1 ліпеня прэзентацыя “Забытага корпуса” ў Бабруйску

Ігар Мельнікаў прадставіць апошнія асобнікі ўнікальнага выдання ў цытадэлі на Бярэзіне.
1 ліпеня прэзентацыя “Забытага корпуса” ў Бабруйску
istpravda.ru/bel
Доўгі час гісторыя падзей студзеня-чэрвеня 1918 года на тэрыторыі Бабруйшчыны даследавалася ў айчыннай гістарыяграфіі вельмі павярхоўна. Часцей усё зводзілася да кароткіх нататак пра “мяцеж корпусу Доўбар-Мусніцкага”. Гэта паўплывала на амаль поўную адсутнасць гэтага гістарычнага сюжэта ў беларускіх навуковых даследаваннях. Кніга кандыдата гістарычных навук Ігара Мельнікава “Забыты корпус. Гісторыя польскага войскана тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919-1920 гг.” змяніла дадзеную сітуацыю ў лепшы бок і дазваляе зразумець падзеі, якія адбываліся ў Беларусі ў 1918 г.

Галоўная мэта гэтага выдання – распавесці чытачам гісторыю стварэння і дзейнасці Першага польскага корпуса на тэрыторыі Беларусі, апісаць тыя факты, пра якія раней не ўзгадвалі айчынныя даследчыкі і навукоўцы. Перыяд, калі гэтае вайсковае фарміраванне знаходзілася на тэрыторыі нашай краіны, адзін з ключавых у беларускай гісторыі. 

Менавіта ў сакавіку 1918 года была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі – дзяржавы, без якой не было б БССР. БНР стала першай у ХХ стагоддзі спробай беларусаў заявіць пра жаданне жыць у незалежнай дзяржаве. Факт яе стварэння заклаў падмурак, на якім ужо ў канцы ХХ стагоддзя паўстала незалежная Рэспубліка Беларусь. Якую палітыку абрала камандаванне Першага польскага корпуса ў дачыненні да беларусаў і іх краіны? За што змагаліся польскія легіянеры ў 1918 годзе? Як ацэньвалі польскія камандзіры вартасць Бабруйскай крэпасці? Як БНР ставілася да войска Доўбар-Мусніцкага? На гэтыя і іншыя пытанні вы знойдзеце адказы ў “Забытым корпусе”. 

Падзеі польска-бальшавіцкай вайны на Бабруйшчыне – гэта таксама малавывучаны аспект беларускай гісторыі. У новай працы Ігар Мельнікаў паспрабаваў абагульніць вядомыя факты, а таксама знайшоў і апрацаваў шмат новых дакументаў, матэрыялаў і ўспамінаў, якія дапамагаюць зразумець тыя падзеі менавіта з беларускага пункту гледжання. 

Асобная ўвага ў выданні нададзеная гісторыі Бабрускай крэпасці – аднаго з архітэктурных цудаў Беларусі. Вельмі спадзяюся, што кніга, якую чытач трымае ў руках, дапаможа яму ліквідаваць яшчэ адну “белую пляму” ў ведах па айчыннай гісторыі, звязаную з гісторыяй Першага польскага корпуса на тэрыторыі Беларусі. Веру, што гэтая праца паспрыяе развіццю цікавасці да мінуўшчыны Бабруйска і цытадэлі на Бярэзіне. 

Ігар Мельнікаў прысвяціў новую кнігу 100-гадоваму юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама роднаму для яго Бабруйску. 

1 ліпеня 2018 года ў 12-30 даследчык прадставіць кнігу “Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919-1920 гг.” у Бабруйску. Прэзентацыя адбудзецца на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці, побач з месцам, дзе знаходзілася Мінская брама цытадэлі. Уваход на мерапрыемствы вольны!
"Гістарычная праўда"
11:39 26/06/2018
загружаются комментарии