12 Июля 1843 - Умер исследователь истории ВКЛ Игнат Данилович.

Ігнат Мікалаевіч Даніловіч (30 ліпеня (10 жніўня) 1787, в. Грынявічы Вялікія Бельскага павета, цяпер Падляшскае ваяводства, Польшча — 30 чэрвеня (12 ліпеня) 1843, Грэфенберг, Чэхія) — гісторык права і археограф.

Адзін з першых даследчыкаў летапісных і заканадаўчых помнікаў ВКЛ. Прафесар (1822 г.). З сям’і беларускага уніяцкага святара. Скончыў Віленскі ўніверсітэт (1812 г.), дзе ў 1814 — 1824 гг. выкладаў права. Пасля раскрыцця таварыства філаматаў звольнены з працы, пакінуў Вільню, бо яму забаронена жыць на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў. 

У 1825 — 1829 гг. прафесар Харкаўскага ўніверсітэта, у 1830 — 1835 гг. працаваў Санкт-Пецярбургу ў камісіі М.М.Спяранскага па падрыхтоўцы збору мясцовых законаў для заходніх губерняў. У 1835 — 1842 гг. выкладаў права ў Кіеўскім Імператарскім універсітэце св. Уладзіміра і Маскоўскім універсітэтах. Як вучоны і грамадзянін сфарміраваўся ў часы вучобы і працы ў Віленскім універсітэце ў вольналюбівым патрыятычным асяроддзі, у якім панавала глыбокая павага і цікавасць да мінуўшчыны края. Займаўся зборам, вывучэннем і публікацыяй пісьмовых крыніц па гісторыі беларуска-літоўскіх губерняў. Упершыню апісаў усе рукапісныя і друкаваныя экзэмпляры Статута ВКЛ, падрыхтаваў першае навуковае выданне Статута ВКЛ 1529 (у 1841 г. апублікаваны А.Т.Дзялынскім у «Зборы літоўскіх законаў ад 1389 да 1529»).

У працы «Гістарычны агляд літоўскага заканадаўства» (1837 г.) даў характарыстыку гістарычнага развіцця права ў беларуска-літоўскіх губернях, першы спрабаваў высветліць яго крыніцы і сувязь са старажытнарускім і заходнееўрапейскім заканадаўствам, сцвярджаў самабытны права ВКЛ. Упершыню апублікаваў беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. паводле рукапісу 1519 г., які ў 1822 г. разам з М.К.Баброўскім выявіў у бібліятэцы Супрасльскага манастыра; перавыдадзены асобна пад назвай «Летапісец Літвы і руская хроніка» (1827 г.), Працы Даніловіча «Пра літоўскія летапісы» (1840 г.) і «Паведамленне пра сапраўдных літоўскіх летапісцаў» (1841 г.) далі пачатак навуковым даследаванням беларуска-літоўскага летапісання. 

Сваімі публікацыямі канчаткова развеяў сумненні асобных вучоных пра існаванне ў ВКЛ летапісання і даказаў, што беларусы і літоўцы ўжо ў XV ст. мелі сваіх гісторыкаў. Разам з М.А.Абаленскім падрыхтаваў і выдаў «Кнігу пасольскую метрыкі Вялікага княства Літоўскага» (Т. 1, 1843 г.). У «Скарбніцы грамат» (Т. 1 — 2, 1860 — 1862 гг., выдадзены Я.Тышкевічам у Вільні) апісаў, пераказаў змест і часткова апублікаваў каля 2500 розных пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы ад выпісак з Герадота да актаў 1569 г. Марыў пра адраджэнне літоўска-беларускай дзяржавы і мовы Статутаў ВКЛ.

загружаются комментарии