У Баранавічах адсвяткавалі 100-годдзе БНР

Сярод іншых перад гасцямі ганаровай імпрэзы, якая адбылася ў гарадзкім парку, выступіў беларускі гісторык Ігар Мельнікаў.
У Баранавічах адсвяткавалі 100-годдзе БНР
istpravda.ru/bel
Баранавіцкая зямля па сёння захоўвае шматлікія артэфакты Першай сусветнай вайны, у полыме якой загінулі Расійская, Германская, Аўстра-Венгерская і Турэцкая імперыі, а на іх абломках з’явіліся маладыя незалежныя дзяржавы, адной з якіх была і Беларусь. 



Унутры аднаго з нямецкіх ДАКаў Першай сусветнай вайны пад Баранавічамі





Нехта, як Польшча і краіны Балтыі адстаялі сваю незалежнасць. Іншым, як Беларусі і Украіне прыйшлося стаць часткай савецкай імперыі. Аднак беларусы ў 1918 годзе зрабілі першы крок да незалежнасці, якую яны канчаткова атрымалі ў 1991 годзе. 











Напярэдадні 100-гадовага юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі гарадскія ўлады Баранавічаў дазволілі правесці ўрачысты мітынг. 



Аднак у прадстаўнікаў дэмакратычнай супольнасці горада было вельмі мала часу і фінансавых сродкаў, каб арганізаваць вялікае мерапрыемства. Разам з тым, яны паспрабавалі і зрабілі ўсё, што магчыма, каб Баранавічы годна сустрэлі стагоддзе беларускай незалежнасці. 



Беларускія нацыянальныя сцягі ў парку ў Баранавічах







У парку было вельмі шмат супрацоўнікаў міліцыі ў форме і ў штацкам, але яны паводзілі сябе ветліва. 



Выступае кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў

Адным з галоўных выступоўцаў на мерапрыемстве быў кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў, які наведаў палесскі горад у мундзіры падпарутчыка Слуцкай стралковай брыгады Войскаў БНР. 



Даследчык распавёў пра ключавыя моманты з гісторыі стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, пра тое, як ствараліся розныя беларускія вайсковыя фармаванні ў перыяд 1918-1920 гг. 











Асаблівую ўвагу Ігар Мельнікаў звярнуў на тое, які ўплыў аказала абвешчанне БНР на далейшае развіццё беларускай дзяржаўнасці. 



Пасля выступлення гісторыка шматлікія гараджане змаглі сфатаграфавацца з Ігарам Мельнікавым, які быў апрануты ў унікальны мундзір эпохі Беларускай Народнай Рэспубліцы. 







Нагадаем, зараз ідзе збор сродкаў на выданне ўнікальнай кнігі Ігара Мельнікава “Забыты корпус”, прысвечанай гісторыі стварэння і дзейнасці Першага польскага корпуса на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918 г. Кнігу аўтар прысвяціў 100-годдзю БНР. Аднак, сродкаў, сабраных па сёння, не хапае на выданне кнігі, таму заклікаем падтрымаць гэты мега-цікавы гістарычны праект. Ахвяраваць грошы можна тут.



"Гістарычная праўда"
21:26 25/03/2018
загружаются комментарии