Паўлінава. У памяць аб маці…

Берасцейская вобласць, Баранавіцкі раён, вёска Паўлінава – гэта месца, якое не можа пакінуць раўнадушным кожнага чалавека, якому цікава заглянуць у мінулае. Ля вытокаў ракі Качарыжкі, прытоку Лахазвы (басейн ракі Нёман), знаходзіцца палацава-паркавы ансамбль Бохвіцаў, збудаваны ў перыяд росквіту эклектыкі.
Паўлінава. У памяць аб маці…
istpravda.ru/bel
Прыкладна з сярэдзіны 19 стагоддзя эклектычны творчы напрамак стаў актыўна ўваходзіць практычна ва ўсе сферы дзейнасці. Гэта быў час напружанага пошуку новага мастацкага вобраза шляхам крытычнага перагляду стыляў мінулага ва ўмовах складанага сацыяльнага і духоўнага жыцця грамадства. 

Зараз гэта адзін з найбольш значных і папулярных напрамкаў у мастацтве, дызайне і архітэктуры. Тэрмін “эклектыка” абазначае змяшэнне, спалучэнне розных стыляў, форм і метадаў.

У 1897 годзе Ян Атон Бохвіц, нашчадак старажытнага роду Бохвіцаў, сын Фларыяна Бохвіца, філосафа і пісьменніка, а таксама Паўліны Маеўскай, пляменніцы маці Адама Міцкевіча, набыў землі Навіцкіх (зараз Баранавіцкі раён Берасцейскай вобласці). У 1906 годзе на гэтых тэрыторыях ён пачынае будаўніцтва сядзібнага дома. Ян Атон Бохвіц называе новую сядзібу ў памяць аб маці – Паўлінава.

Будынак сядзібнага дома займае цэнтральную частку палацава-паркавага ансамбля. У якасці будаўнічага матэрыялу для пабудовы была выкарыстана чырвоная цэгла, што адпавядае духу эклектыкі. Фасад з чырвонай цэглы выдатна спалучае ў сабе традыцыйную строгасць, элегантнасць і вытанчанасць з неверагоднай практычнасцю. Аднак пазней дом быў абтынкаваны і афарбаваны ў жоўты колер, а ўсе дэкаратыўныя элементы, якія ўпрыгожваюць і напаўняюць фасады, – у белы колер. Вуглы дэкарыраваны васьміграннымі слупамі, што ствараюць эфект урачыстасці і ганарлівай велічы.



Будынак сядзібнага дома ў Паўлінава мае форму прамавугольніка, на парадным і паркавым фасадах аздоблены рызалітамі, часткамі будынка, якія выступаюць за асноўную яго рысу, ідуць па ўсёй вышыні будынка і ўносяць разнастайнасць у прасторавую арганізацыю фасадаў. Рызаліт параднага фасада шырокі, сіметрычны па адносінах да цэнтральнай восі будынка. На першым яго паверсе знаходзяцца 8 акон і ўваходныя дзверы, на другім паверсе – 9 акон.

Рызаліт увенчаны ступеністым шчытом з вежамі з адным стрэльчатым і двума круглымі вокнамі. Раней да яго прымыкала драўляная тэраса. Аднак яна не захавалася. Рызаліт паркавага фасада выкананы ў тым жа стылі, з тым адрозненнем, што ён асіметрычны па адносінах да цэнтральнай восі будынка за кошт звужэння рызаліта. У ім назіраюцца ўваходныя дзверы і два акна на першым паверсе, тры акна на другім паверсе. На ступеністым шчыце з вежкамі і вялікім гатычным акном маецца дата закладкі дома – 1906.

Паўночны фасад будынка раздзелены гранёным слупкамі, завершаны шчытом з вежкамі і трыма гатычнымі вокнамі. Кантаваныя слупкі ўвенчаны кубачкамі, якія па сваёй форме нагадваюць бутоны каменных застылых кветак. Аднапавярховае паўднёвае крыло мае мансарду пад двухсхільным дахам.

У верхняй частцы фасада, франтоне, змяшчаецца блок з чатырох гатычных вокнаў, вузкіх і завостраных уверсе. Але сумна паглядаюць на нас гэтыя вокны цяпер без шкла. Нам застаецца толькі здагадвацца аб тым, ці былі яны ўпрыгожаны рознакаляровымі вітражамі, дзякуючы каторым уся ўнутраная прастора будынка насычалася фантастычным светам, афарбаваным разнастайнымі цудоўнымі колерамі, што было звычайна для гатычнай архітэктуры. Дах будынка сядзібнага дома быў першапачаткова выкананы з чарапіцы. У 1990 годзе быў перакрыты ацынкаванай бляхай, халоднакатанай адпаленай ліставой сталлю з нанесеным ахоўным пакрыццём з цынку.

Левая частка сядзібнага дома ў свой час служыла капліцай – адасобленым невялікім памяшканнем для малітваў і рэлігійных абрадаў. Гісторыкі адзначаюць, што на каньку даху была вежа з шатровым завяршэннем, увенчаным крыжом. Аднак з цягам часу капліца была страчана.



Да сядзібнага дома вядзе ўязная ліпавая алея. Яна пачынаецца парай таполяў канадскіх. На жаль, уязная брама не захавалася. Алея нешырокая, але рэдкастойная (у шэрагу дрэвы пасаджаны на значнай адлегласці адзін ад аднаго). У якасці дэкаратыўнай расліны для надання большай складанасці і арыгінальнасці алеі была выкарыстана карагана дрэвападобная, якую яшчэ называюць жоўтай акацыяй. Яе насаджэнням быў нададзены выгляд фармованнага бардзюра. На сённяшні час ён поўнасцю не захаваўся: карагана адрасла і ўтварае зараснікі. Аднак, год за годам напаўняе прастору алеі хараством жоўтага цвіцення.

Алея вядзе да партэру, перасякае сядзібу і заканчваецца ў глыбіні парку ля вадаёму. Заканчвалася алея парай таполяў канадскіх, з іх засталося толькі адно дрэва. У цэнтральнай частцы партэр мае круг, вакол якога раней быў бардзюр з караганы. З тыльнага боку дома партэр мае арыгінальны выгляд: авал, па перыметру якога і ў яго цэнтры растуць велічныя задумлівыя дубы з шырокімі разгалістымі кронамі. Партэр ад саду аддзяляецца шэрагам строгіх ганарыстых клёнаў.

Боскет з садам акрэслены толькі ў паўночнай частцы (зараз гэта тэрыторыя воінскай часці). Група дрэў або кустоў, пастрыжаных так, што іх кроны ўтвараюць сцены, і ёсць боскет. У парках эпохі барока замкнёныя прасторы ўнутры боскетаў называліся кабінетамі або зялёнымі заламі. Такая зала ў цені дрэў – гэта вугалок, дзе можна па-сапраўднаму абстрагавацца ад паўсядзённых клапот і атрымаць асалоду ад цішыні і спакою, дзе можна знайсці цудоўнае месца для рэлаксацыі. Боскет ля сядзібнага дома ў Паўлінава меў у свой час раскошны выгляд. Зараз ён у запусценні.

У аснову планіроўкі пейзажнага парку ў палаца-паркавым ансамблі ў Паўлінава пакладзена водная сістэма. На восі сядзібнага дома размешчаны вадаём прамавугольнай формы з цяністымі зялёнагаловымі грабамі, што растуць ля самай вады і глядзяцца ў яе быццам у люстэрка. Сілкуе вадаём невялічкі вадацёк, які выцякае з масіва лесу, затым пад агароджай трапляе ў парк па спецыяльна зладжанаму бетоннаму карыту і напаўняе вадаём. Пастаянны ўзровень вады ў ім трымаюць адмысловыя дамбы, аднак яе частка пераліваецца праз іх, па канале паступае ў раку, якая працякае па ўскраіне парку з захаду, паступова пашыраецца і, прыняўшы выгляд параўнальна шырокага непарушнага рэчышча паміж лясным масівам, сыходзіць у паўночна-ўсходнім кірунку. Дзівосную і вытанчаную прыгажосць лірычнаму ландшафту надае лясны масіў, які складаецца ў асноўным з дрэў хвоі і елі.



У аснове паркавай кампазіцыі знаходзіцца вялікая адкрытая паляна. Віды з боку сядзібнага дома арыентаваны на водную сістэму. З боку сада ўздоўж паляны працягнуўся ялоўнік, які паступова пашыраецца і каля вадаёма пераходзіць у яловы хвойнік, што з усходняга боку падыходзіць да самых берагоў.

Прынятая планіроўка парка парушана пасляваеннымі насаджэннямі, у той час, калі на тэрыторыі палаца-паркавага ансамбля размяшчаўся ваенны шпіталь (да 1995 года). У выніку паляна згубіла сваю выразнасць, а віды на вадаём перакрытыя.

Акрамя сядзібнага дома ў парку размешчаны стайня і лядоўня.

Стайня пабудавана з цэглы і атынкавана, але не мае ніякіх элементаў дэкора. Прывабнасць толькі надаюць два папярочных аб’ёма, што падвышаны над агульным будынкам, і маюць нізкія двухскатныя стрэхі. Раней гэтыя аб’ёмы выкарыстоўваліся ў якасці жылля для конюха або склада збруі. Стайня ўтварае ўтульны дворык паўднёвай экспазіцыі. Уваход у будынак дэкарыраваны двума зачаравана-маўклівымі дрэвамі туі, сіметрычна па правы і левы бок.

Лядоўня ўяўляе сабой проста ўладкаванае збудаванне з нізкай двухскатнай страхой на двух цагляных франтонах.



Астатнія будынкі палаца-паркавага ансамбля не захаваліся (у іх ліку і вадзяны млын на рацэ Лахазве, смалакурня – лясное прадпрыемства для перапрацоўкі драўніны).

Палацава-паркавы ансамбль у Паўлінава – месца сапраўды надзвычай прыгожае. Але гісторыя гэтага помніка архітэктуры, які гіне  ў пясках часу, вее холадам і сумам. Будзем спадзявацца, што аднойчы сядзіба і ўвесь ансамбль сустрэнуць новае світанне, а разам з ім і сваё адраджэнне.
"Гістарычная праўда"
15:26 22/01/2018
загружаются комментарии