14 Июня 1867 - Родился белорусский историк, один из основателей отечественной историографии Митрофан Довнар-Запольский.

Мітрафа́н Ві́ктаравіч До́ўнар-Запо́льскі (14 чэрвеня 1867, места Рэчыца — 30 верасьня 1934, Масква) — беларускі гісторык, этнограф, фальклярыст і літаратуразнавец, адзін з заснавальнікаў нацыянальнай гістарыяграфіі. Доктар гістарычных навук (1905), прафэсар (1902). Правадзейны чалец Інбелкульту.

У 1894 скончыў Кіеўскі ўнівэрсытэт. Служыў у Маскоўскім архіве Міністэрства юстыцыі. Працаваў у Маскоўскім і Кіеўскім унівэрсытэтах. Супрацоўнічаў у газэтах «Белорусское слово», «Белорусское эхо», «Вольная Беларусь», быў чальцом камісіі БНР па арганізацыі Беларускага ўнівэрсытэту. Выкладаў у ВНУ Харкава і Баку. 3 1 кастрычніка 1925 і да 1 верасьня 1926 працаваў загаднікам катэдры гісторыі Беларусі ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. 3 восені 1926 у Маскве.

Не пазьбег завуаляванай формы рэпрэсіяў: выбраньне акадэміка АН СССР было заблякаванае, рукапіс кнігі «Гісторыя Беларусі» асуджаны як ідэйна-заганны, было паскоранае выйсьце на пэнсію. Перад сьмерцю працаваў у Навукова-дасьледчым інстытуце пушніна-футравай гаспадаркі Наркамату зьнешняга гандлю СССР.

Напісаў грунтоўныя працы па гісторыі Беларусі: «Беларускае мінулае» (1888), «Нарысы па гісторыі Беларусі (ад пачатку сьмерці Уладзімера Манамаха)», навукова-публіцыстычны нарыс «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі». У 1926 завяршыў абагульненую працу «Гісторыя Беларусі», выдадзеную толькі ў 1994. 

На працягу 1880 — 1890 зрабіў вялікі ўнёсак у разьвіцьцё беларускай этнаграфічна-фальклярыстычнай навукі: зьбіраў і выдаваў фальклёр, вывучаў і апісваў сямейны побыт, сямейнае звычаёвае права, вясельныя абрады, распрацоўваў праграмы этнаграфічнага вывучэньня Беларусі. Аўтар манаграфічных дасьледаваньняў «В. М. Цяпінекі, перакладнік Эвангельля на беларускую мову». Выдаў Баркулабаўскі летапіс. Пісаў пра старажытныя беларускія архівы па-за межамі Беларусі.
загружаются комментарии