Беларусы ніколі не былі “сялянскай” ці “штучнай” нацыяй

Вядомымы беларускі гісторык Андрэй Чарнякевіч пра розныя аспекты мінулага Беларусі.
Беларусы ніколі не былі “сялянскай” ці “штучнай” нацыяй
istpravda.ru/bel
Роўна сто гадоў таму стваральнік Беларускай Сацыялістычнай Грамады й рэдактар “Нашай Нівы” Антон Луцкевіч акрэсьліў палітычную праграму беларускага нацыянальнага руху. Упершыню ў гісторыі сучаснага беларускага народу ён паспрабаваў даць адказ на пытаньні, хто такія беларусы, у якім кірунку ім належыць ісьці й з кім супрацоўнічаць. Пытаньні “А хто там ідзе?”, а таксама “З кім і куды ісьці?” застаюцца для беларусаў такімі ж актуальнымі, як стагодзьдзе таму. Пра тое, як нараджалася сучасная беларуская нацыя, і ці ўдалося ёй сфармавацца за сто гадоў, мы размаўляем з выкладчыкам Познанскага ўнівэрсытэту Андрэем Чарнякевічам.

Спадар Андрэй, раскажыце, калі ласка, які праект прадставіў роўна сто гадоў таму Антон Луцкевіч. Наколькі ён актуальны сёньня?

- Уласна кажучы, гэта нататкі, якія так і не дачакаліся друку. Гэта аналіз магчымасьцяў рэалізацыі палітычных мэтаў беларускага руху. Гэты аналіз прадстаўлены дастаткова каротка. Кіраўнік першай беларускай палітычнай партыі, арганізатар выданьня беларускага друку, будучы прэм’ер БНР напярэдадні Першай сусьветнай вайны задаваў пытаньне: “Ці можа беларускі рух ва ўмовах сусьветнай вайны, якая набліжаецца, ставіць сваёй мэтай дасягненьне незалежнасьці?” Ягоная выснова была: “Не”. Ён лічыў, што грамадзтва яшчэ не сасьпела ў нацыянальна-культурным пляне.

Адзінай магчымасьцю рэалізацыі патэнцыялу беларускага руху ён бачыў у тактычных саюзах зь іншымі народамі, у стварэньні аўтаноміі у рамках іншых дзяржаваў. Луцкевіч не перакрэсьліваў ніякай магчымасьці. Ён разглядаў магчымасьць супрацоўніцтва з летувіскім рухам у межах адроджанага Вялікага Княства Літоўскага, з Расеяй і нават з Польшчай. Але кожную з гэтых магчымасьцяў ён разглядаў менавіта як тактычны крок.

Шмат кажуць пра тое, што беларуская нацыя стваралася яе “бацькамі” як нацыя сялянская. Ці сапраўды людзі са шляхецкім паходжаньнем, такія як Антон Луцкевіч ці Янка Купала, які пісаў “Я мужык-беларус, - пан сахі й касы...”, у гэта верылі? Альбо яны заігрывалі з сялянствам, каб зварушыць яго? Ці не стала ідэя пра тое, што беларусы – гэта сялянскі народ, вечным пракляцьцем беларускай нацыі? Ці не выхавала яна ў беларусаў комплекс непаўнавартасьці?

- Колькасьць сялянаў, якія былі заангажаваныя ў беларускі нацыянальны рух на яго пачатку, складала роўна трэць. Гэта бачна па статыстыцы аўтараў “Нашай Нівы”. Яшчэ траціну складалі выхадцы са шляхецкага асяродзьдзя й яшчэ адну трэцюю – разначынцы. Так што ў выпадку беларусаў мы маем вельмі тыповыя для Эўропы суадносіны паміж роўнымі саслоўямі. Але гаворка тут ідзе пра нацыянальную эліту, якая нараджалася. Тыя, да каго яны зьвярталіся, з кім спрабавалі паразумецца, - гэта ўсё роўна былі сяляне. 

У выніку Першай сусьветнай вайны й рэвалюцыі ўжо сялянства пачало размаўляць з гэтымі людзьмі. І размаўляла яно часта на зусім іншай мове. Луцкевічу, Іваноўскаму прыходзілася ісьці ім на саступкі, быць у нейкім сэнсе папулістамі. Аднак гэта не зьмяняе таго факту, што беларусы – гэта тыповы прыклад эўрапейскага мадэрнага народу, большую частку якога складаюць сяляне. Гэта ня кепска й ня добра.

А ці быў беларускі нацыянальны рух рухам натуральным, які паўстаў сам? Шмат асобаў і сёньня абвінавачвае беларусаў у тым, што яны “штучная” нацыя, створаная палякамі ці некім яшчэ, каб адарваць беларускі народ ад Расеі.

- Гэтае пытаньне вяртаецца да нас як бумэранг. Калі пад “штучнасьцю” разумець заангажаванасьць у беларускі рух прадстаўнікоў польскай і расейскай інтэлігенцыі, то нейкія прыкметы “штучнасьці” тут ёсьць. Але вынікі польскіх і расейскіх уплываў, іх інтэлектуальных і ідэалягічных высілкаў перарасьлі спадзяваньні й мэты тых, хто стаяў ля вытокаў.

Нараджэньне беларуская нацыі – гэта самастойны працэс. У нейкі момант дзіцяці перарастае сваіх настаўнікаў. Аб’ектыўныя фактары, якія абумовілі разьвіцьцё беларускага руху, сапраўды існавалі. Аднак пры іншых абставінах, у тым ліку геапалітычных, беларускага руху як палітычнай, а не культурнай зьявы, магло б і не быць.

Наколькі цяперашняя беларуская нацыя – гэта завершаны праект? Ці ведаем мы “А хто там ідзе й куды ідзе?” Ці стаіць сёньня пытаньне, якое сто гадоў таму ставілі бацькі беларускай нацыі? Быў бы задаволены Антон Луцкевіч, убачыўшы тое, што адбываецца сёньня ў Менску?

- Калі б я адказаў за Антона Луцкевіча, я б ня быў нічога варты як гісторык. У нечым, напэўна, Луцкевіч мог бы ўбачыць у сёньняшняй Беларусі рэалізацыю сваіх пачынаньняў. Але ці адпавядае сёньняшняе грамадзтва яго бачаньню беларускага народу й ці меў ён такое бачаньне – мне цяжка адказаць. Калі існуе нейкі ідэал народу, то, хутчэй за ўсё, беларусы яму не адпавядаюць.

Але варта разглядаць беларусаў у параўнаньні з многімі народамі, якія змагаліся за сваю незалежнасьць, аднак так яе й не атрымалі. Напрыклад – шатляндцы. Яны змагаліся за незалежнасьць з XIV стагодзьдзя, а нават яшчэ раней. Беларусы маюць сваю дзяржаву.

Парадокс у тым, што гэтая дзяржава зноў спрабуе знайсьці беларусаў. Ствараецца нацыянальная дзяржава, якая падбірае пад сябе народ. Вядомае выказваньне палітыкаў, што з усім пашанцавала, акрамя народу. Давайце, маўляў, зараз з народам нешта зробім! Але я думаю, што нічога ў іх не атрымаецца. Народ такі, які ён ёсьць – кепскі ці добры. Усе спробы яго выправіць, у станоўчых ці сваіх эгаістычных уладных мэтах, разьбіваюцца аб рэальнасьць. Беларускасьць як аб’ектыўная зьява існуе. Сёньня, здаецца, ніхто не спрачаецца, што беларусы ёсьць. Іншае пытаньне, як ім палітычна разьвівацца, якую ім выбраць будучыню.
Размаўляў Аляксандар Папко, radyjo.net
00:39 19/06/2017
загружаются комментарии