“Ва-банк 3” ці гісторыя польскай следчай турмы ў Берасці

У сценах гэтага будынка можна было б здымаць не толькі працяг культавай польскай дэтэктыўнай камедыі, але і захапляльны трылер. У гэтым артыкуле пойдзе гутарка пра адзін з найцікавейшых архітэктурных артэфактаў горада на Бугу, пра які, на жаль, мала хто ведае ў Беларусі і за яе межамі.
“Ва-банк 3” ці гісторыя польскай следчай турмы ў Берасці
istpravda.ru/bel
Праект з Францыі

Памятаеце пачатак фільма “Ва-банк”, калі герой Яна Махульскага, знакаміты мядзведнік Хенрык Квінта ідзе па калідорах польскай турмы. Потым “турэмная тэма” з’яўляецца і ў другой часцы фільма, калі начальнік турмы Твардзіевіч ганарыцца будынкам, якім кіруе. Усе гэтыя сцэны можна было здымаць у аўтэнтычным будынку следчай турмы, пабудаванай у 1930-я гады польскімі ўладамі ў Берасці-на-Бугу. 



Польская даваенная турма ў Берасці



Кадр з фільма "Ва-банк"





Савецкая карыкатура канца 1930-х гадоў







Супрацоўнікі турэмнай службы Другой Рэчы Паспалітай, 1930-я гады



У 1930-я гады ў міжваеннай Другой Рэчы Паспалітай узводзілася шмат будынкаў рознага прызначэння. Акрамя іншага будаваліся новыя турмы і следчыя ізалятары. У канцы 1930-х такі будынак з’явіўся і ў Берасці-на-Бугу на вуліцы Зыгмунтоўскай. 



Уваход у былую турму









Супрацоўнікі польскай турэмнай службы, 1930-я гады



Праект берасцейскага следчага ізалятара № 23 распрацавалі французскія архітэктары. Будаўніцтва працягвалася два гады з весны 1937 па красавік 1939 года. Будынак быў пяціпавярховым. Унутры знаходзілася 130 агульных і 39 адзіночных камер, а таксама растрэльны пакой і карцары. Акрамя гэтага ў новай польскай турме быў шпіталь на 25 ложкаў, баня, адміністратыўныя памяшканні, сталоўка і месца для прыёму перадач з волі. Ізалятар меў змантаваную па ўсім будынку сістэму сігналізацыі.





Турма знаходзілася амаль ў цэнтры горада на Бугу, побач з чыгуначным вакзалам. Сёння цяжка сказаць, колькі супрацоўнікаў польскай турэмнай службы ахоўвала і працавала на гэтым, дастаткова вялікім, аб’екце. Наглядчыкі тут маглі назіраць за ўсімі паверхамі адразу. У кожнай дзверы, як гэта робіцца ў турмах, было вочка. 



Аднак ежу падавалі не праз адтуліну ў дзверы, а адчыніўшы яе цалкам. У камеры былі нары, якія прычапляліся да сцяны. У светлы час сутак “шконка” падымалася і прычаплялася да сцяны. Як адзначае берасцейскі даследчык Іван Чайчыц, вязні ізалятара № 23 на працягу дня працавалі ў швейным, сталярным, такарным і іншых “цэхах”. 

Новыя гаспадары з Усходу

17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла польска-савецкую мяжу і пачала хутка працоўвацца ўглыб тэрыторыі Заходняй Беларусі. Сёння цяжка сказаць, ці супрацоўнікі ізалятара № 23 пакінулі месца працы арганізавана, ці яны проста збеглі. Хутчэй за ўсё, сітуацыя ў берасцейскай турме нагадвала тую, што адбылася ў Ізаляцыйным лагеры ў Бярозе-Картузкай, дзе супрацоўнікі турэмнай службы ў пэўны момант проста зніклі.



Супрацоўнікі польскай Дзяржаўнай паліцыі, затрыманыя чырвонаармейцамі, верасень 1939 года

Гэтыя людзі разумелі, што сустрэча з чырвонаармейцамі ім не абяцала нічога добрага. Да таго ж, учоршнія вязні, пасля вызвалення ішлі помсціць сваім ахоўнікам. Гісторыя Савы Дранюка з-пад Кобрына, які сядзеў за забойства ў Лагеры ў Бярозе таму лепшы прыклад. 





Камеры ў былой берасцейскай турме № 23





Аднак турма на Зыгмунтоўскай доўга не пуставала. Яе камеры хутка запоўнілі прадстаўнікі так званага “польскага кантынгента”: былыя афіцэры Войска Польскага, супрацоўнікі Дзяржаўнай паліцыі, асаднікі, леснікі, служачыя польскага дзяржапарата, звычайныя бежанцы з этнічна польскіх тэрыторый, якія беглі ад вайны на Усход і апынуліся на занятай савецкімі войскамі тэрыторыі. У камерах узгаданай турмы тады знаходзіліся і шматлікія жыхары Берасця-на-Бугу, якіх савецкая ўлада палічыла “ворагамі народа”. 









Выключальнік фірмы "Сіменс"







15 чэрвеня 1940 года ў горадзе, які стаў памежным, адбыўся стыхійны мітынг габрэяў, якія эвакуіраваліся з заходняй Польшчы ў верасні 1939 года. Калі на тэрыторыі заходніх абласцей БССР пачалася пашпартызацыя і ўчорашнім падданым Другой Рэчы Паспалітай пачалі выдаваць шэрыя кніжачкі з сярпом і молатам, габрэі-бежанцы выступілі супраць атрымання савецкага грамадзянства і пачалі патрабаваць вярнуць іх на тэрыторыю Генерал-Губернатарства (часткі Польшчы, акупаванай нацыстамі – І.М.). У руках некаторых з маніфестантаў былі плакаты з надпісам “Вярніце нас на Радзіму”. 



"Шконка"

Парадокс: як моцна трэба было “напужаць” польскіх грамадзян бальшавіцкімі парадкамі, каб яны імкнуліся, як мага хутчэй пераехаць туды, дзе панаваў халакост. 



Зразумела, што ніякіх антысавецкіх мітынгаў у СССР быць не магло. Міліцыя і супрацоўнікі НКУС арыштавалі значную частку бежанцаў. Пазней гэтыя людзі атрымалі ад 5 да 8 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Падчас следства гэтыя людзі знаходзіліся якраз у былой польскай турме на вуліцы Зыгмунтоўскай. Сярод вязьняў ізалятара быў і будучы першы беларускі кардынал Рыма-каталіцкай царквы Казімір Свёнтак. Дарэчы, тады ж у адной з камер узгаданай пенітэнцыярнай установы аказаўся і Павал Нічыпарук, беларус, успаміны якога “Адысея палешука” аўтар артыкулу апублікаваў у мінулым годзе. 



Паводле дадзеных НКУС увесну 1941 года, у гэтай турме замест дазволенай колькасці у 2 680 арыштантаў знаходзілася 3 807 чалавек. Падчас апошняй хвалі дэпартацый, якая адбывалася ў ноч з 19 на 20 чэрвеня 1941 года ў рукі НКУС трапіла вялікая колькасць былых польскіх грамадзян, частку з якіх накіравалі ў былы польскі ізалятар № 23. 

Падчас нацысцкай акупацыі

22 чэрвеня 1941 года часткі вермахта занялі Берасце. Камендант турмы спрабаваў арганізаваць абарону будынку. У яго наяўнасці было 17 вінтовак, адзін кулямёт “Максім” і некалькі рэвальвераў. Аднак, зразумеўшы, што перавага на баку немцаў нкусаўцы пачалі разбягацца па горадзе. “Немцы ўвайшлі ў Берасце раніцай. Вязні не разумелі, што адбываецца. Праз вокны людзі пачалі глядзець на вуліцу. А там перад будынкам ляжаць растраляныя наглядчыкі і ходзяць нямецкія жаўнеры. Вязні паспрабавалі самі вызваліцца. Спрабавалі выбіць дзверы камер. У якасці таранаў выкарыстоўвалі ложкі і нары”, - узгадваў адзін з вязняў турмы. 

Немцы вызвалілі частку зняволеных і з іх дапамогай пачалі паляванне на турэмную ахову. Тыя, хто трапляўся ім у рукі, быў растраляны на месцы. 



Крымінальнікі захоплівалі зброю і ажыццяўлялі напады на крамы і склады. 

Падчас нацысцкай акупацыі Берасця турма № 23 перайшла ў падчыненне СД. Яшчэ летам 1941 года на яе тэрыторыі пачалі знішчаць габрэяў. У лютым 1943 года ў гэтым будынку сядзелі шматлікія члены польскіх падпольных партызанскіх груп. Летам таго ж года ў турме на былой Зыгмунтоўскай быў растраляны ксёнз-дэкан Ежы Урбановіч.




Вясной 1944 года гестапа трапіла на след штаба Палескай акругі Арміі Краёвай. Арыштаваных акаўцаў трымалі ў былой польскай турме № 23. Усе гэтыя людзі пазней былі растраляныя.  Зразумела, што вязьнямі турмы былі і члены савецкага падполля. 

Турма, фабрыка, музей

Пасля вызвалення горада на Бугу ад нацыстаў савецкія ўлады працягвалі выкарыстоўваць турэмны будынак па прамым прызначэнні. У гэты час вязнямі ізалятара сталі шматлікія дзеячы пасляваеннага супраціву, а таксама асобы, абвінавачаныя ў антысавецкай агітацыі. 



У эпоху так званай “хрушчоўскай адлігі” у 1956 годзе турму зачынілі, а на тэрыторыю некалі аднаго з самых зачыненых берасцейскіх будынкаў пераехала швейная фабрыка “Дынама”. 

Сёння адміністрацыя гэтай установы разглядае магчымасці музеефірацыі гістарычнага будынка і арганізацыі экскурсійнага абслугоўвання.

Аўтар выказвае шчырую падзяку Івану Чайчыцу за прадастаўленыя матэрыялы па тэме.



У дадзены момант аўтар артыкула збірае сродкі на выданне кнігі “Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны 1918, 1919-1920 гадах”, прысвечанай баявым дзеянням жаўнераў Першага польскага корпуса ў 1918 г. і частак Войска Польскага ў 1919-1920 гг. супраць бальшавікоў на тэрыторыі Беларусі. Дадзенае выданне Ігар Мельнікаў прысвяціў 100-годдзю БНР і гораду Бабруйску. Кніга “Забыты корпус” - гэта больш за 200 старонак унікальных фактаў беларускай вайсковай гісторыі, а таксама больш за 300 архіўных і сучасных фотаздымкаў. Засталіся апошнія дні збора сродкаў на выданне кнігі на сайце Talaka.org. Гісторык Ігар Мельнікаў звяртаецца з просьбай да ўсіх аматараў беларускай гісторыі дапамагчы яму выдаць гэту ўнікальную кнігу. Падтрымаць праект можна тут.
Ігар Мельнікаў, “Гістарычная праўда”
21:18 09/04/2018
загружаются комментарии