Забытая цытадэль на Бярэзіне

За два стагоддзі гэтая крэпасць паспела запісаць некалькі радкоў у сусветную гісторыю, перажыць войны, у мірны час прыйсці ў заняпад. Зараз Бабруйская крэпасць уваходзіць у зацверджаны Саветам Міністраў Беларусі “Пералік аб’ектаў рэстаўрацыі, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь”.
Забытая цытадэль на Бярэзіне
istpravda.ru/bel
Непрыступны бастыён

Нават у руінах гэта збудаванне ўражвае сваёй масіўнасцю і магутнасцю. А на праекце кіраўніка будаўніцтва Бабруйскай крэпасці Карла Апермана цытадэль была шматкутнікам, самкнутым насыпным валам з боку Бярэзіны, піша sb.by. Так яна выглядала ўжо праз два гады пасля пачатку будаўніцтва — у 1812 годзе.

На будоўлі працавалі тысячы прыгонных сялян і сотні вольных цесляроў ды муляраў. Цэглу вазілі аж з Карэліі і Каўказа. Папулярная да нашых дзён легенда сцвярджае, што ў будаўнічы раствор для трываласці ўбівалі курыныя яйкі. Супрацоўнікі Бабруйскага краязнаўчага музея, аднак, гэтыя чуткі абвяргаюць, грунтуючыся на выніках даследавання цэглы ў хімічных лабараторыях і знойдзеных у архівах каштарысах будоўлі. 



Адно з умацаванняў Бабруйскай крэпасці

Хутка толькі што ўзведзеная крэпасць прыняла баявое хрышчэнне. Армія Напалеона з’явілася ў ваколіцах Бабруйска ў ліпені 1812 года. Гарнізон з 8 тысяч салдат добра падрыхтаваўся да абароны: боепрыпасаў павінна было хапіць на год, прадуктаў харчавання — на паўгода. Праз 20 гадоў генерал-маёр А. Міхайлоўскі-Данілеўскі адзначыў: “Ніводная крэпасць Расіі не была такой карыснай, як Бабруйск, у 1812 годзе”.

Перспектывамі, якія адкрыла перад горадам крэпасць, вокамгненна скарысталіся прадпрымальныя яўрэі. Дагэтуль яны зараблялі на жыццё рамёствамі, гандлем ды здачай у арэнду, але гэтая дзейнасць ужо не прыносіла вялікіх прыбыткаў. Яўрэі хутка скемілі, што ваенным спатрэбяцца мундзіры, а пацыентам адкрытага на тэрыторыі крэпасці шпіталя — вата. У Бабруйску адна за адной адчыняліся майстэрні і фабрыкі. 

З часам праз Бабруйск была пракладзена Лібава-Роменская чыгунка, пабудаваны цагляныя заводы, адкрыліся дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы...



Бабруйская крэпасць атрымалася не толькі грознай, але і прыгожай, амаль што горадам у горадзе. Усе шляхі да яе і ўнутраныя вуліцы цытадэлі былі брукаваныя, на гэтых вуліцах вечарамі запальваліся амаль дзве сотні ліхтароў. На тэрыторыі крэпасці былі батанічны сад, бульвар і сквер. На эспланадзе — тэрыторыі паміж крэпасцю і горадам — праводзіліся ваенныя парады і сезонныя кірмашы. У гарадскім садзе граў ваенны аркестр...

Нездарма цяпер кажуць, што знакаміты бабруйскі характар замешаны на трох складніках: шырокай славянскай душы, яўрэйскай прадпрымальнасці і афіцэрскай гатоўнасці пастаяць за сваю малую радзіму.

Змрочныя казематы

У 1820—1823 гадах у Бабруйскай цытадэлі служылі афіцэры, якія былі членамі тайных таварыстваў, арганізатарамі і кіраўнікамі дзекабрысцкага руху. Тут нараджаліся планы дзяржаўных пераваротаў, адзін з якіх вядомы гісторыкам як “Бабруйскі план”. Меркавалася, што ў верасні 1823 года, калі імператар Аляксандр I прыедзе на агляд воінскіх часцей крэпасці, ён будзе арыштаваны і зняволены. Планавалася, што гэта стане сігналам да паўстання ў Маскве, Пецярбургу і іншых гарадах.



Пасля падаўлення паўстання на Сенацкай плошчы Бабруйская крэпасць стала палітычнай турмой, першымі вязнямі якой і сталі дзекабрысты — Апостал-Кергач, Рыбакоўскі, Тызенгаўзен, Бястужаў, Гвоздзеў... Замест славы цытадэлі крэпасць займела славу страшнага астрога. Нават Герцэн у Лондане выказаў сваё абурэнне жорсткімі ўмовамі крылатай фразай: “Няхай Сібір, няхай што заўгодна, але толькі не гэтая страшная турма на рацэ Бярэзіне”.



У гады Другой сусветнай вайны ў крэпасці быў нямецкі канцлагер. Гісторыкі сведчаць, што на тэрыторыі цытадэлі былі забітыя і замораныя голадам, памерлі ад інфекцыйных хвароб каля 40 тысяч савецкіх ваеннаслужачых і столькі ж мірных жыхароў. Толькі ў ноч на 7 лістапада 1941 года фашысты, справакаваўшы пажар у казармах крэпасці, расстралялі каля 7 тысяч палонных. Мёртвых скідалі проста ў роў. Пасля вайны на тэрыторыі крэпасці з’явіўся помнік ахвярам.

У мірны савецкі час у крэпасці таксама гаспадарылі ваенныя: у казармах жылі салдаты, на гаўптвахце адбывалі свае суткі парушальнікі дысцыпліны, афіцэрскі дом быў адведзены пад маласямейны інтэрнат для афіцэраў, а шпіталь прымаў на лячэнне пацыентаў. На жаль, у тыя часы ніхто не дбаў пра захаванне гістарычнай спадчыны, таму ў чырвоных мураваных будынках месціліся не толькі склады, але і падсобная гаспадарка — папросту кажучы, свінарнікі. 



У пачатку 1990-х значная частка будынкаў крэпасці была сцёрта з твару зямлі, земляныя збудаванні пашкоджаны. А руіны, што захаваліся, чакалі нашчадкаў больш удзячных, якія пастараюцца зберагчы і аднавіць былую славу цытадэлі. На велізарнай пустцы ў 2008 годзе адчыніўся на той момант самы вялікі лядовы палац Беларусі — “Бабруйск-Арэна”. Ён адразу стаў любімым месцам сямейнага адпачынку жыхароў горада. Гэта быў першы крок на шляху другога нара-джэння Бабруйскай крэпасці.



"Бабруйск-арэна" побач з Мінскай брамай

Што застанецца пасля нас?

Калісьці ў крэпасці былі вуліцы — Грэнадзёрская, Артылерыйская, Кавалерыйская, Пяхотная... У савецкі час пра іх назвы ніхто не ўспамінаў. Сёння, згодна з рашэннем Бабруйскага гарвыканкама, на гарадской карце з’явіліся вуліцы Карла Апермана і Генерала Баграціёна, Карла Берга і Дзекабрыстаў , Кутаіскага Палка і Крапасны Вал...

Яна магла стаць Рагачоўскай



Лёс Бабруйска як месца будаўніцтва адной з новых расійскіх крэпасцей вызначыўся вясной 1810 года. Камандзіраваным для агляду старых умацаванняў і выбару месцаў для новых на тэрыторыі заходніх ускраін Расійскай імперыі інжынерам рэкамендавалася звярнуць асаблівую ўвагу на гарады Дзінабург (цяпер Даўгаўпілс), Рагачоў і Быхаў. Пасля паездкі генерал-маёр Карл Аперман зрабіў іншую выснову: будаваць цытадэль варта ў Бабруйску на Бярэзіне, а не ў Рагачове на Дняпры. У Бабруйскай крэпасці ёсць “сястра” і равесніца — Дзінабургская крэпасць у Даўгаўпілсе.

Перажыла трынаццаць камендантаў

Першым камендантам закладзенай у пачатку чэрвеня 1810 года па загаду Аляксандра I цытадэлі быў Карл Карлавіч Берг. Увогуле крэпасць перажыла трынаццаць камендантаў, сярод якіх сябар Пушкіна Міхаіл Іванавіч Пушчын. Апошнім кіраўніком быў Іван Карлавіч Бурзі (1 верасня 1892—1897). У 1897 годзе цытадэль страціла статус крэпасці.

Царквы 



Гаўптвахта, пабудаваная ў касцёле

Некалі на тэрыторыі крэпасці знаходзіўся сабор Аляксандра Неўскага, узарваны бязбожнікамі ў 1935 годзе. Зараз намаганнямі валанцёраў фундамент сабора быў расчышчаны, пачаліся работы па ўзнаўленні святыні. На тэрыторыі цытадэлі колькі гадоў таму з’явіўся таксама жаночы манастыр.

Больш не палохае “каменным мехам”

Адно з памяшканняў крэпасці наводзіла жах на зняволеных: каменны карцар не даваў вязню выцягнуцца ў поўны рост або ўстаць, бачыць дзённае святло, мець з кім-небудзь зносіны. Каменны мех знаходзіўся ў адной з вежаў форта Фрыдрыха Вільгельма і быў разбураны разам з ёй.
“Гістарычная праўда”
11:55 16/08/2017
загружаются комментарии