Помнік у лесе

Недалёка ад Слоніма, у лесе знаходзіцца цікавы, і, на жаль, недагледжаны манумент, пастаўлены ў памяць жаўнераў польскага 78-га палка слуцкіх стралкоў, загінуўшчых падчас польска-бальшавіцкай вайны.
Помнік у лесе
istpravda.ru/bel
Гісторыя гэтай вайсковай часткі бярэ свій пачатак з 1919 года, калі на тэрыторыі Беларусі польскія вайсковыя ўлады сфарміравалі дзве літоўска-беларускія дывізіі. Менавіта ў складзе другой з іх знаходзіўся і Слуцкі полк пяхоты. 

У траўні 1920 года гэтая вайсковая адзінка несла службу на дэмаркацыйнай лініі паміж Польшчай і Літвой, аднак адзін з батальёнаў палка дыслакаваўся ў раёне паміж Баранавічамі і Слонімам. Менавіта ён, у ліпені 1920 года, у раёне вёскі Бярозаўка ўступіў у няроўны бой з часткамі Чырвонай Арміі, якія распачалі генеральны наступ на Захад. У той сутычцы загінула больш за 20 жаўнераў Слуцкага пяхотнага палка Войска Польскага.



Перад помнікам пахаванні польскіх жаўнераў

Пасля заканчэння вайны з бальшавікамі полк атрымаў нумар 78 і знаходзіўся ў Баранавічах у складзе 20-й пяхотнай дывізіі Войска Польскага. Варта адзначыць, што паводле польскіх стратэгічных планаў у выпадку магчымай вайны з СССР дадзеная дывізія павінна была змагацца ў ДАКах Баранавіцкага ўмацаванага ўчастка. 

У міжваеннае дваццацігоддзе на месцы бою сваіх калег з чырвонаармейцамі ў 1920-м годзе жаўнеры 78-га пяхотнага палка паставілі помнік. На ім была выява палкавога знаку і надпіс “Загінуўшым 78 пяхотнага палка, 19 ліпеня 1920 года, ад калегаў”. Побач з помнікам знаходзіліся магілы польскіх жаўнераў. 



Сляды ад куль на помніку

У ліпені 1939 года 78-мы пяхотны полк слуцкіх стральцоў Войска Польскага быў перакінуты на паўночны-захад Польшчы, пад Млаву, дзе пачаў рыхтаваць палявыя і доўгатэрміновыя ўмацаванні на выпадак вайны з Германіяй. Варта адзначыць, што ў гэты час у складзе гэтай вайсковай адзінкі служыла вялікая колькасць беларусаў і ўраджэнцаў Заходняй Беларусі. 



У першыя дні Другой сусветнай вайны жаўнеры слуцкага палка разам з калегамі з 79-га і 80-га пяхотных палкоў, а таксама артылерыстаў з 20-га палка мужна супрацьстаялі пераўзыходзячым сілам немцаў пад Млавай. Нагадаю, паводле нямецкіх планаў, удар у гэтым накірунку павінен быў прывесці да імгненнага прарыву вермахта да Варшавы. Аднак “бліцкрыг” тут забуксаваў. У значнай ступені дзякуючы мужнасці і гераізму жаўнераў “беларускай” 20-й дывізіі Войска Польскага. 



Тут была выява палкавога знаку 78 пяхотнага палку Слуцкіх стральцоў Войска Польскага

17 верасня 1939 года Заходнюю Беларусь далучылі да БССР. Новыя ўлады жорстка ставіліся да сімвалаў “панскай улады”. Знішчаліся шыльды з польскімі арламі, што віселі на польскіх дзяржаўных установах, а бела-чырвоныя дзяржаўныя сцягі ішлі на парцянкі чырвонаармейцаў.



Цяжка прыйшлося і помнікам, пастаўленым у заходнебеларускім рэгіёне “за польскім часам”. Сёння дакладна ўжо не скажаш, ці нейкі чырвонаармеец збіў выяву палкавога знаку з помніку ў лесе пад Бярозаўкай, ці гэта мясцовыя “народныя міліцыянеры” разражалі трафейныя польскія “Маузеры” у бетонны маналіт. Па ўспамінах некаторых мясцовых жыхароў ужо ў 1960-я гады па помніку стралялі жаўнеры савецкага войска. Так, каб забіць час…Аднак, цалкам знішчыць манумент не атрымалася і ён захаваўся да нашых дзён. Сёння помнік, што стаіць у лесе пад Бярозаўкай, з’яўляецца маўклівым сведкай няпростай гісторыі Беларусі першай паловы ХХ ст. 
Ігар Мельнікаў, "Гістарычная праўда"
00:38 30/10/2017
загружаются комментарии