Ігар Мельнікаў прэзентуе кнігу пра беларускую дывізію Войска Польскага

Мерапрыемства адбудзецца 12 студзеня 2018 года ў 19-00 у Галерэі TUT.BY. Уваход вольны.
Ігар Мельнікаў прэзентуе кнігу пра беларускую дывізію Войска Польскага
istpravda.ru/bel
У міжнародным выдавецтве “Edipresse Polska” убачыла свет кніга вядомага беларускага гісторыка Ігара Мельнікава, прысвечаная гісторыі 20-й “беларускай” дывізіі пяхоты Войска Польскага. Выданне выйшла ў серыі “Вялікая кніга польскай пяхоты”.  



Кніга, выдадзеная на польскай мове, прысвечана гісторыі палкоў, якія ўваходзілі ў склад узгаданай вышэй вайсковай часткі. Гутарка ідзе пра 78 полк слуцкіх стральцоў,  79 полк слонімскіх стральцоў імя Льва Сапегі, 80 полк навагрудскіх стральцоў. Нагадаем, што ў міжваенны час 20-я пяхотная дывізія польскага войска дыслакавалася ў раёне Баранавічы–Слонім і ў выпадку вайны з Савецкім Саюзам павінна была змагацца ў ДАКах Баранавіцкага ўмацаванага ўчастка. 









Аднак ў 1939 годзе абарончыя планы прыйшлося перагледзець і падчас прыхаванай мабілізацыі ў сакавіку баранавіцкая дывізія была перакінута пад Млаву. За некалькі месяцаў жаўнеры дывізіі паспелі пабудаваць доўгатэрміновыя палявыя ўмацаванні. Раніцай 1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. “Беларуская” дывізія адной з першых сустрэла ворага. Па планах нямецкага камандавання, падраздзяленні вермахта павінны былі імгненна прабіцца праз Млаўскі абарончы ўчастак і выйсці да польскай сталіцы. Аднак “палешукі” трымалі нацыстаў пад Млавай на працягу трох дзён. Значная частка жаўнераў дывізіі ў тых баях загінула, аднак “палешукі” да канца засталіся вернымі прысязе. 

У кнізе “20 дывізія пяхоты” змешчана вялікая колькасць не вядомых у Беларусі здымкаў і матэрыялаў, узятых з польскіх архіваў, збораў польскіх даследчыкаў, а таксама прыватнага архіва аўтара – беларускага гісторыка Ігара Мельнікава. 











Варта таксама адзначыць, што даследчык апрацаваў вялікую колькасць гістарычных матэрыялаў, знойдзеных у беларускіх і замежных архівах. Так, напрыклад, была сабрана падрабязная інфармацыя аб біяграфіі ўсіх трох камандзіраў узгаданых палкоў. Асаблівую цікавасць ўяўляюць факты з жыцця камандзіра 79-га пяхотнага палка, палкоўніка Канстанціна Забароўскага, які ў сярэдзіне 1930-х гадоў з’яўляўся вайсковым аташэ Амбасады Польшчы ў Маскве. Падчас бітвы пад Млавай ён праявіў сябе як выдатны, дасведчаны афіцэр і стратэг.











“Для мяне была справай гонару зрабіць гэтую кнігу. Канешне, гэта выклік, пісаць на замежнай мове, але я валодаю ангельскай, нямецкай і польскай мовамі і актыўна карыстаюся імі пад час сваіх гістарычных даследаванняў. Я зрабіў кнігу пра беларускіх жаўнераў Войска Польскага, пра іх мужнасць і гераізм, адданасць і самаахвярнасць. Я хачу, каб пра гэтых людзей ведалі і ганарыліся іх подзвігам і ў Беларусі і ў Польшчы. Варта памятаць, што ворагі называлі гэтую дывізію “жалезнай”, а польскае камандаванне неафіцыйна называла яе “беларускай”. Тых герояў ужо няма з намі, але ёсць іх гісторыя і мы, беларусы, павінны ганарыцца, што менавіта нашыя суайчыннікі былі аднымі з тых, хто яшчэ ў верасні 1939 года сказаў Гітлеру “Не”. 









Прэзентацыя кнігі “20 dywizja piechoty” з серыі “Wielka księga piechoty polskiej” адбудзецца 12 студзеня 2018 года ў 19-00 у Галерэі TUT.BY (г. Мінск, праспект Дзяржынскага, 57). Уваход вольны. 

"Гістарычная праўда"
23:01 04/01/2018
загружаются комментарии