Не трэба жыць стэрэатыпамі

Людзям уласціва абагульняць тое, што яны мала разумеюць. Гэта датычыцца і іншых людзей і асабліва цэлых народаў. Здаецца глабалізацыя ўжо шмат зрабіла, каб людзі маглі вандраваць па свету і пераадольваць стэрэятыпы, але яшчэ шмат хапае тых, каму лепш жыць з памылковым уяўленнем аб іншых людзях, чым спазнаваць іншыя культуры.
Адзін беларускі турыст так ацаніў свой адпачынак у Турцыі: "Добра адпачыў, але "чурбаноў" шмат, а я іх не люблю". А адзін вучоны ў Даніі, ў якога гасціла беларуска, кожны вечар купляў ёй бутэльку віна. Калі яна запыталася, чаму так шмат, ён адказаў: "Вы ж, рускія, шмат п'еце".

Таму мае сэнс звярнуць увагу на некалькі распаўсюджаных стэрэятыпаў, якія могуць замінаць і вучонаму, і чыноўніку, і турысту. Паспрабую схематычна разглядзець некаторыя з іх.

Боязь народаў

Не сакрэт, што цыган ў краінах былога СССР многія не любяць. Тым не меньш, у свой час мне было цікава даведацца з аднаго сур'ёзнага перыядычнага выдання, што цыгане шмат ўвагі надаюць выхаванню дзяцей і навучэнню іх высокім маральным каштоўнасцям. Праз пэўны час асабістае знаёмства з некаторымі прадстаўнікамі гэтай нацыянальнасці дапамагло мне пераканацца, што гэта так.

Аналагічным чынам, распаўсюджана думка, што народы араба-ісламскай культуры (у тым ліку і каўказцы) агрэсіўныя і нецярпімыя. Часткова гэта думка абапіраецца на вядомыя факты тэрактаў радыкалаў-мусульман. 

Але нярэдка забываюцца наступныя рэчы:

1. Выкарыстанне агрэсіі пад рэлігійнымі лозунгамі характэрна і для немусульманскіх культур. У Ірландыі (не толькі Паўночнай) доўгія дзясяцігоддзі ішла крывавая барацьба паміж католікамі і пратэстантамі. У Расіі і Грузіі 1990-х - 2010-х гг. час ад часу з'яўляліся паведамленні аб нападзеннях радыкальных праваслаўных актывістаў на "геяў", дзячоў адукацыі і мастацтва і іншаверцаў. 

У Еўропе і ЗША ХХ ст члены арганізацыі "Каталіцкае дзеянне" неаднаразова нападалі на пратэстантаў і асоб, падазраваных у камуністычных поглядах. Яўрэйскія пагромы ў Еўропе ХХ ст таксама ішлі пад хрысціянскімі лозунгамі. Каб быць аб'ектыўней дадам яшчэ адзін прыклад: апошнія некалькі год у шэрагу штатаў Індыі, напрыклад Каранака, ідуць напады індуістаў на хрысціян, часткова падтрыманыя мясцовай паліцыяй.

2. За акцыямі радыкалаў нярэдка стаяць не столькі рэлігійныя, сколькі палітычныя погляды. Яшчэ адна прычына - у традыцыяналісцкіх поглядах, распаўсюджаных у многіх мусульманскіх культурах. Многае можа выклікаць адмоўную рэакцыю ў грамадстве, толькі таму што гэта новае, незразумелае і грамадства да яго маральна не гатова. Трэба прызнаць, што традыцыяналісцкія погляды да ХХІ ст панавалі і ў праваслаўнай Грэцыі, ды можна знайсці і іншыя не-ісламскія культуры, якія знаходзяцца пад моцным уплывам традыцыяналістаў.


3. Нарэшце, уяўленне аб мусульманах, як аб фанатыках, якое становіцца прычынай дыскрымінацыі каўказцаў, азіятаў і арабаў у цяперашняй Еўропе (у тым ліку ў Расіі і Беларусі), часткова сфарміравана выбарчай палітыкай СМІ. Напрыклад, еўрапейскія СМІ падаюць тэрарыстычную дзейнасць ірладскіх каталікоў, як палітычную, а "Аль-Каіды" як рэлігійную, хоць і там, і там прысутнічаюць абодва матывы. СМІ Беларусі і Расіі вельмі неахвотна падаюць негатыўную інфармацыю пра праваслаўе, але рэдка перадаюць нешта пазітыўнае пра пратэстантызм ці іслам. І ўсё гэта фарміруе светапогляд звычайнага грамадзяніна.

Мне даводзілася працаваць з мусульманамі розных культур у якасці выкладчыка. Скажу што значная частка мусульман далёка ад іх стэрэятыпнага вобраза. Многія з іх не ставяцца сур'ёзна да канонаў сваёй веры (алкаголь, рызыковыя віды спорту), тыя, хто дазваляў сабе нейкія грубыя паводзіны былі проста недавыхаванымі юнакамі, якім многае даравалі ў вну (асабліва ў акадэмічным плане). Таксама я заўважаў, што ўвогуле мужчыны, выхаваныя ў араба-ісламскай культуры звычайна больш ветлівыя і паважлівыя, чым беларусы ці расіяне.

"Гейропа"?

Тэрміны "Гэйропа" і "талераст", якімі абразліва пачалі называць еўрапейцаў асобныя патрыёты ў краінах былога СССР пасля таго як некалькі краін Еўропы дазволілі аднаполыя шлюбы, не маюць пад сабой рэальнай падставы. Калі з 1960-х гг. гомасексуалісты пачалі набываць роўныя правы з людзьмі традыцыйнай арыентацыі, у краінах Еўропы на ўсіх узроўнях грамадства ўзнікла моцная апазіцыя такім пераменам. 

Цяжка зразумець колькі еўрапейцаў выступаюць супраць аднаполых шлюбаў, але іх даволі шмат. Больш за тое, ў Еўропе накапілась незадаволеннасць дэмакратыяй, якая звязана з абаронай правоў імігрантаў, маргіналаў і іншых за кошт падаткаплацельшчыкаў. У пэўнай сітуацыі гэта можа прывесці да ўсталявання аўтарытарных рэжымаў у шэрагу краін Еўропы і да рэпрэсій супраць розных меньшасцяў.

А хіба перамога Канчыты Вурст на Еўрабачанні не сведчыць аб росце талерантнасці да асоб нетрадыцыйнай арыентацыі? Не, бо гэта шоў разлічана на пошук чагосьці новага і арыгінальнага. Адзін раз да спадобы прыйшліся "Буранаўскія бабулі", другі - жаншчына, падобная на Гары Потэра, яшчэ іншы раз - барадаты трансвестыт. Таму ніякіх сур'ёзных падстаў лічыць, што ўся Еўропа "мяняе арыентацыю", няма.

Кітайцы працаголікі, а іх тавары неякасныя?

У савецкіх падручніках па гісторыі пісалі як сяляне зразумелі неабходнасць калгасаў і ахвотна ішлі ў іх. Ёсць аналагічныя байкі і пра рэакцыю англійскіх сялян эпохі Новага часу на палітыку агароджвання. Міф пра працагалізм кітайцаў мае тыя ж карані.

Трэба памятаць, што ў Кітаі практычна няма сістэмы сацыяльнага забяспячэння насельніцтва. Медабслугоўванне платнае, адукацыя таксама, рабочы дзень доўгі, зарплаты невысокія. 



У такіх умовах многія людзі проста не маюць выбару і шмат працуюць, каб мець самае неабходнае. Але хапае і тых, хто працуе, каб мець шмат. Кансьюмерызм (жаданне набываць новыя рэчы) заахвочваецца ў Кітаі (як і паўсюль) бо ён прымушае людзей працаваць больш, калі ўжо ёсць самае неабходнае.

Калі ёсць магчымасць не працаваць і атрымоўваць за гэта бонусы, кітайцы ахвотна ёй карыстаюцца. (Гэта можна заўважыць па студэнтам з КНР). Але гэта ўласціва і многім іншым народам.

Што да якасці кітайскіх тавараў, то трэба памятаць пра два варыянты зарабіць грошы на экспарце. Адзін - адпраўляць на экспарт танны нізкаякасны тавар, другі - адпраўляць дарагі эксклюзіўны. У КНР ёсць дарагія высокаякасныя тавары, але яны попытам у постсавецкіх краінах не карыстаюцца, і кітайцы прадаюць туды тавары-"аднаднеўкі", якія набываюць за невялікія грошы, каб карыстацца кароткі час, а потым выкінуць і купіць штосьці больш "трэндавае". Зразумела, работа высокаякасных кітайскіх майстроў з выкарыстаннем матэрыялаў прэміум класа каштуе зусім іншыя грошы і не адпавядае стэрэятыпу "made in China".

Звычай біць посуд

Некаторым народам прыпісваюць традыцыю біць посуд. У грэкаў ёсць традыцыя біць талеркі на вяселлях, у рускіх -шклянкі. Але гэта не значыць, што калі вас запрасілі ў госці ў Грэцыі ці Расіі, вы абавязаны штосьці разбіць ці зламаць. Болей за тое, падчас кіравання "чорных палкоўнікаў" традыцыя біцця талерак была ў Грэцыі афіцыйна забаронена, і цяпер далёка не кожны грэк яе трымаецца ўвогуле. 

Нарэшце, гаспадарам дома можа быць вельмі непрыемна, калі госць разбіў нейкі прадмет, які, маўляў, быў напамінам аб памерлай бабулі ці быў самым каштоўным у доме... Калі Мікі Рурк на перадачы "Пражэктар Перысхілтан" кінуў шклянку аб падлогу (пры гэтым яна не разбілася), ён можа здаваўся сабе сапраўдным рускім, але мне, рускаму, гэта здавалася дурным учынкам. Лепш б вывучыў пару слоў на рускай...

Звычай цалаваць руку жаншчыне

Аднойчы мне даводзілася пісаць на гэту тэму, але хачу закрануць яе ў плане стэрэятыпаў. Распаўсюджана думка, што гэты звычай шырока распаўсюджаны ў Польшчы, Румыніі. Ёсць тыя, хто сур'ёзна верыць, што ў Францыі і Расіі таксама актыўна цалуюць дамскія ручкі. Але факты сведчаць, што ва ўсіх гэтых краінах такі звычай больш не з'яўляецца масавым і нават лічыцца старамодным. 

Зразумела, у пэўных сітуацыях гэта можа быць і пажаданым, але ў іншых гора-турыст ці небарака-бізнесмен можа прымусіць пачырванець даму, раззлаваць яе мужа ці проста выклікаць смех тых, хто за гэтым назірае.

Асцярожнасць - гэта не забітасць

Цяпер вяртаюся на Радзіму. Многія лічаць беларусаў ціхім і разважлівым народам. 



Некаторыя - памяркоўным і талерантным. Але я б назваў беларусаў асцярожнымі. Ім уласціва не спяшацца прыймаць нешта новае, але праз пэўны час назірання яны яго прыймаюць. А забітымі беларусаў лічаць пераважна тыя, хто не ездзіў у беларускім грамадскім транспарце ў гадзіну пік. 

Талерантнымі беларусаў можна назваць вельмі ўмоўна, у апошнія гады расце нецярпімасць да чужаземцаў, пераважна замежных студэнтаў, ёсць трывалае негатыўнае стаўленне да пратэстантаў, індуістаў, іўдэяў і мусульман. У адрозненні ад вышэй згаданых праяў нецярпімасці ў Расіі і Грузіі, у Беларусі праваахоўная сістэма працуе больш паслядоўна, і таму зарэгістраваных выпадкаў агрэсіі на глебе нецярпімасці значна меньш.

Таму лепш называць беларусаў асцярожнымі. Але гэта можа быць глебай да фарміравання талерантнасці як нацыянальнай рысы.

Выкараненне стэрэятыпаў

Па-першае, варта памятаць, што кожны чалавек унікалны, гэта асоба, а не тыповы прадстаўнік чаго-небудзь. Нават калі гэта той, каго ты лічыш ворагам. Чалаваек можа належыць  да пэўнай нацыянальнасці ці культуры, але трымацца толькі некаторых традыцый і каштоўнасцяў.

Па другое, уяўленне аб пэўнай нацыі, рэлігіі ці культуры можа складацца на падставе недакладнай інфармацыі. Калі гэта інфармацыя ідзе з крыніцы, якая належыць апанентам пэўнай культуры, то трэба разумець вялікую магчымасць з'яўлення перабольшванняў ці нават падману ў апісанні "тыповых прадстаўнікоў". 

Калі пра каго-небудзь (напрыклад, цыган ці мусульман) гаворка ідзе выключна па прынцыпу "альбо дрэнна, альбо нічога", значыць такой інфармацыі немагчыма цалкам давяраць.

Гэта датычыцца і даверу да рэканструкцыі традыцый. Грэкі могуць зрабіць вечарыну для замежнага госця з масавым біццём посуду, але гэта не значыць, што яны так робяць у паўсядзённым жыцці. Беларускія традыцыі ў аграсядзібах для турыстаў значна адрозніваюцца ад тых, якіх сапраўды трымаюцца сучасныя беларусы. Таму нельга будаваць сваё ўяўленне аб іншых народах на падставе падобных "шоў".

Па-трэццяе, знявага да людзей, якіх не разумееш, можа вярнуцца як бумеранг. Беларускае грамадства многае зрабіла, каб павялічыць колькасць цыган, якія аддаюць перавагу крымінальнаму заробку, бо нярэдка ім не даюць магчымасць адчуваць сябе роўнымі ў грамадстве. У свой час палітыка Расійскай імперыі па абмежаванню правоў яўрэяў прывяла да таго, што яны актыўна папаўнялі крымінальныя структуры (на падставе ідыша ўзнікла бандыцкая мова "феня") і радыкальльныя рэвалюцыйныя групы. Тыя, хто сёння распальвае нянавісць паміж рускімі і ўкраінцамі, робяць свой унёсак, каб праз пэўныя гады іх унукі не маглі запрасіць на танцы ўнучак былых ворагаў.

Нарэшце, трэба памятаць, што чалавечая прырода праяўляецца прыкладна аднолькава ў розных народаў. Ва ўсіх народах і культурах людзі любяць сваіх дзяцей і жадаюць жыць у міры і спакоі. 


Таму не разумна разглядаць дрэнныя ўчынкі прадстаўніка чужой культуры, рэлігіі ці нацыі як тыповыя. У свой час мне гэта дапамагло захаваць добрыя адносіны з непаслухмянымі студэнтамі з Туркменістана на ФМА БДУ: я караў іх за дрэнныя ўчынкі, але пры гэтым даваў зразумець, што я не стаўлю іх ніжэй за паслухмяных беларускіх студэнтаў. Думаю, калі аддзяляць падобным чынам паводзіны чалавека ад яго культуры, можна пазбегнуць патэнцыяльных канфліктаў з тымі, хто прыязджае ў чужую краіну з мірам.

00:37 05/06/2015
загружаются комментарии