Паштоўка з беларускімі партызанамі

Супрацоўнікі Беларускага Радыё Рацыя Аляксей Трубкін і Арцём Сізінцаў, стыпендыят праграмы імя Кастуся Каліноўскага Андрэй Цянюта ды графічны дызайнер Ігар Венско выдалі паштоўку, прысвечаную беларускаму антыбальшавіцкаму руху 1919-1924 гг.
Паштоўка з беларускімі партызанамі
istpravda.ru/bel
Асновай паштоўкі, якая была выдадзена накладам у 500 экзэмпляраў, стала адмыслова зробленая каляровая версія вядомага фотаздымка партызанаў атамана Лукаша Сяменіка, якая дагэтуль была ў шырокім доступе толькі ў чорна-белым колеры вельмі дрэннай якасці, піша racyja.com. На прадстаўленым на паштоўцы здымку бачна выява партызан паўстанцкага аддзела на чале з Лукашам Сяменікам (у цэнтры). Па правую руку ад яго – Юрка Моніч. За атаманам – Васіль Муха. Здымак быў зроблены ў вёсцы Вялікае Стахава, 1919 г.

Падчас вырабу паштовак выявіліся новыя факты, датычныя фотаздымка. Перадусім гэта месца (вёска Вялікае Стахава, што каля Барысава), дзе быў зроблены фотаздымак. Таксама атрымалася ўдакладніць дату – 1919, а не 1920 год, які фігураваў у беларускай гістарычнай літаратуры. 

Тое ж датычыць і правільнай формы прозвішча атамана Лукаша Сяменіка, якога па-рознаму памылкова называлі яшчэ ў часы дзейнасці яго партызанскага аддзела, пра што сведчыць артыкул у менскай газеце таго часу „Беларускае жыцьцё” № 3 (25) 1920 год: Лукаш Сяменік – беларускі вайсковец, ураджэнец вёскі Траянаўка Халопеніцкай воласці Барысаўскага павета. 

Гэты чалавек удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. Быў арганізатарам Першага Беларускага партызанскага аддзела, які паспяхова дзейнічаў супраць бальшавікоў у Барысаўскім ды Менскім паветах у першай палове 1919 года. Аддзел налічваў каля 50 чалавек. 


"Гістарычная праўда"
21:50 04/07/2018
загружаются комментарии