Мінскія вайсковыя могілкі. Героі, ахвяры, бацькі нацыі

Кожныя могілкі па сваёй сутнасці – музей. З гісторыі людзей складаецца мінуўшчына дзяржавы. Не выключэнне і Вайсковыя могілкі ў беларускай сталіцы. Там пахаваныя розныя людзі. Пра адных мы ведаем мала, іншымі ганарымся, трэціх узгадваем не добрым словам.
Мінскія вайсковыя могілкі. Героі, ахвяры, бацькі нацыі
istpravda.ru
Пачатак

Гісторыя некропаля на мінскай вуліцы Казлова бярэ свой пачатак у 1895 г., калі адбылося асвячэнне могілак. Першымі, пахаванымі тут, былі жаўнеры і афіцэры Рускага імператарскага войска. 



Між іншым, на Вайсковых знайшоў супакой удзельнік Руска-турэцкай вайны 1877-1878 гг. Эдуард Жыржынскі, які за мужнасць атрымаў залатую шаблю. Сярод удзельнікаў той вайны варта ўзгадаць і героя штурма Шыпкі, поўнага георгіеўскага кавалера Кір’яка Бурдзіна, прах якога таксама спачывае на пагосце ў цэнтры Мінска. Дарэчы, у 1898 г. у гонар пераможнай вайны супраць Асманскай імперыі на могілках была пабудавана Царква Аляксандра Неўскага. 



Магіла Кір'яка Бурдзіна



Царква Аляксандра Неўскага

Цвет нацыі

У 1920-1940 гг. Вайсковыя могілкі ператварыліся ў адныя з галоўных у Мінску. Цэнтральнае месца тут займаюць пахаванні беларускіх песняроў Янкі Купалы (помнік пастаўлены ў 1971 г.) і Якуба Коласа (помнік з’явіўся ў 1970-м). Дарэчы попел Купалы вярнулі ў сталіцу БССР з Масквы ў 1962 г. Побач пахаваныя іх сваякі. Аднак маці Янкі Купалы пахавана побач з царквой. Справа ў тым, што Бянігна Луцэвіч памерла ў акупаванай немцамі сталіцы Беларусі праз два дні, пасля смерці сына ў Маскве. Жанчына, як кожны іншы ў акупаванай Беларусі нічога не ведала пра гібель Янкі Купалы, але матчына сэрца не падманеш. 



Магіла Янкі Купалы



Бянігна Луцэвіч



Магіла маці Янкі Купалы

Акрамя гэтага тут пахаваны беларускі паэт і журналіст Паўлюк Трус (памёр у 1929 г. ад брушнога тыфу) і драматург і перакладчык Кузьма Чорны (сапраўднае імя Мікалай Раманоўскі). У канцы 1930-х гадоў ён быў арыштаваны НКУС і падвернуўся жудасным катаванням. У 1939 г. пісьменніка вызвалілі, аднак побыт у мінскай турме наклаў свой адбітак на здароўі. У 1944 г. Чорны памёр ад другога інсульту. Побач пахаваны паэт і перакладчык, аўтар слоўніка “Тэхнічная тэрміналогія”  Алесь Гурло. У 1930-м яго арыштавалі па справе “Саюза вызвалення Беларусі” і прысудзілі да 5 гадоў ссылкі. У 1938 г. ён памёр ад сухотаў.



Магіла Паўлюка Труса



Магіла Кузьмы Чорнага

Дасталося ад бальшавікоў і беларускаму гісторыку, першаму прэзідэнту Акадэміі Навук БССР Усеваладу Ігнатоўскаму. Гэты чалавек актыўна выступаў за беларусізацыю, аднак, у пачатку 1930-х яго абвінавацілі ў “нацдэмаўшчыне” і давялі да самагубства. Падобная трагічная гісторыя і ў аднаго з кіраўнікоў савецкай Беларусі. Аляксандр Чарвякоў быў “нацыянал-бальшавіком”, выступаў за эканамічнае развіццё беларускай вёскі праз хутарызацыю. Але Крамлю гэта было не патрэбна. У 1937 годзе старшыня Савета народных камісараў БССР застраліўся.  Пахавалі “прэзідэнта” БССР на Вайсковых могілках.



Магіла Усевалада Ігнатоўскага

Недалёка знайшлі свой апошні прытулак аўтары гімна савецкай Беларусі - паэт Міхась Клімковіч і кампазітар Нестар Сакалоўскі. Побач з царквой знаходзяцца пахаванні заслужанага артыста БССР Уладзіміра Крыловіча і аўтара п’есы “Машэка”, драматурга Еўсцігнея Міровіча. Недалёка пахаваны і заходнебеларускі паэт Валянцін Таўлай. 



Магіла Алеся Гурло

Сярод інтэлігенцыі, якая знайшла супакой на гэтым пагосце, трэба ўзгадаць і геніальнага хірурга, ураджэнца Заслаўя Уладзіміра Восіпавіча Марзона. Менавіта па ініцыятыве гэтага чалавека ў Бабруйску быў створаны інстыту удасканалення ўрачоў. Марзон быў загадчыкам кафедры хірургіі і кансультантантам Магілёўскай абласной бальніцы, а пазней загадчыкам кафедры аператыўнай хірургіі Віцебскага медыцынскага інстытута. Пасля Другой Сусветнай вайны Уладзімір Восіпавіч узначальваў Беларускі інстытут удасканалення ўрачоў, быў дэпутатам Вярхоўнага савета БССР. 



Магіла Уладзіміра Марзона



Чэкісты

У 1927 годзе пры невысветленых абставінах на станцыі Ждановічы загінуў Намеснік паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ па Беларускай вайсковай акрузе і начальнік Беларускага адзялення Галоўнага мытнага ўпраўлення СССР Юзаф Апанскі. Гэты чалавек зрабіў ашаламляльную кар’еру ў бальшавіцкіх спецыяльных органах. У сярэдзіне 1920-х ён курыраваў пытанні мытна-памежнай аховы на савецка-польскай мяжы пад Мінскам. Апанскі ўдзельнічаў у знакамітай аперацыі “Сіндыкат-2”, якая скончылася вывадам на савецкі бок рускага эсэра і тэрарыста Барыса Савінкава і затрыманнем яго ў Мінску. За гэта чэкіст атрымаў Ордэн працоўнага чырвонага сцягу БССР. Акрамя іншага, гэты чалавек вядомы барацьбой з нацыянал-дэмакратычным рухам у Беларусі. 



Юзаф Апанскі

…7 чэрвеня 1927 года дпушнік выехаў з Мінска на дрызіне на памежную станцыю Радашковічы, якая, у адрозненні ад аднайменнага мястэчка, знаходзілася на савецкім баку. Там, ля вёскі Пятрышкі, бальшавіцкім памежнікам удалося затрымаць “польскага шпіёна”.  Па дарозе назад ля станцыі Ждановічы транспартны сродак, якім ехаў чэкіст, трапіў у аварыю, у выніку чаго Апанскі і яшчэ адзін супрацоўнік загінулі на месцы, а два іншыя чэкісты былі параненыя. Справу назвалі “тэрактам” і хутка знайшлі вінаватых. Сялян, якія жылі побач з чыгункай, саслалі ў Архангельскую вобласць, а дпушніка разам з кіроўцай пахавалі на Вайсковых могілках. 



Магіла Юзафа Апанскага і яго кіроўцы

Насупраць Царквы Аляксандра Неўскага знаходзіцца магіла былога начальніка ўгалоўнага вышуку БССР Міхаіла Кажамякіна, які займаў гэтую пасаду з 1939 па 1946 гг. Нарадзіўся гэты чалавек у мястэчку Карма на Рагачоўшчыне. У 1927 г. ён быў памочнікам упаўнаважанага Магілёўскага акружнога ДПУ БССР. Пазней была служба ў Гомельскім аператыўным сектары АДПУ і ў армейскіх кавалерыйскіх частках на пасадзе асабіста. 



Падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Кажамякін...

У гэты ж час чэкіста ўзнагародзілі Ганаровай граматай ЦВК БССР. У сакавіку 1935 года Кажамякін быў пераведзены ў Гомельскае міжраённае адзяленне рабоча-сялянскай міліцыі на пасаду старэйшага ўпаўнаважанага ўгалоўнага вышуку. У верасні 1939 года ўраджэнец Рагачоўшчыны выконваў абавязкі начальніка асаблівага адзела НКУС Беларускага фронта пры 27-й стралковай дывізіі падчас “паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь”. 

У 1941 годзе Кажамякін быў начальнікам адзела ўгалоўнага вышуку і памочнікам начальніка Упраўлення міліцыі НКУС БССР. Пасля нападу Германіі на СССР ён займаўся арганізацыяй знішчальных атрадаў. Падчас адступлення, а фактычна бегства з Беларусі, схаваў свае дакументы і Ордэн “Знак пашаны” у адным з будынкаў у Оршы.



...і яго магіла

За гэта, пазней Кажамякін падвергся крытыцы і быў выключаны з шэрагаў кампартыі. Пазней працаваў у НКУС Узбекскай ССР і УНКУС Смаленскай вобласці. Пасля вызвалення Беларусі афіцэр знайшоў свае дакументы, схаваныя ў Оршы, аднак у партыі яго так і не аднавілі. Са снежня 1945 г. Міхаіл Кажамякін выконваў абавязкі начальніка адзела угалоўнага вышуку. 

Загінуў падпалкоўнік міліцыі ў красавіку 1946 г. Пры выхадзе з упраўлення яго спыніў патруль і пачаў правяраць дакументы. Калі “беларускі Жыглоў”, западозрыўшы няладнае, паспрабаваў праверыць дакументы патрульных, тыя адкрылі агонь. Забойцамі аказаліся дэзертыры белпалка ўнутраных войскаў. На момант смерці Міхаілу Кажамякіну было 40 гадоў. 

Трагедыя мінчан

На Вайсковых могілках кідаецца ў вочы вялікая колькасць магіл з датай смерці – 1939 год. Гістарычныя аналы не захавалі ўспамінаў пра нейкія эпідэміі ў сталіцы БССР у гэты час. Другая Сусветная ў гэты час была яшчэ далёка ад Мінска. Але пахаванні ёсць і яны звяртаюць на сябе ўвагу. 22 чэрвеня 1941 г. Германія напала СССР, а праз два дні Люфтвафэ нанесла моцны бомбавы ўдар па сталіцы БССР, у выніку якога загінула шмат мінчан. На цэнтральнай алеі Вайсковых могілак, між іншым, пахаваны Аляксандр Фёдаравіч і Вера Аляксандраўна Бялятка. Бацька і дачка. Дзяўчыне было 20 гадоў.



Адно з пахаванняў 1939 года



Магіла сям'і Бялятка



Магіла менчукоў, якія загінулі ў 1941-м

Праз два гады ў Мінску адбылася іншая трагедыя. 22 чэрвеня 1943 г. у Мінскім гарадскім тэатры адбыўся выбух. Партызаны планавалі падарваць Вільгельма Кубэ, аднак той, замест вячэрняга прадстаўлення пайшоў на ранішняе. Увечары ў тэатры паказвалі спектакль па творы Ф.Аляхновіча “Пан міністр” на беларускай мове. У зале было шмат беларускай інтэлігенцыі і моладзі. У выніку выбуху занігула шмат маладых людзей, у тым ліку, і сын Франца Кушаля і Наталлі Арсенневай Яраслаў. 25 чэрвеня 1943 года труны, абгорнутыя ў бел-чырвона-белыя сцягі, пахавалі на Вайсковых могілках. Відавочна, пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў магілу “калабарацыяністаў” знішчылі. Дарэчы на тэрыторыі пагосту шмат безыменных магіл у выглядзе парослых травой бугаркоў. Магчыма, у адным з іх пахаваныя і мінчане, якія загінулі летам 1943-га. 



У студзені 1946 года на могілках па вуліцы Казлова было ізноў шматлюдна. Мінск развітваўся з дзяўчатамі і хлопцамі, якія загінулі падчас пажару на навагоднім балі ў клубе НКДБ на Плошчы Свабоды. Да сённяшняга дня дакладна не вядома, што стала прычынай пажару. У суседнім з клубам крыле будынку захоўваўся архіў гестапа. Там было шмат спраў былых інфарматараў і пасобнікаў нацыстаў. 



Магіла, дзе пахаваны ахвяры пажару ў клубе НКДБ у Мінску у 1946 г.

Цалкам верагодна, што тыя, хто не сышоў з немцамі на Захад, пажадалі знішчыць скрыні з асабістымі справамі і паралельна нанесці балючы удар савецкай уладзе. Дарэчы, у ноч пажара мінскіх пажарных нехта выклікаў па ілжывых выкліках. Як бы тое не было, 3 студзеня 1946 г. застаецца адной з найбольш трагічных старонак гісторыі Мінска. 

Палову мінскага Вайсковага някропаля займаюць пахаванні жаўнераў Чырвонай Арміі, якія загінулі падчас вызвалення Мінска ад нацысцкіх захопнікаў. Афіцэры і радавыя, Героі Савецкага Саюза і безыменныя жаўнеры ляжаць побач. 



Пахаванні чырвонаармейцаў







Безіменнае пахаванне

У жніўні 1946-га на Вайсковых было пахавана цела грамадзянкі ЗША, члена місіі ЮНРРА (Uited Nations Relief and Rehabilitation Administration) ў БССР Рут Уоллер. Жанчына захварэла і памерла ад менінгіту. Яе магіла знаходзіца на галоўнай алеі некропалю.



Магіла Рут Уоллер 


Вось такая гісторыя адных з галоўных мінскіх могілак, якія па праву могуць называцца мемарыяльнымі. 




Ігар Мельнікаў, "Гістарычная праўда"
00:45 10/10/2016
загружаются комментарии