Кіламетры рыжскай мяжы пад Мінскам

Гісторык Ігар Мельнікаў працягвае вывучаць малавядомыя аспекты гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона.
Кіламетры рыжскай мяжы пад Мінскам
istpravda.ru/bel
Адным з найбольш вядомых сімвалаў міжваеннай мяжы з’яўляецца Ракаў. Але побач з мястэчкам у міжваенны час было вельмі шмат хутароў і невялічкіх вёсак. 



Фальварак Грынюкі, які ў 1929 годзе пабудаваў Адам Жыдовіч



Адным з такіх быў фальварак Грынюкі, які належаў заможнаму селяніну Адаму Жыдовічу. У сярэдзіне 1920-х гадоў гэты чалавек паехаў на заробкі ў ЗША, а калі вярнуўся на Радзіму, то набыў зямлю побач з самай савецка-польскай мяжой. Некаторыя баяліся такога суседства, але пан Адам відаць быў смелым і працавітым чалавека. У 1929 годзе ён пабудаваў дом і пачаў развіваць сваю гаспадарку.



Партрэт Адама Жыдовіча

“Вунь там, на рагу леса слуп бела-чырвоны стаяў”, - кажа новая гаспадыня дома, бацькі якой набылі сядзібу ў удавы пана Адама. “Мой бацька Альгерд Грынявецкі нарадзіўся ў 1915 годзе ў Выганічах, а маці – Вікторыя Герлоўская - у 1921 годзе ў Гіравічах. Гэта ж да вайны Польшча была. Бацька ў польскім войску служыў”. 

На сцяне ў былой хаце пана Адама вісіць яго партрэт, відавочна зроблены падчас побыту ў Амерыцы. А ў іншым пакоі можна ўбачыць фота і Альгерда Грынявецкага…у мундзіры жаўнера польскага Корпуса аховы памежжа.



Альгерд Грынявецкі, жаўнер КАП, канец 1930-х гадоў

“Дык ён з гэтых тэрыторый, памежных, тут і служыў. А побач былі стражніцы КАП у Душкава і Паморшчыне”. А БССР, вось яна, праз лес. Там ужо Вялікае Сяло, а ў ім савецкая застава. Хадзілі тут брат да брата, сястра да сястры. Мы ж адзін народ былі і там у Саветах і тут, у Польшчы. Каго арыштоўвалі, а хто і паспяхова праходзіў мяжу”, - падкрэслівае гаспадыня Грынюкоў.  



У 1946 годзе Адама Жыдовіча забілі невядомыя. Кажуць, прыйшлі ноччу ў хату і застрэлілі. Яго жонка пражыла ў савецкай Беларусі яшчэ 10 гадоў, а потым вырашыла пераехаць у Польшчу. Тады якраз адбывалася апошняя хваля рэпатрыяцыі ў Польскую народную рэспубліку. А сядзібу вырашыла прадаць Альгерду Грынявецкаму Пры гэтым лес і поле беларускаму селяніну дасталіся ад пані Жыдовіч у падарунак. 



Альгерд Грынявецкі пасля Другой сусветнай вайны

Падзякаваўшы за гасціннасць гаспадароў фальварка ідзем “на мяжу”. Хутка разумеем, што менавіта тут і хадзілі героі нессмяротнага рамана “Каханак Вялікай Медзвядзіцы”. А хутар Жыдовічаў цалкам верагодна мог выконваць ролю…”меліны”.



Глядзім даваенную польскую мапу і...



...навігатар

Уключаем навігатар бярэм даваенную польскую карту і вось яна “рыжская мяжа”. Праходзім частку дарогі і побач вырастаюць невялікія курганы. Тут з 1921 па 1939 гады стаялі польскія і савецкія памежныя знакі. Побач падмуркі ад былых вартавых будак. То там, то тут ногі чапляюцца за калючы дрот. У 1930-я гады ён ішоў па ўсёй даўжыні савецка-польскай мяжы. 



Тут стаяў польскі памежны знак



Даваенны калючы дрот. Маўклівы сведка часоў падзеленай паміж Польшчай і СССР Беларусі



Тут праходзіла савецка-польская мяжа

У міжваенны час па гэтым лесе хадзілі не толькі кантрабандысты, увешаныя торбамі-носкамі. Па лясных сцежках ля Грынюкоў прабіраліся савецкія і польскія выведнікі, агітатары КПЗБ насілі ў Заходнюю Беларусь бальшавіцкія газеты, а ў савецкі бок беглі сяляне і працоўныя, якія паддаваліся прапагандзе і шукалі лепшай долі “у Саветах”. 



Сёння даваенны рыжскі кардон – унікальная і амаль не вывучаная старонка міжваеннай гісторыі Беларусі, пазнаёміцца з якой можна ці на экскурсіі “Мяжа ля Заслаўя”, якую праводзіць кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў, ці прыдбаўшы ўнікальную кнігу-альбом “Мяжа была пад Мінскам 1921-1941 гг.”

"Гістарычная праўда"
22:03 01/01/2018
загружаются комментарии