23 лютага. Што святкуем?

Справа ў тым, што гэтае свята ніяк не звязана з беларускай гісторыяй, з дзеямі нашых продкаў. Гэты дзень ўстанавілі бальшавікі.
23 лютага. Што святкуем?
istpravda.ru/bel
23 лютага 1918 годзе першыя бальшавіцкія атрады выступілі супраць немцаў пад Псковам. Прычым тут беларусы? Дзень беларускай вайсковай славы варта святкаваць 8 верасня ці 27 лістапада.

8 верасня 1514 года 30-тысячнае беларускае войска пад Оршай перамагло 80-тысячны экспедыцыйны корпус Маскоўскай дзяржавы. Гэта дало Вялікаму Княству Літоўскаму 100-гадовую перадышку. За гэтыя сто гадоў беларусы мелі Скарыну, Сапегу, Статут Вялікага Княства і Залаты век культуры. Уласна, тады і былі закладзены многія асновы нашай нацыянальнай цывілізацыі. І ў вайсковым сэнсе гэта была бліскучая бітва, прадуманая выдатныя военачальнікам - праваслаўным князем Канстанцінам Астрожскім.

Другая дата беларуская вайсковая славы адносіцца ўжо да перыяду нацыянальнага будаўніцтва. Але яна больш трагічная. 8 верасня - дзень перамогі, а 27 лістапада - дзень самаахвярнасці. У гэты дзень 1920 года слуцкія паўстанцы -- сяляне, гімназісты, афіцэры ўзняліся супраць бальшавікоў, на абарону незалежнай, самастойнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Яны пацярпелі паразу, але памяць пра іх геройскі чын засталася.

Шануючы беларускіх вайскоўцаў, мужчын увогуле, іх віншуюць па-ранейшаму 23 лютага. Гэты дзень перайменавалі з Дня Савецкай арміі ў Дзень абаронцаў айчыны. Але беларусы асобная нацыя, і каб аднавіць повязь часоў, варта перанесці гэты дзень на дату, звязаную з беларускай, а не чужой гісторыяй.

У 2008 годзе Узброеныя Сілы Беларусі адзначалі сваё… 90-годдзе. Гэта значыць: у перыяд ад 18 да 23 лютага 1918 г., калі галоўнакамандуючы Заходняга фронту Мяснікоў даў лататы ў Смаленск, а немцы ішлі на Магілёў і Полацк (далей ісці намеру не мелі), нарадзілася беларускае войска.

Не, скажуць, 23 лютага нарадзілася Чырвоная Армія. Яна спыніла немцаў пад Псковам і Нарвай. Усё прасцей: ніхто немцаў не спыняў, бо ісці на ўсход далей за Пскоў і Нарву яны не планавалі. Былыя нямецкія ўладанні Курляндыя, Ліфляндыя і Эстляндыя апынуліся ў складзе райху — і дастаткова.

Калі стаяць на грунце фактаў, а не міфаў, дык днём нараджэння Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі трэба лічыць 15 студзеня. Менавіта тады быў выдадзены дэкрэт Савета Народных Камісараў аб арганізацыі добраахвотнай Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Іншая справа, што ісці ў гэтае войска добраахвотна і рабочыя, і асабліва сяляне не надта хацелі. Толькі нямецкі наступ змусіў бальшавікоў актыўна ўзяцца за армейскае будаўніцтва. І не на добраахвотнай аснове.

Але пры чым тут беларускае войска?

У перыяд 1918—1920 гг. Украіна сапраўды мела армію (у жніўні 1920-га яна, дарэчы, дапамагла Войску Польскаму здзейсніць “цуд на Вісле”). Але нашы браты-украінцы вядуць гісторыю сучаснай арміі не ад таго часу, і нават не ад часу, калі з’явіліся рэестровыя казакі, і не ад часу, калі войска Багдана Хмяльніцкага першы раз перамагло палякаў, а ад таго дня, калі Вярхоўная Рада прыняла закон аб стварэнні сучаснай арміі сучаснай Украінскай дзяржавы. Ёй, гэтай арміі, няма і 20 год.

…Саўковасць, цяжкая каланіяльная спадчына.


Анатоль Сідарэвіч, Мікола Буга, nn.by
00:51 23/02/2017
загружаются комментарии