія штампы. Толькі так можна зрабіць аб’ектыўны аналіз тых цяжкіх часоў. 

11:54 04/07/2016
загружаются комментарии