Паспейце набыць “Адысею палешука”

13 чэрвеня 2017 года з 18 да 20 гадзіны ў мінскай “Акадэмкнізе” (пр-т Независимости, 72) адбудзецца аўтограф-сесія новай кнігі Ігара Мельнікава.
Паспейце набыць “Адысею палешука”
istpravda.ru/bel
У пачатку мая 2017 года ўбачыла свет кніга ўспамінаў беларускага андэрсаўца Паўла Нічыпарука ў рэдакцыі гісторыка Ігара Мельнікава. Наклад выдання – усяго 300 асобнікаў і ён ужо вычэрпаны. Першымі кнігу атрымалі спонсары, якія падтрымалі яе выданне падчас краўдфандынгавай кампаніі на сайце ulej.by. Акрамя гэтага, частка асобнікаў была даслана ў айчынныя і замежныя бібліятэкі. Зараз у аматараў беларускай гісторыі апошняя магчымасць набыць гэтую цікавую кнігу. 

Аўтар успамінаў - Павал Каленікавіч Нічыпарук нарадзіўся ў жніўні 1902 г. на хутары Жардзечна каля вёскі Запруды (зараз Кобрынскі раён Берасцейскай вобласці). У лютым 1941 г. яго арыштавалі і накіравалі ў лагер ГУЛАГу ў Свярдлоўскай вобласці. У 1942 г. беларус аказаўся ў Арміі Андэрса і ў яе складзе ўдзельнічаў у баях з нацыстамі ў Італіі. У 1948 г. Нічыпарук паехаў у ЗША, дзе і пражыў да самай смерці ў 1979 г. У нататках Паўла Каленікавіча, надрукаваных на машынцы на маленькіх, “амерыканскіх” аркушах паперы, ёсць усё: цяжкая сялянская праца, нечалавечыя ўмовы савецкіх турмаў і ГУЛАГу, фронт і баі з нацыстамі, расстанне з сям’ёй і жыццё ў эміграцыі. А яшчэ — вялікая настальгія па роднай Беларусі. Лёс Нічыпарука тыповы для шматлікіх беларускіх андэрсаўцаў. Шмат жаўнераў пасля вайны вярнулася ў БССР. У 1951 г. савецкія ўлады дэпартавалі гэтых людзей у Іркуцкую вобласць. Іншыя вырашалі застацца “на Захадзе”. Пра гераізм беларускіх жаўнераў Другога польскага корпуса, якія мужна змагаліся супраць гітлераўскіх войскаў на Заходнім фронце, у Беларусі, на доўгі час забыліся. І толькі зараз, калі тых ветэранаў Другой сусветнай ужо няма з намі, праўда пра іх жыццё і выпрабаванні, праз якія яны прайшлі, становіцца здабыткам беларускай грамадскасці. Кніга “Адысея палешука” змяшчае ўнікальныя фотаздымкі з прыватнага архіва Ігара Мельнікава.

Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ў 1989 г. з рукапісам успамінаў гэтага чалавека азнаёміўся знакаміты беларускі пісьменнік, удзельнік Другой сусветнай вайны Васіль Быкаў. “Я прачытаў Вашыя мемуары. Несумненна, яны заслугоўваюць увагі. Трэба іх выдаць. Дзеля гэтага Вам трэба звярнуцца ў выдавецтва ў Мінску ці ў Маскве (напрыклад, у выдавецтва “Беларусь”), якое выдае падобнага кшталту літаратуру, і прадставіць туды два экзэмпляры рукапісу. Справа гэтая працяглая, таму трэба пачынаць не губляючы часу. Жадаю Вам поспехаў!”, — пісаў Васіль Уладзіміравіч сваяку Нічыпарука. Аднак тады мемуары беларуса так і не ўбачылі свет. 



“Кніга з поспехам была прадстаўлена ў мінскай Галерэі TUT.BY і варшаўскім Музеі Войска Польскага. Экземпляры “Адысеі палешука” дасланы ў Бібліятэку Кангрэса ЗША, а таксама ў бібліятэкі Польшчы, Вялікабрытаніі і Беларусі. Зараз аматары беларускай вайсковай гісторыі маюць апошнюю магчымасць набыць гэтую кнігу, ды яшчэ і з аўтографам аўтара”, - адзначае Ігар Мельінкаў. 
"Гістарычная праўда"
10:32 09/06/2017
загружаются комментарии