Новая кніга-альбом Ігара Мельнікава “Мяжа была пад Мінскам 1921-1941 гг.”

3 кастрычніка 2017 года ў 19-00 у Галерэі TUT.BY адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага выдання, прысвечанага гісторыі міжваеннай савецка-польскай мяжы ў Беларусі. Наклад кнігі – усяго 100 асобнікаў.
Новая кніга-альбом Ігара Мельнікава “Мяжа была пад Мінскам 1921-1941 гг.”
istpravda.ru/bel
У сакавіку 1921 года ў Рызе беларускія землі былі падзеленыя паміж Польшчай і савецкай Расіяй. У мірных перамовах паміж гэтымі дзяржавамі беларуская дэлегацыя не ўдзельнічала. Голас беларусаў не жадалі пачуць ні ў Варшаве, ні ў Маскве. Наступныя амаль дваццаць гадоў нашая краіна і народ вымушаныя былі жыць на мяжы дзвюх, зусім розных, цывілізацый. На Захад ад Мінска існавала прыватная ўласнасць, людзі хадзілі ў цэрквы і касцёлы, а ў крамах можна было набываць рэчы сусветнавядомых і тады, і зараз брэндаў. Разам з тым, у Заходняй Беларусі, якая з 1921 па 1939 год была ў складзе Другой Рэчы Паспалітай, польскія ўлады праводзілі палітыку, накіраваную на мага хутчэйшую інтэграцыю гэтага не польскага рэгіёна ў склад адроджанай дзяржавы. На жаль, яна суправаджалася, у тым ліку, паланізацыяй і барацьбой супраць вальнадумства. У сваю чаргу, на Усходзе Беларусі была створаная савецкая рэспубліка, дзе першапачаткова праводзілася палітыка беларусізацыі, якая дала веру шматлікім беларусам у тое, што менавіта Мінск (тады яшчэ Менск) з’яўляецца сапраўдным цэнтрам аб’яднання беларускай нацыі. Праўда, у 1930-я гады палітыка беларусізацыі была згорнутая, а беларускія нацыянальня кадры сталі ахвярамі сталінскіх чыстак. Пакуль дзве сістэмы — бальшавіцкая і польская — супрацьстаялі адна адной, звычайным жыхарам БССР і Заходняй Беларусі даводзілася жыць ва ўмовах падзеленай краіны. А дзяржаўная мяжа паміж Польшчай і СССР праходзіла ўсяго за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Мінска. 

Новая кніга беларускага гісторыка Ігара Мельнікава змяшчае сотні малавядомых і раней нідзе не публікаваных фотаздымкаў і іншых графічных матэрыялаў. Большасць з іх паходзяць з прыватнага архіва аўтара. Акрамя гэтага, асаблівую цікавасць уяўляюць фотаздымкі былой савецка-польскай мяжы, атрыманыя аўтарам з Нацыянальнага архіва Нідэрландаў у Гаазе (здымкі галандскага фатографа Віллема ван дэ Пола), фота былой савецка-польскай мяжы з польскага Музея гісторыі фатаграфіі імя Валера Жэвуцкага ў Кракаве, здымкі з беларускага Музея абароны Берасцейскай крэпасці і прыватнага архіва спадара Пэтара Кёнэке. Некаторыя фота, змешчаныя ў гэтым выданні, узятыя з адкрытых крыніц. Такім чынам, атрымалася багата ілюстраваная энцыклапедыя гісторыі функцыянавання «рыжскага кардона» ля Мінска ў раёне Заслаўя. Чаму менавіта гэты ўчастак? Ён адзін з найбольш блізкіх па адлегласці да беларускай сталіцы. Аўтар выдання шчыра спадзяецца, што кніга «Мяжа была пад Мінскам 1921 — 1941 гг.» паспрыяе развіццю турыстычнай прывабнасці Заслаўшчыны ўвогуле і былога «рыжскага памежжа» ў прыватнасці. 

Падчас працы над кнігай Ігар Мельнікаў правёў шмат экспедыцый у розныя ўчасткі даваеннай мяжы. Дзякуючы гэтым выездам былі вывучаныя месцы, дзе знаходзіліся савецкія памежныя заставы, стражніцы польскага Корпуса аховы памежжа, агнявыя кропкі Мінскага ўмацаванага раёна. Зробленыя падчас экспедыцый здымкі і назапашаны факталагічны матэрыял таксама ўвайшлі ў гэты альбом. 

Кніга складаецца з чатырох главаў. У першай дэталёва расказваецца пра гісторыю функцыянавання польскай памежнай аховы на мяжы з БССР у раёне Мінск-Заслаўе. Акрамя гісторыі памежных пунктаў і стражніц чытачы кнігі даведаюцца шмат цікавага пра тое, чым быў польскі Корпус аховы памежжа (КАП), хто ў ім служыў, як выглядаў звычайны дзень польскага памежніка на мяжы з «краінай Саветаў». Вялікая ўвага нададзеная гісторыі барацьбы з кантрабандыстамі, а таксама працы польскай памежнай выведкі. У другой главе публікуюцца цікавыя і малавядомыя факты з гісторыі функцыянавання савецкай памежнай аховы, якая дваццаць год несла службу на «мяжы цывілізацый». І тут чытача чакае шмат новых матэрыялаў. Асаблівую цікавасць уяўляюць малавядомыя факты з гісторыі Мінскага ўмацаванага раёна Чырвонай Арміі, які ўзводзіўся ў пачатку 1930-х гадоў у непасрэднай блізкасці да лініі мяжы на выпадак вайны з Другой Рэччу Паспалітай. Трэцяя глава прысвечаная далучэнню Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года і ўдзелу ў гэтым працэсе савецкіх памежнікаў. Як вядома, пасля ўз’яднання дзвюх частак Беларусі былая савецка-польская мяжа праіснавала да чэрвеня 1941 года ў якасці «Зоны загароды». Нарэшце, чацвёртая глава кнігі прысвечаная падзеям чэрвеня 1941 года, а менавіта абароне, якую спрабавалі арганізаваць савецкія памежнікі, чырвонаармецы і байцы Мінскага ўмацаванага раёна на лініі даваеннай мяжы. На старонках кнігі чытачы ўбачаць шматлікія фотаздымкі, зробленыя нямецкімі жаўнерамі на месцах баёў ля ДАКаў пад Мінскам. Дарэчы, вялікая ўвага ў кнізе таксама нададзеная апісанню трагедыі горада на Свіслачы ў чэрвені 1941 года. 

Шчыра спадзяюся, што гэтая кніга дапаможа сучасным беларусам зразумець феномен даваеннай савецка-польскай мяжы і стане выдатным і каштоўным падарункам для ўсіх аматараў вайсковай гісторыі Беларусі. Наклад кнігі-альбома – 100 асобнікаў.

Прэзентацыя кнігі “Мяжа была пад Мінскам 1921-1941 гг.” адбудзецца 3 кастрычніка 2017 года ў 19-00 у Галерэі TUT.BY (г. Мінск, пр-т Дзяржынскага, 57). Уваход вольны.
"Гістарычная праўда"
17:13 05/09/2017
загружаются комментарии