"Кастрычнік" і Ленін у гістарычным лёсе Беларусі

Прыгожыя лозунгі бальшавісцкай партыі абярнуліся адным з самых вялікіх падманаў у гісторыі.
"Кастрычнік" і Ленін у гістарычным лёсе Беларусі
istpravda.ru/bel
Пасля распаду СССР і ліквідацыі жорсткага ідэалагічнага кантролю над гістарычнай памяццю з боку камуністычнай партыі прыйшоў час пераасэнсавання свайго мінулага. У Беларусі ён звязаны з імкненнем ацаніць гістарычныя падзеі з пункту погляду інтарэсаў беларускай зямлі.

Такі погляд дапамагае пазбыцца многіх былых стэрэатыпаў, навязаных свядомасці жыхарам Беларусі палітыкамі і ідэолагамі СССР. У пераліку такіх стэрэатыпаў адно з першых месцаў займае тэзіс пра «вялікую ролю Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і яе правадыра Уладзіміра Ульянава (Леніна)».

Варта звярнуць увагу сучасных адэптаў «вялікай рэвалюцыі» на яе вельмі неадназначную ролю ў беларускай гісторыі.

Па-першае, захоп улады ў кастрычніку 1917 г. партыяй бальшавікоў на чале з Леніным і Троцкім паклаў пачатак грамадзянскай братазабойчай вайны, якая прывяла да вялізарных стратаў сярод насельніцтва Беларусі і ўсёй тэрыторыі колішняй Расійскай імперыі. 

Агульнавядомы факт стварэння падчас гэтай вайны першых канцэнтрацыйных лагераў масавага вынішчэння людзей менавіта ўрадам Леніна ў 1919 г.

Па‑другое, гістарычная памяць – гэта памяць пра гістарычны шлях беларускага народа, пра станоўчыя і адмоўныя бакі гісторыі гэтага народа, а таксама гэта ўшанаванне славутых падзеяў айчыннай гісторыі і асуджэнне памылак. Што ж мы маем адносна гістарычнай памяці беларусаў у сувязі з асобай Леніна і Кастрычніцкай рэвалюцыі? 

Гэта ў першую чаргу здзек бальшавікоў над самім беларускім народам – гвалтоўны разгон Першага Усебеларускага з’езду. Гэта адмаўленне Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай прадстаўнікамі беларускага народа 25 сакавіка 1918 года.

Кастрычніцкая рэвалюцыя прывяла да ўлады партыю, для якой беларуская зямля заўсёды была толькі «разменнай манетай» у барацьбе за захаванне ўласнай улады. Дастаткова прыгадаць ганебны Брэсцкі мір (сакавік 1918 г.), падчас якога бальшавікі (з ініцыятывы і настаяння Леніна) перадалі нямецкім акупантам 2/3 беларускай зямлі. Дарэчы, акупацыйныя ўлады амаль адразу пачалі мабілізацыю мужчынскага насельніцтва. Жыхары Беларусі павінны былі згуляць ролю «гарматнага мяса».

Яшчэ раз бальшавікі здрадзілі Беларусь падчас Рыжскага міру (кастрычнік 1920 г.), калі кіраўнік дэлегацыі савецкай Расіі А.Іофе спачатку выступіў супраць удзелу беларускай дэлегацыі, а потым прапанаваў польскім дыпламатам забіраць беларускія землі да ракі Бярэзіны толькі за тое, што яны паставяць свой подпіс пад мірнай дамовай. 

Як вядома, польскія дыпламаты абмежаваліся толькі Заходняй Беларуссю... Падзел Беларусі надоўга перакрэсліў усе намаганні краіны і яе народу да незалежнасці.

Утварэнне БССР было бальшавіцкай саступкай незалежніцкім памкненням беларусаў. Але, як вядома, сапраўднай незалежнасці БССР ніколі не мела. Калі думаць інакш, то як растлумачыць удзел беларусаў у злачыннай вайне ў Афганістане (1979‑1989) або хлусню ўладаў БССР у трагічным траўні 1986 г. пасля Чарнобыльскай аварыі...

Па‑трэцяе, тыя прыгожыя (і вельмі папулярныя ў 1917‑1919 гг.) лозунгі бальшавісцкай партыі, сярод якіх адно з галоўных месцаў займаў лозунг «Зямля сялянам!», абярнуліся адным з самых вялікіх падманаў у беларускай гісторыі. 

Ужо напрыканцы 1920‑х гг. у Беларусі пачалася гвалтоўная масавая калектывізацыя, якая суправаджалася рэпрэсіямі супраць сялянства. На тэрыторыі БССР, дзе заўсёды пераважалі беднякі і «сярэднякі» было рэпрэсавана некалькі соцень тысяч сялянаў.

Па‑чацвёртае, перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі абярнулася ўсталяваннем таталітарнай улады, якая ў перыяд кіравання камуністычнай партыяй і СССР Іосіфам Сталіным, запляміла сябе крывавымі рэпрэсіямі. Сёння вядома, што напрыканцы 20‑х – у 30‑я гг. у БССР было рэпрэсавана ад 700 тыс. да 1 млн. чалавек. 

Толькі ў Курапатах пахавана ад 30 да 250 тыс. бязвінна расстраляных ахвяраў камунізму... Гэтаму няма выбачэння! І гэты крывавы шлях Беларусі распачаўся дзякуючы «вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі».

Па‑пятае, адказнасць за наступствы Кастрычніцкай рэвалюцыі нясе ў першую чаргу Ленін і толькі потым Сталін і іншыя паслядоўнікі, распачатай Леніным палітыкі. Як ужо адзначалася першыя канцлагеры пачалі стварацца менавіта пры Леніне.

Па‑шостае, менавіта Ленін стаў ініцыятарам вынішчэння святароў усіх рэлігій і царквы. Гэта спарадзіла замену хрысціянскіх маральных каштоўнасцей любві, дабра, праўды і справядлівасці на «камуністычную мараль», якая вызначалася інтарэсамі кампартыі. Праявы новай камуністычнай маралі, можна бачыць на наступных прыкладах.

Калі ў Шуі Іванава‑Вазнясенскай губерні вернікі 15 сакавіка 1922 г. аказалі супраціў тым, хто прыйшоў рабаваць храм, Ленін 19 сакавіка заявіў: «Чем большее число представителей реакционной буржуазии и реакционного духовенства удастся нам по этому поводу расстрелять, тем лучше. 

Надо именно теперь проучить эту публику так, чтобы на несколько десятков лет ни о каком сопротивлении они не смели и думать». «Па шуйскай справе Рэўтрыбунал прыгаварыў 11 чалавек да вышэйшай меры пакарання, 4 – да 5 гадоў, 13 – да 3 гадоў, 10 – да аднаго году пазбаўлення волі». 

У БССР толькі ў 1922 г. быў расстраляны 201 прадстаўнік праваслаўнага духавенства.

Адносна выступлення «кулакоў» у Пензенскай губерніі, Ленін у сваёй тэлеграме да мясцовага выканкама загадваў: «Повесить (непременно повесить, дабы народ видел) не меньше 100 заведомых кулаков, богатеев, кровопийц... Сделать так, чтобы на сотни вёрст кругом народ видел, трепетал, знал, кричал: душат и задушат кровопийц кулаков».

Агульнавядома, што з ініцыятывы Леніна была знішчана царская сям’я з дзецьмі.

Іншыя выказванні арганізатара Кастрычніцкай рэвалюцыі сведчаць самі за сябе:

«Революционная власть пролетариата есть власть завоёванная и поддерживаемая насилием пролетариата над буржуазией, власть, не связанная никакими законами».

«Вести и провести беспощадную и террористическую борьбу и войну против крестьянской и иной буржуазии. Расстреливать заговорщиков и колеблющихся, никого не спрашивая и не допуская идиотской судебной волокиты».

«Величайшая ошибка думать, что нэп положил конец террору. Мы ещё вернёмся к террору, и к террору экономическому».

«...превратить государство в учреждение для принуждения творить волю народа. Мы хотим организовать насилие во имя интересов трудящихся».

«…пока мы не применим террора – расстрел на месте, — к спекулянтам, ничего не выйдет… С грабителями надо также поступать решительно – расстреливать на месте».

«Диктатура означает – примите это раз и навсегда к сведению… неограниченную, опирающуюся на силу, а не на закон власть».

Шэраг такіх выказванняў і злачынных фактаў можна працягваць.

Зыходзячы з пералічаных вышэй тэзісаў, сама наяўнасць помнікаў Леніну і іншым камуністычным лідэрам, а таксама вуліцаў і плошчаў, названых у іх гонар, з’яўляецца вялікім цынізмам і зневажаннем над гістарычнай памяццю беларускага народа.

Святкаванне Кастрычніцкай рэвалюцыі таксама з’яўляецца анахранізмам і зневажае мільёны людзей, якія сталі ахвярамі наступстваў гэтай рэвалюцыі. Адмаўленне гэтага факту дзеючымі ўладамі і адсутнасць спробаў вырашыць гэтае пытанне цывілізавана, прыбраць помнікі крывавых катаў і перайменаваць вуліцы і плошчы беларускіх гарадоў, ствараюць глебу для грамадскага напружання.

Прыкладам цывілізаванага вырашэння пытання савецкіх помнікаў і назваў з’яўляюцца суседнія краіны. У Літве і Венгрыі, напрыклад, усе помнікі «савецкага мінулага» звезены з гарадоў у асобнае месца, дзе створаны музей. Вуліцы пераназваны не імёнамі бальшавіцкіх катаў, а нацыянальных дзеячаў ці гістарычнымі назвамі.

Сёння толькі Беларусь адзначае Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі як дзяржаўнае свята. Нават у Расійскай федэрацыі гэты дзень абвешчаны днём прымірэння...

Алесь Смалянчук, Алесь Краўцэвіч, Ігар Кузняцоў, Алесь Пашкевіч, Юрась Бачышча, Генадзь Сагановіч, Мікола Крывальцэвіч, nn.by
00:59 03/11/2017
загружаются комментарии